НАРОДНЫ РУХ “ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ”
Становішча, у якім апынуўся працоўны Беларускі народ пасьля 22-х з паловай гадоў хамскай прамаскоўскай улады Лукашэнкі, прыніжальнае для беларускай народнай годнасьці.
У краіне штучна спынена эканамічнае і гуманітарнае разьвіцьцё беларускай нацыі. Адсталая дзяржаўна-эканамічная сістэма і кантроль шкоднікаў ад улады спарадзілі хранічны недахоп працы, а людзей, якія ня маюць працы, антынародны рэжым абклаў падаткамі за беспрацоўе. Гэта зьдзек над народам, нахабнае рабаўніцтва людзей.
Лукашэнка і яго асяроддзе ўзурпавалі ўладу і 22 з паловай гады існуюць пры падтрымцы Масквы, прадаючы беларускія нацыянальныя інтарэсы, душачы ўсё жывое і беларускае ў краіне. Ва ўгоду Маскве зачыненыя беларускія школы, нацыянальнае радыё і тэлебачаньне, разбурана сістэма беларускай нацыянальнай адукацыі. Наша прыгожая Беларусь ператворана ў краіну, дзе цяжка жыць працоўнаму чалавеку, дзе асоба несвабодная, растаптаныя правы і ідэалы, і моладзь уцякае адсюль за мяжу. Над усім – усясільле, беспакаранасьць чыноўнікаў, міліцыі, КГБ, несправядлівых судоў, якія не паважаюць народ і адносяцца да яго як да акупаванага насельніцтва.
Так не павінна быць. Трэба змагацца за сьветлую, вольную Беларусь, за вольную краіну, якой павінна быць Беларусь дзеля дабра і шчасьця людзей.
Наш Народны беларускі рух – гэта “Вольная Беларусь”. Стварайма «Вольную Беларусь». Стварайма групы падтрымкі руху.
Першачарговыя задачы народнага Руху “Вольная Беларусь”:
— Адмена Дэкрэту № 3;
— Адстаўка кіраўніка выканаўчай улады Аляксандра Лукашэнкі;
— Адстаўка старшыні Ураду Кабякова;
— Адстаўка старшыні ЦВК Ярмошынай;
— Ліквідацыя інстытута ідэолагаў у арганізацыях, ва ўстановах і на прадпрыемствах;
– Адмена нявольніцкай і несправядлівай кантрактнай сістэмы;
– Правядзеньне рэформы пэнсійнай сістэмы ў інтарэсах людзей, каб працоўны чалавек мог прыстойна жыць за сваю запрацаваную пэнсію;
— Стварэньне новай Цэнтральнай Выбарчай Камісіі па выбарах і рэфэрэндумах;
— Вяртаньне Канстытуцыі 1994 года і правядзеньне выбараў у парлямант, паводле патрабаваньняў гэтай Канстытуцыі;
— Вяртаньне Беларускага дзяржаўнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу і дзяржаўнага гэрбу Пагоня;
— Правядзеньне эканамічнай рэформы дзеля забесьпячэньня магчымасьцяў лепшага жыцьця і працы людзям ды дзеля няўхільнага разьвіцьця грамадзтва;
— Вяртаньне беларускага радыё і нацыянальнага тэлебачаньня;
— Вяртаньне беларускай нацыянальнай школы і беларускай сістэмы адукацыі;
— Стварэньне ўмоваў для вяртаньня беларусаў з-за мяжы, што выехалі зь Беларусі за часы антынароднага рэжыму.
* * *
— Пытаньні замежнай палітыкі будзе вырашаць абраны народам Парлямант і законны Урад.
Адзначым, што першачарговай задачай для вольнай Беларускай дзяржавы
будзе дыверсіфікацыя (гэта значыць пастаўка энэргарэсурсаў з розных месцаў)
і забесьпячэньне міру (гэта значыць добрае ўладкаваньне дзяржаўнай мяжы, няўдзел у вайсковых саюзах і добрыя дачыненьні з суседзямі).
Ва ўнутранай эканамічнай палітыцы ў сувязі з гэтым важнай задачай (цалкам вырашальнай) стане стварэньне энэргетычнай сістэмы 21 стагоддзя (гэта значыць перш за ўсё аўтаномнай, на прыродных ўзнаўляльных рэсурсах).
12 сакавіка 2017 г. Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. (“Народная Партыя”)
Старшыня КХП – БНФ Зянон Пазьняк
В.а. Старшыні КХП – БНФ у Беларусі Юры Беленькі
Намесьнік Старшыні КХП – БНФ Сяргей Папкоў