АЛЕКСІЕВІЧ: ЛАТЫШЫ, ЛЕТУВІСЫ, УКРАІНЦЫ “САМЫ ЗЬНІШЧЫЛІ ГАБРЭЯЎ ЯШЧЭ ДА ТАГО, ЯК ПАСЬПЕЛІ ПРЫЙСЬЦІ НЕМЦЫ”

Тое, што мы назіраем, сьведчыць, як і трэба было чакаць, што Алексіевіч нічога не ўсьвядоміла ў сваёй новай іпастасі і, я мяркую, ужо не зразумее ніколі. Шанц для яе страчаны. Авансы даверу былі дарэмныя (бо ілюзорныя).

Тое, што спадарыня ганебна нагаварыла нядаўна немцам, амэрыканцам і "бруклінцам" пра беларусаў, тое беларусы заўважылі. Але гэта ня ўсё. Я зьвярнуў увагу ў папярэдніх допісах толькі на беларускую тэму. Тым часам спадарыня з упэўненасьцю тэлевізійнай бабусі камэнтуе ўсё на сьвеце, нічога толкам ня ведаючы, ні ў чым сур'ёзна не разьбіраючыся. Прафанства гучыць безапэляцыйна.

Вось некалькі цытатаў гэтага тэндэнцыйнага прафанства, якое мяжуе з паклёпам.

"Я вам больше скажу. В той же, например, каратели, которые работали на территории Белоруссии, они были все из Украины. И больше того, не только в Литве, там, Латвии уничтожили, сами уничтожили евреев еще до того, как успели прийти немцы. Но это было и на Украине. И вы знаете, что делала Польша с евреями. (...) Есть разное время, и сегодня люди, живущие в Латвии, несут ли они ответственность за то, что делали их родители? В высшем смысле -- несут! В высшем смысле несут! Но я знаю, один из моих знакомых журналистов в Польше написал, что поляки делали с евреями. Поляки хуже всех относились к евреям. И в этом ксендзы прямо проповеди произносили: "Убей еврея!"

Тут ёсьць жоўтае і вялікае прафанскае "адкрыцьцё" Алексіевіч. А мы думалі, што гэта немцы габрэяў панішчылі ў газавых камэрах ды Аўшвіцах, ды расстрэльных ямах. Аж вось яно што.

Такое ўражаньне, што спадарыня ўвогуле не разумее, што яна кажа на публіку, не адчувае адказнасьці за словы. Яна цісьнецца ў палітычныя разважаньні нібы з клуба пэнсіянераў, ляпаючы свае лапідарныя "адкрыцьці".

У мяне нават нарадзілася падазрэньне, а ці ня хоча спадарыня пераняць лаўры Жырыноўскага і справакаваць, каб латышы, летувісы, украінцы ці палякі ўзбудзілі б супраць яе справу за паклёп на нацыю (а тут стоадсоткавы паклёп), і тады яна будзе паказвацца перад сьветам у якасьці ахвяры, выказваць свае хваравітыя меркаваньні і цешыцца падтрымкай такіх дылетантаў, як яна. На Захадзе піярскія спэктаклі такога жанру -- не навіна. Але для Алексіевіч тое сталася б горкай навучкай.

Усё аднак выглядае прасьцей. Тут проста недалёкасьць розуму і непераадольнае жаданьне прыдумваць тое, чаго не было.

Вось характэрная ілюстрацыя такіх яе паводзінаў з таго ж бруклінскага выступу: "Вот мы в 90-е бегали по улицам и говорили: "Свобода", "Свобода", но никто понятия не имел, что это такое. То есть свободных людей не было." Гэта, як і ўсе свае прыдумкі, спадарыня гаворыць спакойненька, манатонна, без экзальтацыі, але кожнае слова -- хлусьня.

Ня бегала спадарыня па вуліцах (і ніхто ня бегаў), і не крычала "свабода". Яна ніяк ня ўдзельнічала ў беларускім дэмакратычным Вызвольным Руху і нідзе ў гэтым не была заўважана. Адзіны выпадак (пра які мала хто ведае), калі яна была зафіксавана, гэта 19-га чэрвеня 1988 года, калі беларусы, насуперак камуністычнай уладзе, арганізавалі першае ў савецкай Беларусі масавае шэсьце і мітынг у толькі што адкрытых Курапатах. (У Курапаты прышло каля дзесяці тысяч людзей.)

Насуперак народнаму мітынгу камуністы (гаркам партыі) наладзілі ў гэты ж дзень свой намэнклятурны антыкурапацкі мітынг на плошчы ля Опэрнага тэатру, куды сабралі прызначаных асоб. Вось там і была заўважана нікому не вядомая Алексіевіч, якая давала інтэрв'ю ў падтрымку КПСС. Нарэзкі гэтага альтэрнатыўнага камуністычнага мітынгу паказвалі па тэлебачаньні. (Можа, дзе і цяпер там валяюцца, калі лукашысты ня выкінулі.)

Не казала яна "свабода", бо ня мела такога паняцьця. Яно ў яе было іншае. А свабодныя людзі былі. Іх было вельмі шмат -- сотні тысячаў. Яны падтрымалі Народны Фронт, які рэалізаваў гэтую барацьбу за свабоду ліквідацыяй ўлады КПСС і гістарычным дасягненьнем дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, якая існуе па сёньняшні дзень. А тое, што беларусам не ўдалося ўтрымаць уладу і замацаваць свабоду, -- гэта ёсьць трагедыя нашай нацыі ў вечнай барацьбе з імпэрскай Масквой. Гэтая барацьба прадаўжаецца. Яна расьцягнулася на цэлыя пакаленьні. Але перамога будзе на баку Беларусі разам з Украінай.

"Рабскую мэнтальнасьць" (якую навешвае беларусам Алексіевіч) у гэтым змаганьні выяўляе ня наш народ, але толькі сама маргінальная Алексіевіч, якая ня мае ніякага дачыненьня да нашай барацьбы за нашу свабоду.

27 чэрвеня 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК