НЯМКОВІЧ ВАЦЛАЎ АДОЛЬФАВІЧ (1929–30.05.2016)

Не жыве адзін з старэйшых вэтэранаў нашай Народнай Рэвалюцыі сп. Вацлаў Адольфавіч Нямковіч. Ён узяў быў на сябе важнейшы ўчастак фронтаўскай працы – клопат аб нашай нацыянальнай памяці, аб магілах ахвяраў расейскай акупацыі. На працягу доўгіх гадоў сп. Нямковіч узначальваў Хрысьціянскую Злучнасьць “Курапаты”, дзе аб’ядналіся людзі, азораныя ідэяй захаваньня імёнаў, лёсаў і месцаў пакутніцтва беларусаў. У стварэньні Народнага мэмарыялу “Лес Крыжоў” у Курапатах ёсьць унёсак і Вацлава Адольфавіча.

Ідуць да Бога нашы дзяды, але нацыянальную справу прымаюць ад іх маладзейшыя. Непарыўная сувязь пакаленьняў ёсьць асновай жыцьця нашага народу.

Выказваем нашы шчырыя спачуваньні сям’і і блізкім нябожчыка.

Сябры і кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

30.05.2016

ПАМЯЦІ ВАЦЛАВА НЯМКОВІЧА

30 траўня памёр Вацлаў Адольфавіч Нямковіч – нязьменны сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Пражыў 87 гадоў. Памятаю яго заўсёдную прысутнасьць на зборках, сходах, мітынгах і імпрэзах Народнага Фронту, Гэта быў нешматслоўны чалавек, гатовы падтрымаць кожную добрую беларускую справу. Ён узначальваў Хрысьціянскую Злучнасьць Курапаты. Нязьменна ўдзельнічаў у мерапрыемствах па разбудове Народнага Мэмарыялу Курапаты. Праца яго была надзейнай і беларускай. Вацлаў Адольфавіч уяўляў той распаўсюджаны тып беларускага чалавека, які сьціпла і надзейна робіць агульную справу і ніколі не хваліцца, не займаецца паказухай, не імкнецца вылезьць наперад, каб толькі сябе паказаць, не гаворыць пустых слоў. На такіх беларусах трымаецца кожная добрая справа, застаецца ім удзячнасьць і добрыя словы.

Спачуваньне сям'і, сваякам і блізкім нябожчыка. Вечная Памяць.

31 траўня 2016 г. Зянон Пазьняк