АПАЛОГІЯ БРЫДОТЫ

Што такое акупанцкамоўны рэсурс “Белорусский партизан” многія беларусы ўжо здагадаліся. Але многія яшчэ не здагадаліся і працягваюць спасылацца на яго як на адэкватную крыніцу інфармацыі для тых, хто хоча знаць праўду.

“Шэдэўр” маладой асобы пад нікам «Стас Карпов» (http://www.belaruspartisan.org/opinions/296520/)

з гэтага рэсурсу выкананы ў манеры “іранічнага маналога на публіку”. Чаго тут шмат, дык гэта развязанасьці і цынізму . Такі тэкст можа ўзьнікнуць толькі ў выніку сытага, забясьпечанага існаваньня ва ўмовах акупацыйнага рэжыму. Аўтар некалькі разоў падкрэсьлівае, што ня хоча і іншым не раіць змагацца супраць гэтага рэжыму. Адчуваецца, што ён кладзецца ў каляіну, вызначаную апошнім часам прапаганд-лукашызмам. Усё гэта з мутнай палітры, якой малююцца карыкатуры на Гэрб Пагоня і сапраўдных палітычных аўтарытэтаў нацыі. Аўтар нават Васіля Быкава ўбрыкнуў. Гэта яму дастаўляе камфорт, як і ягонаму вышэйшаму шэфу Лукашэнку «со товарішчі».

Мэтай маналога ў разьвязным стыле ёсьць грунтоўная дэзарыентацыя моладзі. Маўляў, давайце дзейнічаць “хіпова”, “пантова”, у “вышыванках”. Абы толькі ня ўдзельнічаць у патрыятычных мерапрыемствах, Быкава не чытаць і Пазьняка ня слухаць – бо “ад іх параза”. Такое ў падручніках для рэжымных агітатараў і супрацоўнікаў спэцслужбаў называецца “здушэньнем волі да супраціву”. Магчыма, што бадзёры маналагіст, выпускнік гістфака, такім чынам пачынае сваю кар’ерку рэжымнага агітатара. Што называецца, “далеко пойдёт товарішч”.

Ня хочацца палемізаваць з апалогіяй брыдоты. Зазначым толькі адно. Калі маладыя беларусы раптам паслухаюць гэтакіх падсадных гукальшчыкаў, то іх лёгка загоняць у маскоўскі канцлягер. І ісьці яны туды будуць усе спрэс у “вышыванках”. Важна не дапусьціць гэтага.

Сяргей Камароўскі