ВІТАЛЬ ПОРТНІКАЎ: ПУЦІН І ФУТБОЛ

Расейскаму кіраўніцтву пагражае небясьпека крымінальнага перасьледу на Захадзе, інакш Пуцін не рэагаваў бы так нэрвова на карупцыйную сытуацыю ў ФІФА.

Было б легкадумным сьцьвярджаць, што з пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта ФІФА Ёзэф Блатэр аддтросься лёгкім перапудам і ў Міжнароднай фэдэрацыі футбола нічога ня зьменіцца. Зьменіцца – і ня толькі ў ФІФА. І справа тут зусім ня ў Блатэры.

Арышты высокапастаўленых спартовых чыноўнікаў і рассьледваньне, якое адбываецца зараз у Злучаных Штатах і Швайцарыі, можа стацца толькі пачаткам краху гіганцкай карупцыйнай піраміды, збудаванай футбольнымі баронамі ў апошнія дзесяцігоддзі, якая ператварыла папулярны від спорту ў самую сапраўдную зону беспакаранасьці. Пры гэтым зразумела, што гульня йдзе на самым высокім узроўні. Пра рассьледваньні злоўжываньняў у ФІФА, якое адбываецца, гавораць кіраўнікі Злучаных Штатаў. Адстаўкі Блатэра патрабуюць прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран і фэдэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль. А вось прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступае перад галасаваньнем у ФІФА з адмысловай заявай у падтрымку Блатэра і з абвінавачваньнямі на адрас Злучаных Штатаў, якія дазваляюць сабе – якая бессаромнасьць! – займацца рассьледваньнямі не на сваёй тэрыторыі.

Расейскія прапагандысты паўтараюць за гаспадаром, абвінавачваючы амэрыканцаў у спробах арганізаваць змову супраць дарагога Уладзіміра Уладзіміравіча і сарваць правядзеньне чэмпіяната сьвету па футболу, які стаўся, на думку многіх назіральнікаў, адным з самых прыдатных інструмантаў для ўзбагачэньня расейскай намэнклатуры і зьвязанага зь ёю злодзейскага бізнэсу. І гэта пры тым, што пра саму Расею ў кантэксьце рассьледваньня ніхто нічога не кажа. Больш таго, амэрыканцам даводзіцца адбівацца ад крамлёўскіх абвінавачваньняў і сьцьвярджаць, што супраць правядзеньня чэмпіянату па футболу ў Расеі яны нічога ня маюць. Тады чаму ж так хвалюецца Пуцін? Можа, ён ведае нешта такое, што пакуль ня ведаюць, але могуць даведацца, абавязкава даведаюцца амэрыканскія і швайцарскія сьледчыя?

І тут трэба зразумець псіхалогію расейскага лідэра і тых, хто яго атачае. Гэтыя людзі зусім не хвалююцца наконт абвінавачваньняў ў анэксіі Крыма і разьвязваньні вайны на Данбасе. У іхняй сістэме каардынат гэта – ўсяго толькі палітыка. Амэрыканцы ваююць у Іраку, мы – ва Украіне. Амэрыканцы падтрымліваюць сірыйскую апазыцыю, мы – Асада. Амэрыканцы прымусілі сэрбаў адмовіцца ад Косава, мы прымусілі ўкраінцаў адмовіцца ад Крыма. Нам толькі не зразумела, чаму амэрыканцам усё можна, а нам – нельга? Мы што, не вялікая дзяржава ці што? Падвойныя стандарты!

І ў сваёй беспакаранасьці за ваенныя злачынствы ўсе гэтыя людзі таксама ўпэўненыя, як былі да апошняга часу ўпэўненыя іхнія папярэднікі – ад Адольфа Гітлера да Слабадана Мілошавіча і Садама Хусэйна. Таму што яны перакананыя, што ўтрымаюць уладу ў руках і ніхто ніколі да іх не дабярэцца.

Зусім іншая справа – крымінал. Гэтага яны баяцца як агню. Пры ўсёй сваёй самаўпэўненасьці расейскія кіраўнікі – як і лідэры любых іншых краін, што разьвіваюцца, і пад кіраўніцтвам карумпаванай апрычніны – трывала інтэграваныя ў заходні сьвет. Там іхнія грошы, нерухомасьць, дзеці, сэрвіс. Там – а не ў жабрацкай, дэградуючай, абкрадзенай Расеі – іхнія планы на будучыню. Так, супраць асобнай групы людзей можна ўвесьці часовыя палітычныя санкцыі – але іх здымуць урэшце. А вось крымінальны перасьлед па-за палітычным канфліктам – гэта не комільфо. Яны ж самы пра сябе ўсё ведаюць. Ведаюць, што ў сучасным сьвеце яны не гаспадары, а так – дробныя злодзеі, якія навучыліся даваць на лапу. І калі ў палітыцы яны могуць паказаць сваю вагу з дапамогай сьмерці, то ў звычайным жыцьці ім няма што супрацьпаставіць крымінальнаму перасьледу на Захадзе. Хіба што яшчэ адну вайну.

Для ілюстрацыі гэтага страху нагадаю, што менавіта яму абавязаны нікому не вядомы чыноўнік Уладзімір Пуцін сваёй імклівай палітычнай кар’ерай. Ягоны папярэднік Барыс Ельцын разам з сямействам баяўся крымінальнага перасьледу на Захадзе ня менш чым баіцца Пуцін– ператрусаў і допытаў у ФІФА. Тады генэральны пракурор Расеі Юры Скуратаў разам з фэдэральным пракурорам Швайцарыі Карлай дэль Понтэ вельмі блізка падабраўся да бліжэйшага прэзыдэнцкага паплечніка Паўла Барадзіна і сваякоў кіраўніка дзяржавы. Крэсла пад Ельцыным пачало хістацца не на жарты, намэнклатура ўжо вырашыла зрабіць стаўку на канкурэнтны клан кадравага разьведчыка Яўгена Прымакова і маскоўскага мэра Юрыя Лужкова. Пытаньне кампрамэтацыі Скуратава аказалася для ельцынскай сям’і пытаньнем выжываньня. І новы кіраўнік ФСБ Уладзімір Пуцін бліскуча даў рады з заданьнем, парушыўшы ўсе “чырвоныя лініі”, што да тае пары існавалі ў намэнклатурных узаемаадносінах. А потым былі пасада прэм’ера і прэзыдэнцкая пасада. На пытаньне “хто вы, містэр Пуцін?” на самой справе тады адказаць было не складана – той, хто выратаваў Ельцыных.

Цяпер падобная небясьпека пагражае ўжо самому Пуціну – альбо бліжэйшым людзям зь ягонага атачэньня, інакш прэзыдэнт Расеі не рэагаваў бы так нэрвова на сытуацыю ў ФІФА. Ды і на самой справе – арышты нейкіх там каляфутбольных начальнікаў – ці царская гэта справа?

Аказваецца – царская. А гэта значыць толькі адно: на Захадзе зразумелі, дзе ў яго кнопка.

Віталь Портнікаў

Пераклаў з расейскай В. Буйвал.

Крыніца: https://www.liga.net/politics/opinion/gde-u-nego-knopka-pochemu-putin-tak-vzvolnovan-situatsiey-v-fifa