АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (15.05.2015)

Так будзе

Аўстрыйская газэта “Der Standard” напісала, што былы дыктатар Чада Хісэн Хабрэ пойдзе пад суд. Яго абвінавачваюць у ваенных злачынствах, катаваньнях і забойствах. Хабрэ захапіў уладу ў 1982 г. і быў скінуты ў 1990 г. З тае пары ён жыў у Сэнэгале. І вось на патрабаваньне Афрыканскага саюзу яго будзе судзіць сэнэгальскі трыбунал.

Наш камэнтар: Вось яшчэ адзін забойца і гвалтаўнік людзей і народаў сядзе на лаву падсудных. Прамінулі гады, але ўрэшце настаў час справядлівасьці і праўды.

Так будзе з цяперашнімі дзяржаўнымі злачынцамі, якія нішчаць Беларусь.

Юрка Марозаў

Певень смажаны дзюбнуў

15 траўня 2015 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскія правакацыі на Балтыцы. Пуцін гуляецца ў вайну”. Газэта задае пытаньне: ці працягнецца экспансія Расеі ва Украіну таксама ў балтыйскіх краінах? І піша пра новыя задачы НАТО і ўсяе Эўропы.

Наш камэнтар: Ці даўно мінуў той час, калі швайцарскія журналісты і бальшыня эўрапейцаў і слухаць не хацелі беларускіх патрыётаў, якія папярэджвалі пра падрыхтоўку Масквой вайны і агрэсіі? І вось яны ўрэшце пачалі задавацца рытарычнымі пытаньнямі. Абы не надта позна.

Юрка Марозаў

Засталіся халопамі

15 траўня 2015 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра сьвяткаваньне 80-х угодкаў адкрыцьця мэтро ў Маскве. На фота ў газэце -- цягнік з партрэтам Леніна і транспарантам у гонар 80-годдзя. Газэта нагадала, што мэтро пачалі разбудоўваць пад дыктатурай Сталіна.

Наш камэнтар: Газэта забылася паведаміць пра працу на будоўлі мэтро многіх тысячаў вязьняў. Ды й нібыта вольныя "стаханаўцы” былі насамрэч бяспраўнымі рабамі, якія «гарбацілі» за капейкі ў нечалавечых умовах. Маскоўскае мэтро – адзін з помнікаў дзікага маскоўскага таталітарызма. І сёньня там наляпілі на цягнік свайго Леніна. Яны так і засталіся халопамі.

Алесь Хадасевіч

Разбураюць культуру. Новая арда

15 траўня 2015 г. бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла пра пагрозу знакамітаму антычнаму гораду Пальміра ў Сірыі. Да Пальміры набліжаюцца войскі Ісламскай Дзяржавы. Экстрэмісты заявілі, што разбураць Пальміру. Сірыйская армія ледзь стрымлівае іхні наступ. ЮНЕСКО заклікала абараніць гэтую каштоўнасьць сусьветнай культуры.

Наш камэнтар: Пакуль дэмакратычныя краіны гуляліся ў абарону сэкс-збачэнцаў, у пацыфізм і мульцікультуралізм, у сьвеце разгортваліся працэсы радыкалізацыі іслама, ствараліся бандыцкія арміі (узброеныя Масквой). Толькі адмова ад папярэдняй фальшывай лібэральна-сацыялістычнай палітыкі можа выратаваць цывілізацыю і культуру. Але ж ня могуць яны адмовіцца ад самых сябе.

Алесь Хадасевіч

Запрашаюць чужое войска

15 траўня 2015 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Начальнікі ўзброеных сілаў Летувы, Латвіі і Эстоніі зьвярнуліся ў НАТО з просьбай разьмясьціць на сталай аснове войскі НАТО на тэрыторыі іх дзяржаваў. Гэта быў бы сродак застрашэньня Расеі, якая становіцца ўсё больш рашучай, -- паінфармаваў прадстаўнік летувіскай арміі”.

Наш камэнтар: Захваляваліся на Балтыцы… Толькі нешта ўлады гэтых краін мала хвалююцца наконт камфортнай прысутнасьці на іх тэрыторыі (пастаянна і транзітам) плоймы маскоўскай агентуры?

Юрка Марозаў

Часовы камфорт за ўкраінскімі плячыма

15 траўня 2015 г. славацкая газэта “SME” напісала, што прэзыдэнт Украіны Парашэнка сваім указам узнагародзіў пасьмяротна 220 вайскоўцаў, якія загінулі ў баях на Усходзе краіны.

Наш камэнтар: Украінскі народ плоціць крывавую цану, баронячы сваю краіну і Эўропу ад маскоўскай арды. А Эўропа ня хоча нават дапамагчы зброяй украінцам. Філісьцерская палітыка эўрачыноўнікаў (шчодра аплочаных Крамлём) працягваецца.

Алесь Хадасевіч