ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ
Рэжым Лукашэнкі (дакладней -- Лукашэнка), дагаджаючы Маскве, зьнішчыў і вытаптаў беларускі палітычны клас. Апошняя ганебная прэзыдэнцкая выбарчая кампанія 2020 года выразна паказала ў якім бядотным стане знаходзіцца беларускае грамадзтва.
Трэба выпраўляць становішча, падыняць высока наш сьвяты нацыянальны Сьцяг, наш гэрб Пагоню, нашу Беларускую мову і нашу волю. Мусім супраціўляцца варварству, Маскве і змагацца з цемрай. Мусім адрадзіць Беларусь, узьняць ідэйна нашу нацыю, зьберагчы дзяржаву і наш народ.
Ніжэй друкуем мэмарандум аб стварэньні Беларускага Нацыянальнага Сакратарыята за мяжой Беларусі. За мяжой -- з прычыны антыбеларускай рэпрэсіўнай палітыкі аўтарытарнага рэжыму.
БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ САКРАТАРЫЯТ
(Мэмарандум)
Беларускі Нацыянальны Сакратарыят створаны дзеля абароны, разьвіцьця і прадстаўніцтва Беларускай нацыі, увасабленьнем якой зьяўляецца Рэспубліка Беларусь і беларусы ва ўсім сьвеце.
Беларускі Нацыянальны Сакратарыят (БНС) грунтуецца на прынцыпах свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі;
-- стаіць на пазыцыях ідэалёгіі Беларускага Адраджэньня;
-- прызнае цягласьць беларускай дзяржаўнасьці ад Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі і акту 25-га Сакавіка 1918 года, Рэспублікі Беларусь і акту дзяржаўнай незалежнасьці 25-га жніўня 1991 года;
-- кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь ад 15 Сакавіка 1994 года;
-- прызнае гістарычныя нацыянальныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі -- гэрб Пагоня, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гімн БНР;
-- карыстаецца ў дзяржаўным будаўніцтве Беларусі праграмай "Вольная Беларусь", абмеркаванай грамадзтвам у 2017 годзе.
Беларускі Нацыянальны Сакратарыят у сваім палітычным накірунку спрыяе стварэньню арганізацыі Беларускага Грамадзка-Палітычнага Руху "Вольная Беларусь", яго згуртаваньняў у Беларусі і па ўсім сьвеце, бярэ на сябе ролю каардынацыйнага цэнтра ў працэсе дзейнасьці.
Непасрэднай задачай БНС зьяўляецца аналіз, ацэнка палітычнай сітуацыі ў Беларусі, паведамленьні аб варыянтах і аптымальных рашэньнях падзей, прапановы па арганізацыі і разьвіцьці руху, падтрымка прынцыпаў праўнай дзяржавы і нацыянальна-дэмакратычнага разьвіцьця краіны, дзеяньні і захады па ліквідацыі антынароднага, антыдэмакратычнага, антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі.
Беларускі Нацыянальны Сакратарыят падтрымлівае ўсе арганізацыі, асобы і рухі, якія шануюць свабоду чалавека, суверэнітэт і незалежнасьць Беларусі, дзяржаўную Беларускую мову і адраджэньне беларускай нацыянальнай культуры.
Беларускі Нацыянальны Сакратарыят складаецца з сямі асобаў-заснавальнікаў, кожная зь якіх назірае за пэўнай часткай дзяржаўнага існаваньня Беларусі.
СКЛАД:
1. Аляксандар Адамковіч (г. Вільня) -- культура, гісторыя, навука, рэлігія.
2. Юры Беленькі (г. Міньнеапаліс, часова) -- эканоміка, фінансы.
3. Віталь Зайка (г. Нью-Ёрк) – палітыка і культура беларускай эміграцыі і замежжа
4. Анатоль Міхнавец (г. Варшава) -- нацыянальная памяць, грамадзка-палітычныя рухі.
5. Зянон Пазьняк, каардынатар (г. Нью-Ёрк) -- Нацыянальная палітыка, ідэалёгія, адукацыя.
6. Павел Усаў (г. Варшава) -- міжнародная палітыка, дзяржаўная адміністрацыя.
7. Юры Цехановіч (г. Нюрнбэрг ) -- Сельская гаспадарка, прырода.
Склад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту можа быць павялічаны альбо зьменены, зыходзячы з патрэбаў разьвіцьця.
9 жнівень 2020 г.
Вільня, Варшава, Нью-Ёрк, Мініапаліс, Нюрнбэрг