БЕЛАРУСКІ НАРОД ЯШЧЭ СКАЖА СВАЁ СЛОВА

Паважаныя дэпутаты, паважаныя госьці і запрошаныя.

Паважаныя спадарыні і спадары.

Вітаю вас у слаўным горадзе Менску на нашай дэпутатскай асамблеі, пасьвечанай пытаньням нацыянальнага існаваньня.

Усе праблемы беларускага грамадзтва – і культурныя, і сацыяльныя, і эканамічныя, і ўсе іншыя вынікаюць з пазыцыі кіруючай верхавіны ўлады, якая ў дачыненьні да народа і нацыі праводзіць тыповую акупацыйную палітыку. Гэтая ўлада ўспрымае народ не як вольнага творцу жыцьця ў дзяржаве, але як прадмет эксплуатацыі ў эканоміцы і аб’ект маніпуляцыі ў выбарах і палітыцы.

Народ, практычна, цалкам адлучаны ад уплыву на ўладу. У такіх умовах патрабаваць вырашэньня народных праблем ад антынароднай улады ёсьць марны занятак. Улада ня чуе і робіць насуперак. І тым ня менш народны ціск мусіць быць і асновы для гэтага ёсьць.

Вельмі небясьпечна тое, што ў Беларусі ўжо, практычна, вынішчана грамадзянская супольнасьць. Гэта абніжае магчымасьць супраціўленьня антынацыянальнай палітыцы і прыводзіць да дэградацыі грамадзтва. Па меры аслабленьня грамадзтва ціск рэжыму на народ павялічваецца і дасягае пачварных маштабаў. Ён не спыняецца. Пры адсутнасьці супраціўленьня ў пэрспэктыве такой сістэмы ўціску стаіць рабства і вынішчэньне людзей. У гісторыі і ў сучаснасьці мы маем такія прыклады.

Але мы бачым таксама іншыя прыклады, калі ва ўмовах бяспраўя і дыктатуры народ уздымаўся, зьмятаў антынародную ўладу і зьмяняў свой стан да лепшага. Прыклад Румыніі, Аргентыны, цяперашняй Венесуэлы сьведчаць аб такіх магчымасьцях.

Народ пазбаўлены правоў чужароднай уладай, заўсёды мае сваё канстытуцыйнае права на паўстаньне і зьвяржэньне рэжыму. Падкрэсьліваю, што гэтае права і дзеяньні народа законныя.

Разуменьне такой магчымасьці надае сэнс грамадзкім пратэстам і патрабаваньням да рэжыму, каб выконваў закон і паважаў правы людзей.

Найбольшай небясьпекай для нашага нацыянальнага існаваньня ёсьць пагроза беларускай незалежнасьці з боку пуцінскай Расеі. Вострую сітуацыю ад пачатку тут стварыў рэжым Лукашэнкі, які стаў правадніком маскоўскай вялікадзяржаўнай палітыкі. Але трэба не забывацца, што тэрытарыяльная і нацыянальна-культурная пагроза Беларусі з боку Масквы была ўвесь час (ужо амаль 500 гадоў) і будзе працягвацца пакуль існуе несвабодная Расея і яе імпэрская палітыка.

Расейская агрэсія супраць Украіны паказала (тым, хто не разумеў), што нельга няўважліва адносіцца да расейскіх агрэсіўных тэрытарыяльных пагроз. Расея жыве ў сваім спыненым сьвеце, у “рускім міры”. Міжнародныя правілы для яе ня маюць значэньня. Яна нацэлена на экстэнсіўнае разьвіцьцё і, як у сярэднявеччы, імкнецца разьвівацца за кошт захопу новых чужых тэрыторый. У той час калі ўвесь сьвет даўно перамяніўся. Краіны разьвіваюцца за кошт інтэнсіфікацыі ўнутраннага разьвіцьця.

