БЕРАЖЭМ БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСКІ НАРОД

Зварот

Паважаныя беларусы, паважаныя выбаршчыкі!

Безадказныя асобы заклікаюць вас ісьці галасаваць на фальшывыя выбары. Яны кажуць, што вашае галасаваньне забясьпечыць невыбраньне Лукашэнкі. Але гэта ілюзія і няпраўда.

Фальсіфікацыйная сістэма рэжыму засталася некранутай разам са спадарыняй Ярмошынай і ўсім ілжывым механізмам галасаваньня. Людзям недаступна пракантраляваць фалсіфікацыйную машыну. А гэта азначае, што пры любым раскладзе яна забясьпечвае як заўсёды "выбраньне" Лукашэнкі.

Гэта стане ўдарам па сьвядомасьці выбаршчыкаў, якім безадказна ўнушылі ілюзіі перамогі на фальшывых выбарах.

Існуючы рэжым у Беларусі і пуцінская Масква падрыхтаваліся да разгрому беларускага грамадзтва. Повадам для рэпрэсій павінны стаць пратэсты беларусаў пасьля аб'яўленьня фальшывых вынікаў галасаваньня. Рэжым падрыхтаваўся да вайны з народам, у якой зьбіраецца задзейнічаць ахоўныя сілы і войска.

У такой сітуацыі трэба пазьбегнуць сутыкненьня, правакацыяў і разгрому, каб захаваць народную моц. Пуцінская Масква штурхае рэжым на расправу з народам, бо яе мэта зьнішчыць беларускія нацыянальныя сілы і падвесіць рэжым Лукашэнкі, каб дыктаваць яму ўмовы аб здачы Беларусі пад маскоўскае кіраваньне.

Пратэст павінны мець асэнсаваны, адказны і мірны характар, пагрунтаваны на законнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 гогда, праве народа на свабоду і зьмену ўлады ў краіне, якая ёсьць народнай Айчынай. Трэба пазьбегнуць агрэсіі рэжыму, зьберагчы сябе і нашу будучыню. Гэты рэжым ужо ня мае пэрспэктывы і не падымецца. А перад беларусамі адчыняецца магчымасьць магутнага салідарнага народнага руху, які захавае незалежнасьць і прынясе свабоду.

5 жнівень 2020 г.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай

Партыі БНФ:

Зянон Пазьняк, Старшыня

Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў Старшыні ў Беларусі

Сяргей Папкоў, намесьнмк Старшыні

Уладзімер Раманцоў, намесьнік Старшыні