АБ ДЗЕЯЧАХ КУЛЬТУРЫ І МАСТАЦТВА

Зьявіліся паведамленьні аб адстаўцы дзеячоў культуры і мастацтва ў знак пратэсту і нязгоды з палітыкай антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі. Найбольш уразіла, што 50 дзеячоў тэатра імя Янкі Купалы падаюць заявы аб звальненьні.

Вобразна гэта можна ацаніць як намер творчага суіцыду, калі пратэстам зьяўляецца не змаганьне, не барацьба са злом, а самагубства.

Акупацыйнаму рэжыму, які 26 гадоў зьнішчае ўсё беларускае, застаецца толькі ручкі паціраць ад задавальненьня. Ня трэба ні звальняць, ні самому ліквідаваць тэатральнае асяроддзе "этих сьвядомых" -- "сами схлопнулись".

Тут ужо не да крытыкі. Мастакі, таленты, творчыя людзі -- гэта асаблівы адметны чалавечы фонд нацыі. Грамадзтва і дзяржава мусяць яго берагчы, ахоўваць, падтрымліваць, спрыяць.

Але нашу дзяржаву захапілі варвары, чужыя людзі, нішчыцелі беларускай культуры. Беларускі тэатар ім непатрэбны.

У гэтых умовах парадыгма паводзінаў мусіць быць іншай: не звальняцца трэба, не кідаць тэатар, а захаваць сябе ў тэатры, змагацца за яго, пратэставаць супраць варварства разам. Лагічнай формай пратэсту, акрамя дэманстрацыі палітычнай пазыцыі, магла б таксама быць творчасьць, новая пастаноўка, спэктакаль на тэму дачыненьняў культуры і дыктатуры, барацьбы з акупацыйнай русіфікатарскай палітыкай ды антычалавечай ідэалёгіяй.

Празаічна раіў бы творчым людзям не звальняцца з тэатру, альбо забраць назад свае заявы аб звальненьні, калі яны ўжо зроблены. І на вяршыні пратэстаў, захаваўшы сябе і творчы калектыў, уключыцца ў працэс адраджэньня Беларусі, беларускай праўды і беларускай культуры.

18 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК