АБ ПРОСТЫХ РЭЧАХ

Зацікаўленыя людзі, што назіраюць выбарчую кампанію ў Сеціве, паддаюцца ўплыву прапаганды і выбарчай эйфарыі. Некаторым, магчыма, здаецца, што перакульваецца сьвет. Канец рэжыму.

І вось пачалося папярэдняе галасаваньне. Усё, як некалі, як заўсёды і як было, толькі горай. Эйфарысты, здаецца, яшчэ нічога не зразумелі.

А ведаць трэба простыя рэчы. Зрух у грамадзтве сапраўды адбыўся. Маса беларусаў адвярнуліся ад Лукашэнкі. Але зьмены пакуль што павярхоўныя, неглыбокія, каб кардынальна паўплываць на фальшывыя выбары. Толькі электаральнай актыўнасьці тут недастаткова.

Засталася некранутай і спраўна дзейнічае фальсіфікацыйная сістэма галасаваньня, кіруе Ярмошына, функцыянуе адміністрацыя, існуе ўладная вертыкаль і ўся сацыяльная структура грамадзтва, дзе больш за 50 адсоткаў насельніцтва краіны складаюць бюджэтнікі (гэта зн. залежныя ад ўлады) і 86 адсоткаў эканамічнай вытворчасьці належыць дзяржаве (гэта зн. працаўнікі вытворчасьці пад лукашысцкай уладай). Такое становішча ўплывае на вынікі галасаваньня незалежна ад эмоцый.

Рэальна Лукашэнка мае ня тры адсоткі, а ў дзесяць разоў больш (афіцыёз тут мала хлусіць -- 25-35%). Пасьля яго йдуць Ціханоўская і ўсе астатнія. Фальсіфікацыйная машына з такой загрузкай стандартна спраўляецца ў карысьць Лукашэнкі.

У Маскве, не сумняваюся, тое разумеюць. Шалёную агітацыю штабістаў і Ціханоўскай з адчайным (і абсурдным) заклікам усім ісьці галасаваць, усім на выбары, можна растлумачыць хіба што іншымі мэтамі, якія стаяць за гэтай агітацыяй і за гэтымі агітатарамі. Падазраю, што пэўныя сілы рыхтуюць пагром грамадзтва (як у 2010 годзе). Цяпер галоўная задача прадухіліць пагром.

6 жнівень 2020 г. Зянон Пазьняк