ПЕРАДВЫБАРЧАЯ КАМЭДЫЯ

Селянка, ты хочешь любви, большой и чистой!

- Хочу…

- Тогда вечером приходи на сеновал.

(з савецкага кінематографа)

А. Лябедзьку (генсека АГП) нават становіцца шкада. Рэжысёры першага акту вядомага фарса выдзелілі яму падкрэсьлена несалідную і заранёў правальную ролю. Ён будзе балатавацца “у прэзыдэнты”. Хаця вядома, што ўсё гэта ня мае сэнсу. Нам здаецца, што тав. Лябедзьку ўпершыню ў дарослым жыцьці сорамна, ён мнецца перад фота- і відэакамэрамі і не праяўляе свайго звычайнага камсамольскага тэмпэрамэнту. Ня выключана, што бліжэй да Дня-Ікс ён здымецца і патлумачыць, што так і было задумана. Пра мадам Т. Караткевіч мы маўчым. Ёй дасталася роля зусім камічная. І трэба сказаць, што мадам даволі шчыра працуе ў камэдыйным жанры: усе сьмяюцца. Але гэта пакуль што выключэньні, мы не пра іх.

Мы пра агульную тэндэнцыю, яна цікавая. Шэраг юрыдычных і фізычных целаў, якія пуд солі зьелі на папярэдніх выбарчых кампаніях рэжыму ў амплуа зазывальшчыкаў на выбарчыя ўчасткі і гукальшчыкаў на тэму “у белоруссов есть право на выбор”, раптам атрымалі новыя нотныя сшыткі і пачалі выконваць новыя партыі. Адусюль, з кожнай падваротні “дэмСМІ РБ” былыя зазывальшчыкі-гукальшчыкі звонка загаласілі: “Выбараў няма!”, “Калі не вызваляць палітвязьняў, не пойдзем на выбары!”, “Статкевіча – у кандыдаты, а інакш не будзем галасаваць на выбарах!” Агаломшаны сярэднестатыстычны беларус круціць галавой і ўсё ня можа зразумець: што гэта зь імі здарылася?

Але паўтараем, гэта толькі пачатак першага акта электаральнай распрацоўкі. Для распрацоўшчыкаў самым важным было напаўненьне інфармацыйнай атмасфэры ключавым словам, якое павінна гучаць на розныя лады, у рознай танальнасьці, з рознай колькасьцю дэцыбэлаў: “выбары!”, “ВЫ-ы-ыбары!!!”, “ВЫБАРЫ!!!” Ключавое слова павінна ўесьціся ў мазгавую падкорку грамадзтва, жыць там і множыцца з хуткасьцю бактэрый. Галоўнае для распрацоўшчыкаў, каб жыла гэтая (у прынцыпе мала каму ўжо цікавая) тэма. І яна жыве, пакуль што ў розных “апазыцыйных” упакоўках.

Але мы дазволім сябе зрабіць адно назіраньне і адну выснову. На наш погляд, 9 ліпеня пачаўся этап канкрэтызацыі месца абяцанай “любові” і зьявіўся згаданы “герой-каханак”. Мы маем на ўвазе гучны тытул публікацыі ў белрэдакцыі Радыё Свабода – “Хай прэзыдэнтам будзе Макей, -- апытаньне ў Горадні”. Да свайго тэксту яны прыляпілі выяву вялікага білборда з гэрбам-“капустай” і дэвізам “Ганаруся табой, Беларусь!” Усё для напаўненьня пафасам. Так што яны запрашаюць ня проста на сенавал, а ў кампанію з разрэкламаваным міністрам МЗС рэжыму. Нам даўно намякаюць, што ён “толькі целам зь імі”, а “душой ён з намі”, ён – “сапраўдная альтэрнатыва цяперашняму начальніку рэжыма”, “інтэлектуал, міжнародны аўтарытэт”, не які-небудзь беспрацоўны бэнээфавец і г.д.

Мяркуем, што чым бліжэй да сёлетнега кастрычніка, тым больш канкрэтыкі будзе ў гуканьнях розных “апазыцыйных” целаў. Канкрэтыка, аднак, не азначае шчырасьць. Яны будуць імкнуцца падмануць людзей, як тую прастадушную прыгонную дзяўчыну з савецкага кіно. Яны разьлічваюць, што ім павераць і натоўпамі папнуцца на сенавал.

Сяргей Камароўскі