БЕЛАРУСКАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ, АБАРОНА СВАЙГО
(Жнівеньскі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
9 жніўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, – “Мяжа чалавецтва”. Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра абыякавыя адносіны людзей да электаральнага шоў рэжыму і ягонай псэўдаапазыцыі. Людзі ня хочуць падпісвацца за “кандыдатаў”, не цікавяцца штучным працэсам, усё больш высьмейваюць мітусьлівых і фальшывых спарынг-партнёраў начальніка рэжыму і іхнія “каманды”. Людзі занятыя зборам дзяцей у школы і садкі, яны ўражаныя дзікімі цэнамі на самыя неабходныя тавары ў рамках гэтай тэмы. Беларусы стаміліся ад хлусьні і пустых абяцанак. Яны ня хочуць, каб да іх чапляліся ў справе з заранёў вызначаным вынікам.
На жаль, усё яшчэ назіраецца тэндэнцыя выезду беларускіх работнікаў на працу ў Расею. Людзі вымушаны верыць у абяцанкі высокіх заробкаў на будоўлях, бо няма чым карміць сем’і ва ўмовах разбуранай акупацыйным рэжымам эканомікі. Але падзеі набылі новыя рысы. Распаўсюдзілася наступная манера расейскіх бандыцкіх “працадаўцаў”. Беларускія брыгады працуюць па 10-12 гадзін на працягу некалькіх тыдняў. Настае дзень разьліку. “Працадаўцы” кажуць ім, што “грошай пакуль няма, даем вам па сто даляраў, а грошы будуць пазьней”. Работнікам ледзь стае гэтай сумы, каб даехаць назад дахаты. Некаторыя брыгады праяўляюць наіўнасьць і, выязджаючы з Расеі, пакідаюць аднаго беларуса “атрымаць грошы за ўсіх”. Зразумела, што ні гэтага чалавека, ні сваіх грошай яны больш ніколі ня ўбачаць. Расьце колькасьць забітых і абрабаваных беларусаў на прасторах імпэрыі зла. Разам з тым, вярнуўшыся, гэтыя людзі распавядаюць землякам пра ўбачанае ў Расеі: жудаснае пьянства, злачыннасьць, цынізм, разбітыя масты і дарогі, разбураныя фабрыкі, шалёнае багацьце дзяржаўнай і калядзяржаўнай мафіі.
Усё большая колькасьць беларусаў даведваецца праўду пра расейскае варварства, пра няшчасную долю насельніцтва імпэрыі. Патрыёты павінны даводзіць нашаму грамадзтву, што трэба падалей трымацца ад расейскай катастрофы. Наш паратунак – нацыянальная беларуская салідарнасьць, абарона свайго – тэрыторыі, Дзяржавы, культуры, дзяцей, нашай будучыні.
Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
9 жніўня 2015 г.