ВІТАЛЬ ПОРТНІКАЎ: РОЗНЫЯ ІНТАРЭСЫ Ў РЫЗЕ
Эўразьвяз выступіў з ініцыятывай утварэньня такой праграмы, якая выглядала як выпрацоўка новай мадэлі суседства Эўразьвязу з краінамі, што апынуліся на межах аб’яднаньня пасьля ягонага беспрэцэдэнтнага пашырэньня. Але сёньня ў Рызе Украіна, Грузія і Малдова адстойваюць сваю эўрапейскую пэрспэктыву, а Беларусь і Арменія абараняюць – наколькі могуць – расейскія інтарэсы. І ў гэтым ёсьць свая відавочная логіка.
Украіна, Грузія і Малдова зрабілі наступны крок на шляху эўрапейскай інтэграцыі, падпісаўшы пагадненьне аб асацыяцыі. Арменія пад жорсткім ціскам Крамля – Уладзімір Пуцін асабіста запалохваў армянскага прэзыдэнта Сержа Саргсяна – адмовілася ад падпісаньня аналагічнай дамовы і далучылася да Эўразійскага эканамічнага саюза. Беларусь і не зьбіралася нічога падпісваць, “Усходняе партнёрства” было неабходна Аляксандру Лукашэнку для таго, каб прадэманстраваць адсутнасьць поўнай ізаляцыі ягонага рэжыму.
Гэтае адрозьніваньне інтарэсаў (ва “Усходнім партнёрстве” удзельнічае таксама Азэрбайджан, але ягоны новы прэзыдэнт Ільхам Аліеў наогул не прыбыў у Рыгу, бо ніяк ня можа канчаткова вызначыцца з геапалітычным выбарам сваёй краіны) патрабуе асэнсаваньня рэчаіснасьці і выбару ня толькі для нас, але й для Эўразьвязу. “Усходняе партнёрства” у яго цяперашнім выглядзе – бессэнсоўная цырымонія, мэта якой знайсьці кампраміс там, дзе рознанакіраванасьць інтарэсаў відавочная. Для нас важна прысьпешыць эўрапейскую інтэграцыю. Для Расеі, якая ва “Усходнім партнёрстве” дзейнічае праз сваіх хаўрусьнікаў, важна эўрапейскую інтэграцыю затармазіць. Як усё гэта ўзгадніць? На мой пагляд – ніяк.
Менавіта таму эўрапейцам і краінам, якія схільныя да прысьпешваньня інтэграцыі з Эўразьвязам, неабходна дамагчыся ўласнага фармату партнёрства, накіраванага на ўзгадненьне агульных інтарэсаў, а не падгабляваньне да інтарэсаў, што наўпрост супярэчаць будучыні Эўропы. Магчыма, гэта павінна быць таксама “Усходняе партнёрства”, але ўжо без удзелу краін – членаў Эўразійскага эканамічнага саюза. Магчыма, Эўразьвяз павінен выпрацаваць статус для краін, якія хацелі б далучыцца да Зьвязу і падпісалі пагадненьне аб асацыяцыі, а саміты “Усходняга партнёрства” будуць праводзіцца ў поўным складзе раз на пяцігодку, дзе выступаць на ім з рытуальнымі прамовамі, якія нікога да нічога не абавязваюць. Ну і, напэўна, неабходна кінуць марнаваць грошы на краіны, якія вызначыліся з эўразійскай інтэграцыяй, -- у іхнім выпадку лепш засяродзіцца на дапамозе грамадзянскаму сэктару, а не ўступаць у кантакт з аўтарытарным скарумпаваным дзяржаўным апаратам.
Самае галоўнае, што павінны ўцяміць у Эўразьвязе: постсавецкая прастора -- гэта больш ня “буфэрная зона” паміж Эўразьвязам і Расеяй. Ніякай буфэрнай зоны ня будзе. Будзе мяжа Эўразьвязу і зоны расейскага ўплыву. А дзе гэтая мяжа пройдзе – залежыць і ад эўрапейцаў, і ад нас.
Віталь Портнікаў
Пераклаў з расейскай В. Буйвал.
Крыніца: NEWSru.ua