АБ ПРАТЭСТАХ

(Ліст да сяброў Народнай Партыі КХП -- БНФ)

Наша партыя КХП -- БНФ і я ад сябе, ведаючы сітуацыю і інфармацыю пра падрыхтоўку разгрому беларускага грамадзтва з боку лукашысцкага і пуцінскага рэжымаў (якія канфліктуюць, але павязаныя), мы выступілі з папярэджаньнем грамадзтва, каб амартызаваць магчымы пагром і разумна яго абмінуць.

Але лукашысцкае гестапа і яго хунта так узлавалі народ, што людзі ў летніх шорціках і маячках, з голымі рукамі пайшлі з пратэстам супраць цяжка экіпіраванага і ўзброенага АМАПу, які нематывавана б'е, страляе, травіць газам, кідае гранаты і забівае мірных дэманстрантаў.

Лукашэнка пачаў вайну супраць беларусаў. Мы падтрымліваем наш народ. Адступаць няма куды, хіба толькі ў рабства і зьдзек. Коней на хаду не мяняюць. Таму з розумам -- толькі наперад! З розумам толькі да перамогі! І хай яны лепш спыняцца і не злуюць беларусаў. Яны яшчэ нас ня ведаюць. Калі прагучыць кліч "Пара!" -- ад іх не застанецца нічога.

Мусяць адбыцца новыя выбары бяз Лукашэнкі. Неабходна вярнуць законную Канстытуцыю 1994 года. Патрэбны парлямант, выбраны паводле законнай канстытуцыі.

І цяпер так: хто наш вораг?! Пуцін прызнаў фальшывыя выбары і выбраньне Лукашэнкі. А гэта значыць, што ён даў Лукашэнку карт-блянш на зьнішчэньне беларускай нацыі.

Нашымі ворагамі ёсьць Лукашэнка і лукашысцкі фашызм са сваім АМАПам, усёй камарыльляй і аховай. Нашымі ворагамі ёсьць Пуцін і руска-мірскі фашызм, якія дзейнічаюць разам з Лукашэнкам і арганізоўваюць правакацыі ў Беларусі.

Яднаймася ў нацыянальна-вызвольны рух пад сьцягам Вольнай Беларусі! Стварайма суполкі "Вольная Беларусь"! Наша мэта -- вольная Беларусь і свабода. Хай веецца над намі наш Бел-Чырвона-Белы Штандар. Хай не сьціхае наш кліч "Жыве Беларусь!"

Абаронім Айчыну! Абаронім сябе!

12 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК