БУДАЎНІЦТВА АСТРАВЕЦКАЙ АЭС МУСІЦЬ БЫЦЬ СПЫНЕНА!

У сувязі з сур'ёзнымі непаладкамі, якія адбываюцца на будаўніцтве Астравецкай атамнай электрастанцыі, вывучыўшы неабходныя матэрыялы, Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ адзначае, што ў Астраўцы амаль дакладна паўтараюцца заганныя мэтады працы, адыход ад тэхналёгіі, грубыя памылкі і некампетэнтнасьць, як і пры пабудове Чарнобыльскай АЭС. Як вядома, у 1986 годзе гэта прывяло да страшнай катастрофы, расьцягнутай на вякі для Беларусі і ўсёй Эўропы, выклікала сьмерць тысячаў людзей.

Беларускаму народу за маскоўскія крэдыты рыхтуюць другі Чарнобыль, вынікі якога могуць стаць сьмяртэльнымі для беларускай нацыі, катастрафічнымі для Летувы і Польшчы, пагрозай для краін Скандынавіі і цэлай Эўропы.

Мы пацьвярджаем свае ранейшыя высновы і аргумэнты аб энэргетычнай непатрэбнасьці, эканамічнай і экалагічнай шкоднасьці будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, нагадваем пра яе знарочыстую пабудову ў геалагічнай зоне сейсьмічнай актыўнасьці, насуперак геалагічным прагнозам і эканамічным выкладкам аб стратнасьці гэтай АЭС, аб архаічнасьці і ненавуковасьці падыходу ў энэргетыцы. Гэта валюнтарысцкае будаўніцтва з падазронымі мэтамі, насуперак інтарэсам дзяржавы і беларускага народа.

Будаўніцтва АЭС у Астраўцы мусіць быць неадкладна спынена. Гэтым аб'ектам павінны заняцца міжнародныя камісіі па экалогіі, энэргетыцы і атамных тэхналогіях. Самае галоўнае -- мусіць быць створана Беларуская грамадзкая экспертная камісія з вучоных і спэцыялістаў, якія зробяць заключэньне аб спыненьні будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыт – БНФ

14 жніўня 2016 г, г. Менск