ПРА ШТО ПІСАЛІ ГАЗЭТЫ Ў КАНЦЫ ЖНІЎНЯ (21.08–24.08.2015)

Новае перасяленьне народаў

22 жніўня 2015 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” паведаміла, што сотні афрыканскіх і азіяцкіх мігрантаў прарвалі дротавыя загароджы на грэцка-макэдонскай мяжы і ўварваліся ў Макэдонію. Адтуль яны будуць прарывацца далей у краіны Эўразьвязу. Паліцыя беспасьпяхова спрабавала спыніць іх сьлезацечным газам.

Наш камэнтар: Можа так і трэба прарывацца? Дзесяткі тысячаў беларускіх работнікаў розных спэцыяльнасьцяў маглі б ехаць не ў шалёную Расею, а працаваць на Захадзе. Але для іх туды дарога зачынена тым жа Эўразьвязам. Замест распрацоўкі і рэалізацыі праграм па спыненьню цунамі экзатычных мігрантаў, Эўропа магла б рэалізаваць праграму па прыёму на часовую працу эўрапейцаў-беларусаў, не патрабуючы ад нашых людзей кіпу бессэнсоўных даведак і выкананьня ідыёцкіх бюракратычных працэдур. Але без гэтага бюракратыя не была б ужо бюракратыяй. Абсурд працягваецца.

Алесь Хадасевіч

Па Эўропе з «калашом»

23 жніўня 2015 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Героі з 12-га вагона”. Днямі двое амэрыканскіх жаўнераў разам з французам і брытанцам голымі рукамі абяззброілі мараканца, які зьбіраўся адкрыць агонь па пасажырах цягніка. Прэзыдэнт Францыі ўзнагародзіў маладых мужчын Ордэнам Ганаровага Легіёна. Мараканец быў у сьпісах спэцслужбаў эўрапейскіх краін у графе “радыкальныя ісламісты”.

Наш камэнтар: Баявыя дзеяньні раз-пораз успыхваюць пасярод эўрапейскага ландшафта. Сьмелыя мужчыны гэтым разам здолелі скруціць тэрарыста-экзота перш чым ён забіў дзесяткі ненавісных яму хрысьціян-эўрапейцаў. Ён, аказваецца, “быў у сьпісах”, але камфортна разьязджаў па Эўропе з калашнікам… Колькі яшчэ будзе працягвацца гэты лібэральны кашмар?

Алесь Хадасевіч