НАБЛІЖЭНЬНЕ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

27-га ліпеня 1990 года, 25 гадоў таму Вярхоўным Саветам БССР была прынята Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Яна стала важным крокам на шляху да Незалежнасьці. Сам па сабе гэты дакумант, практычна, нічога не зьмяняў ў юрыдычным пляне і ў дачыненьнях з СССР, бо не было зацьверджана вяршэнства законаў Беларусі над законамі СССР. Але ў пляне парапагандова-палітычным ён меў велізварнае значэньне, бо ўвёў у сьвядомасьць беларускага савецкага грамадзтва ідэю аб незалежнасьці Беларусі, якая рэальна пачала асэнсоўвацца і існаваць сваім палітычным жыцьцём.

Другі аспэкт значнасьці -- гэта тое, што Дэклярацыя дала падставу і апору для дэпутатаў БНФ прапанаваць Вярхоўнаму Савету пакет заканадаўчых праектаў для незалежнай Беларусі. Гэтыя прапановы з цяжкасьцямі і ў змаганьні ажыцьцяўляліся дзеля вольнай будучыні краіны.

Трэці аспэкт значэньня Дэклярацыі -- гэта тое, што наяўнасьць такога дакуманта істотна ўпрасьціла дасягненьне Незалежнасьці краіны ў жніўні 1991 года пасьля паразы камуністычнага путчу ў Маскве. Пытаньне ўжо стаяла адназначна, зразумела і канкрэтна: трэба было надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнага закона. За ажыцьцяўленьне гэтай задачы два дні (24 і 25 жніўня) вялася цяжкая барацьба ў Вярхоўным Савеце, якая скончылася поўнай перамогай БНФ над камуністамі.

25 Жніўня 1991 года Беларусь стала незалежнай. Гэта найвялікшая падзея і найвялікшы Дзень нашай гісторыі за 200 гадоў беларускага існаваньня і барацьбы з Расейскай імпэрыяй. Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятая 27-га ліпеня 1990-га года аблегчыла беларусам шлях да вялікай жнівеньскай гістарычнай перамогі.

27 ліпеня 2015 г. Зянон Пазьняк