ПАМЯЦІ ЎЛАДЗІМЕРА ЗАБЛОЦКАГА
Памёр Дэпутат Незалежнасьці Уладзімер Мікалаевіч Заблоцкі. На 81 годзе жыцьця. Пасьля смяртэльнай чарнобыльскай хваробы. Адыходзяць паступова ў лепшы сьвет людзі, якія зьдзейсьнілі палітычны цуд у гісторыі шматпакутнай Беларусі. Зьдзейсьнілі ва ўмовах, калі тое здавалася немагчымым -- дамагліся Незалежнасьці Беларусі, вярнулі Беларускую мову, Нацыянальны Сьцяг і гэрб Пагоню на дзяржаўны пасад. 25 Жнівень 1991 года стаў вялікім днём Беларускай нацыі.
Фракцыя Беларускага Народнага Фронту ў гістарычным Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня фармавалася на хаду, на хуткім маршы, якім рухалася тады наша гісторыя. Прыходзілі новыя людзі і ўключаліся ў змаганьне за волю і незалежнасьць Беларусі, пераасэнсоўвалі падзеі і сваё жыцьцё, выкідалі партыйныя білеты КПСС, выходзілі з камуністычнай партыі і далучаліся да БНФ. Далучаліся тады, калі Савецкі Саюз быў у сіле, рэпрэсіўная машына працавала і ўлады перасьледвалі Народны Фронт.
Такім быў і Уладзімер Заблоцкі, чалавек эрудыраваны і актыўны са здаровым сэнсам у розуме і разважлівым характарам.
Я быў зацікаўлены ў нацыянальным станаўленьні ягонай асобы і стараўся стварыць умовы, каб яно йшло само сабой. Вясной 1991 года я адмыслова ўключыў яго ў нашу дэпутацкую дэлегацыю ў ЗША па запрашэньні беларускай палітычнай эміграцыі. Заблоцкі трапіў у беларускае асяроддзе, дзе ня тое што ня ўмелі гаварыць па расейску, але не разумелі расейскай мовы. Мы вярнуліся ў Менск праз месяц (пабываўшы яшчэ ў беларусаў Канады). Уладзімер Мікалаевіч ужо так добра гаварыў па-беларуску. Аднаго месяца хапіла, каб вярнуцца, калі сэрца ляжыць да Бацькаўшчыны. (Такі шлях да Беларусі тады прайшлі шмат якія моўна зрусіфікаваныя дэпутаты, нават не беларусы. У 1991-м яны ўжо ўсе гаварылі па беларуску, і ніхто іх да гэтага не намаўляў. Кожны разумеў -- там, дзе беларуская мова, там жыве Беларусь.)
Калі дэпутацкая Апазыцыя БНФ стварыла Ценявы кабінэт, на прэм'ера быў прапанаваны якраз Уладзімер Заблоцкі. Да прэзыдэнцкіх выбараў 1994 года мы стварылі моцны Ценявы урад, куды агулам уваходзіла каля 50 асоб, лепшых людзей, палітыкаў, навукоўцаў, інтэлектуалаў Беларусі.
У планах нашай выбарчай кампаніі кандыдатура Уладзімера Заблоцкага была адной з трох на пасаду прэм'ер-міністра Ураду краіны.
У той час палітычныя сілы былі няроўныя. У 1994 годзе адбыўся маскоўскі рэванш. Пачаўся разгром Беларусі. Панішчылі шмат беларускіх спраў і лепшых людзей, але перамогі не дамагліся. Жыве Беларусь і жыве наша вялікая нацыянальная ідэя незалежнай вольнай Беларусі, жыве наша мэта вольнай шчасьлівай Бацькаўшчыны. Яна на парозе.
Справа змаганьня за незалежную Беларусь, ў якім удзельнічаў Уладзімер Заблоцкі, перамагла. Беларуская Нацыя жыве і будзе жыць, нягледзячы на шаленства цемры і на яе вайну супраць беларусаў. Беларусь ёсьць. Сьветлае наперадзе.
Вечная памяць, Уладзімер Мікалаевіч. Слава Айчыне!
6 жнівень 2020 год Зянон Пазьняк