ПУЦІНІСТЫ ХОЧУЦЬ ВЯРНУЦЬ ВЧК

Дэпутат Дзярждумы ад “Справядлівай Расеі” Тацьцяна Маскалькова запрапанавала перайменаваць МУС у ВЧК і “надаць яму адпаведныя паўнамоцтвы для навядзеньня парадку, захаваньня краіны ў спакоі і бясьпецы”. Як перадае “Коммерсант”, такую заяву яна зрабіла падчас урадавай гадзіны, на якой перад дэпутатамі выступіў з дакладам кіраўнік паліцэйскага ведамства Уладзімір Калакольцаў.

Ці была прапанова справароскі адобрана Калакольцавым або нейкім з дэпутатаў, выданьне не ўдакладняе.

Як гаворыцца ў біяграфіі на сайце Маскальковай, яна больш за 27 гадоў праслужыла ў МУС і мае званьне генэрал-маёра паліцыі. Таксама ў ліку былых пасадаў справароскі значыцца кансультант аддзела памілаваньня прэзыдыюма Вярхоўнага Савету РСФСР.

Год таму камісія пры Масгардуме па манумэнтальнаму мастацтву ў пяты раз з 2000 года адмовілася вярнуць на Лубянку помнік старшыні ВЧК Фэліксу Дзяржынскаму. Усталяваньне манумэнта, зазначылі члены камісіі, “можа выклікаць непажаданую напружанасьць у грамадзтве”.

Між тым на прыканцы 2013-га ВЦІОМ апублікаваў вынікі апытаньня, згодна зь якім 45% грамадзянаў Расеі ўхваляюць ідэю вяртаньня помніка Дзяржынскаму на былое месца. Супраць выказалася чвэрць апытаных. Асноўным аргумантам на карысьць аднаўленьня помніка стала сьцьверджаньне аб неабходнасьці памятаць айчынную гісторыю. Яшчэ 23% прыхільнікаў вяртаньня манумэнта назвалі Дзяржынскага “выдатнай асобай”.

У верасьні 2014 года імя Дзяржынскага было вернута асобнай дывізіі ўнутраных войскаў МУС. Як сьцьвярджалася ў адпаведным указе Уладзіміра Пуціна, рашэньне было прынята “па просьбе вэтэранаў дывізіі”.

23.04.2015

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://grani.ru/Politics/Russia/Parliament/Duma/m.240358.html