НІХТО — НА ФАЛЬШЫВЫЯ ВЫБАРЫ!

Бальшыня беларусаў даўно зразумела, што выбараў няма, бо вынікі галасаваньня вызначаюцца не галасамі, а пратаколамі адміністрацыі, якія спускаюць у выбарчыя камісіі для выкананьня. На такіх фальшывых псэўдавыбарах выйграе толькі кандыдат рэжыму. Ніхто іншы у прынцыпе выйграць ня можа.

Ісьці галасаваць на ашуканцкія псэўдавыбары ганебна і нельга, бо гэта значыць падтрымліваць ашуканцтва з боку рэжыму. Ня трэба галасаваць! Мусяць быць пустыя выбарчыя ўчасткі. Тады, калі рэжым сфальсіфікуе галасаваньне, усім будзе відаць яго ашуканцтва, бо галасаваньня не было.

Вось гэтага байкоту найбольш баіцца рэжым і Масква, якая за ім стаіць. Масква зацікаўлена, каб сьвет прызнаў фальшывыя выбары ў Беларусі за сапраўдныя. Гэтым самым маскоўцы легалізавалі б лукашысцкі рэжым і дапамаглі б сабе ўзаконіць незаконныя дамовы з рэжымам Лукашэнкі і планы анэксіі Беларусі.

У Маскве прыдумалі мэтад супраць байкоту выбараў. Гэты спосаб прадугледжвае стварэньне ілюзіі пэрсанальнай альтэрнатывы Лукашэнку з мэтай зацягнуць лёгкаверных людзей, якія расчараваліся ў рэжыме, на выбарчыя ўчасткі.

Калі на ранейшых выбарах не было рэальнай пагрозы байкоту, тады рэжым дапускаў да галасаваньня мноства фіктыўных кандыдатаў ад псэўдаапазыцыі. Цяпер жа, акрамя двух дзяжурных праўладных дзівакоў (Гайдукевіча і Улаховіча), рэальна прысутнічае толькі адна асоба, якая нібыта супроцьстаіць Лукашэнку. Гэтая асоба -- нікому раней не вядомая Тацьцяна Караткевіч. Зь яе і лепяць псэўдаальтэрнатыву Лукашэнку, каб заахвоціць крытычна настроеных да рэжыму людзей прыйсьці на галасаваньне.

Гэтая кандыдат разумее сама і кажа ўсім, што выбары яна ня выйграе (бо выйграць фальшывыя выбары немагчыма). Але ў кожным выступе яна абяцае ўсяго нязбыўнага ўсім групам насельніцтва і шматкроць навязьліва і пастаянна запрашае людзей прыйсьці галасаваць за яе на выбарчыя ўчасткі. У гэтым і ёсьць асноўная роля Тацьцяны Караткевіч -- роля галоўнага зазывалы на галасаваньне, а значыць рэальна -- тут дзейнасьць на карысьць Лукашэнкі.

Усё тут разьлічана на простых людзей, якія хочуць пераменаў, на спадзяваньні, што людзі слаба разьбіраюцца ў тым, што адбываецца, і зь лепшымі намерамі пойдуць галасаваць ды ў дваццаты раз наступяць на адны і тыя ж граблі.

На фальшывае галасаваньне нельга хадзіць. Нельга слухаць зазывалаў рэжыму. Беларусам трэба жыць сваім розумам. Нельга дапамагаць узаконьваць нелегальны рэжым, які незаконна кіруе ўжо 21 год і загнаў краіну ў палітычны і эканамічны тупік.

НІХТО -- на фальшывыя выбары.

4 кастрычніка 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай

Партыі -- БНФ і БНФ "Адраджэньне"