ФАЛЬШЫВЫЯ “ЭКСПЭРТЫ” ЗНОЎ ЛЕЗУЦЬ НА КУРАПАТЫ І ПРАПАНУЬЦЬ ЗРАБІЦЬ ТАМ “ПОЛЕ ДЛЯ РЭАЛІЗАЦЫІ ... ФАНТАЗІЙ”

27 чэрвеня абазначыўся чарговы акт вырабленага блюзьнерства ў дачыненьні да Народнага мэмарыялу ў Курапатах. Тое, што саманазвалася грамадзянскай ініцыятывай “Экспэрты ў абарону Курапатаў”, заклікае арганізаваць круглы стол (так і напісана ў паведамленьнях Радыё Свабода). Нагадаем, што саманазваныя “экспэрты” – гэта адыёзныя асобы: савецкі падпалкоўнік-палітрук Кузняцоў, “культуроляг” В. Арэшка і некалькі менш прыкметных статыстаў. Яны хочуць арганізаваць круглы прадмэт мэблі на тэму “конкурса праектаў па мэмарыялізацыі Курапатаў”. Гэтым разам яны выказаліся даволі шчыра, цытуем:

“Конкурс праектаў мэмарыялізацыі Курапатаў — гэта ня столькі конкурс дасьведчаных архітэктараў і мастакоў дзеля абавязковага ўвасабленьня вынікаў у «камяні і цэгле», колькі поле для рэалізацыі ідэй і фантазій творцаў”.

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/abmierkavannie-prajektu-memaryjalizacyi-kurapatau/27096596.html

Яно, безумоўна, добра, што гэтая публіка не зьбіраецца выкарыстоўваць “камяні і цэглу” (дакладней, пакуль што не зьбіраецца). Можна ўявіць сябе, якая цагляная “советская Родина-мать” або каменны “памятник доблесному чекисту” маглі б узьнікнуць з праектанцтва палітрука Кузняцова (абвешчанага сапраўднымі абаронцамі Курапатаў пэрсонай нон-грата на тэрыторыі Народнага мэмарыяла) і ягоных памагатых. Яны на такое толькі і здольныя. Гэтым разам яны прапануюць іншае, чытайце ўважліва: “поле для рэалізацыі … фантазій творцаў”. Прызнацца, усялякага было ў Курапатах за дзесяцігоддзі змаганьня за народную сьвятыню, але такога яшчэ не было.

Успамінаецца камсамольская песьня брэжняўскіх часоў. Малады і бадзёры герой песьні едзе ў Сібір і пазыцыянуе сябе ў кантрасьце з матывацыямі іншых грамадзян, якія “едут за деньгами”. Пад стылізаваны стукат чыгуначных колаў герой расьпеўна заяўляе, што “а я еду за туманом и за запахом тайги”. Калі сьцісла, то герой едзе за сваёй “фантазіяй”. Дарэчы, мы памятаем, што для многіх тысячаў моладзі гэтыя сібірскія “фантазіі” скончыліся жыцьцёвай катастрофай і тупіком.

“Песьня”, запрапанаваная кузняцоўска-арэшкаўскім прафанатарамі, сьведчыць аб тым, што яны атрымалі чарговую ўводную ад тых, хто стаіць за імі. На тэрыторыі мэмарыяла даўно ўжо рэалізуецца архітэктурна-пластычная ідэя ў адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі, культурнымі і хрысьціянскімі традыцыямі. Людзі ставяць крыжы на магілах пакутнікаў і ўшаноўваюць іх. Вызначылася ўжо цэльная кампазыцыя, якая мае свае цэнтры, акцэнты, логіку і вобразны лад. Гэтага (нацыянальнага, традыцыйнага, хрысьціянскага) рашэньня мэмарыялу панічна баіцца антыбеларускі рэжым і аўтар курапацкіх забойстваў – акупанцкая Масква. Яны ўжо шэраг разоў спрабавалі зьнішчыць магілы і крыжы, закатаць Курапаты ў бэтон і асфальт, схаваць сьлед свайго злачынства. Патрыёты абаранілі сьвятыню.

Тады ў наступ на сьвятыню ненавісьнікі сьвятога кінулі сваіх памагатых (згаданых вышэй). Іхняя задача – замуціць, спрафанаваць нацыянальную хрысьціянскую ідэю, якая ўжо рэалізавана намаганьнямі і працай тысячаў беларусаў. Цяпер яны заклікаюць да “фантазій” на тэму мэмарыялізацыі Курапат. Можна ўявіць сабе, што гэта будзе за фантазёрства!

Дарагія беларусы, разам абаронім Курапацкую сьвятыню ад блюзьнерскіх замахаў фальшывай падстаўной публікі!

Сяргей Камароўскі