Грубае, зьняважлівае для беларусаў выказваньне расейскага прэм’ера Мядзведзева ў Берасьці аб фальш-фантоме “саюзнай дзяржаве”, аб рэанімацыі гэтай авантуры, аб увядзеньні расейскіх грошай у Беларусі, агульнага суду ды мытніцы, нягледзячы на крытычную рыторыку калгаснага рэжыму ў адказ, мае ўжо адмоўныя вынікі, што пагражаюць суверэнітэту нашай краіны. Створана рэжымна-маскоўская група, якая таемна працуе ў Маскве, і выпрацоўвае новую мэтодыку так званай “інтэграцыі”. Чытай – акупацыі Беларусі.

Пагроза для незалежнасьці Рэспублікі Беларусь рэальная і небясьпечная для беларусаў. Пачынаючы з 2014 года, ад часу нападу маскоўцаў на Украіну, я пастаянна заклікаю беларусаў рыхтавацца да абароны краіны. Агрэсія Масквы ў любой форме не павінна засьпець беларусаў зьнянацку. Ня трэба слухаць, што маскоўцы кажуць, але глядзем, што яны задумалі.

Нягледзячы на нязгодную, зьбіўчывую рыторыку, рэжым у асобе яго начальніка ня будзе абараняць Беларусь. Сваю нянавісьць да незалежнасьці Беларусі ён выказаў у першы ж год свайго кіраваньня. Ягоныя блытаныя пасажы супраць агрэсіўных планаў Масквы абумоўленыя страхам страціць сваю незаконную ўладу, але ня клопатам пра суверэнітэт, які ён ужо часткова прадаў.

Маючы на ўвазе канстытуцыйнае права народа да зьвяржэньня рэжыму, неабходна патрабаваць ад яго дзеля бясьпекі краіны вярнуць поўнавартасную мяжу Беларусі з Расеяй на ўсходзе краіны і ўвесьці памежны кантроль.

Другое, што трэба патрабаваць ад рэжыму, гэта спыніць усе дзеяньні паводле незаконнай дамовы аб стварэньні так званай “саюзнай дзяржавы” Расеі і Беларусі. Незаконная дамова аб “саюзнай дзяржаве” (якая не прызнаная сьветам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі) мусіць быць скасаваная тым, хто яе падпісаў, ня маючы на тое права і поўнамоцтваў. Беларусь павінна выйсьці з АДКБ і праводзіць нэўтральную палітыку згодна з палажэньнем Канстытуцыі.

Ня трэба думаць і казаць, што калі рэжым прамаскоўскі, то нічога патрабаваць ня трэба, бо яго палітыка антынародная. Гэта так, палітыка антынародная. Але казаць трэба, каб ведаў, за што панясе адказнасьць, бо ў рэшце рэшт народ мацнейшы, права яго натуральнае і законнае.

Цяпер перад пагрозай акупацыі з усходу, калі грамадзтва расцярушанае антынароднай палітыкай, зьнясіленае беззаконьнем, паборамі і непамернымі штрафамі за ўсе справы жыцьця, беспрацоўем і зьдзекамі над асобай з боку касты чыноўнікаў, міліцыі, КГБ і іншых абдзіралаў людзей, цяпер – вельмі патрэбна, каб адраджалася грамадзянская супольнасьць, мацнела народная салідарнасьць і адзінства грамадзтва.

Лічу добрай ініцыятывай збор нашай дэпутацкай прысутнасьці, людзей, якія чуюць адказнасьць за лёс Бацькаўшчыны. Прапаную зрабіць нашу дэпутацкую асамблею пастаянным сходам і з ініцыятывы Аргкамітэта зьбірацца рэгулярна па меры неабходнасьці дзеля асэнсаваньня праблемаў і спраў нашага грамадзтва, дзяржавы, Айчыны і краіны.

Наступнай ініцыятывай павінна стаць скліканьне народнага сходу. Настае час, калі свой лёс можа вырашыць толькі сам народ і дзеля гэтага яму неабходна арганізаваць сваю сілу. Вайна, якая пагражае нам з усходу, у цяперашніх абставінах (калі камандны склад арміі захоплены маскоўцымі) можа стаць для нас, беларусаў, толькі народнай вайной (гэта значыць партызанскай). І тады, тут, у Беларусі адвечны вораг нашага жыцьця і свабоды знойдзе вечную сваю магілу.

Жыве Беларусь!

Слава Айчыне!

9.02.2019 Зянон Пазьняк