РОЎНААПОСТАЛЬНЫЯ ГЭБЭШНІКІ
У Маскве адбылася падзея, якая сваім эклектызмам выбіваецца нават пасярод цяперашняга стракатага жыцьця Расеі. Вось што паведаміў у Сеціве Portal-credo.ru:
Патрыярх Кірыла (Гундзяеў) 15 красавіка зьдзейсьніў асьвячэньне закладнога каменя ў фундамэнт будучага храма ў гонар сьвятога Фёдара Ўшакова у маскоўскім раёне Паўднёвае Бутава.
“У гэтым храме мы будзем асабліва маліцца аб тых супрацоўніках ворганаў дзяржбясьпекі, якія загінулі пры выкананьні свайго службовага абавязку, загінулі ў мірны час, абараняючы нашую Айчыну”, -- сказаў кіраўнік РПЦ МП на цырымоніі. (…) На цырымоніі сярод іншых прысутнічалі дырэктар ФСБ А. Бортнікаў, дэпутат Дзярждумы, дарадца Патрыярха па будаўніцтву Ул. Рэсін, былы камандуючы Балтыйскім флётам адмірал Ул. Валуеў, прадстаўнікі вайсковых ведамстваў. Храм будзе пабудаваны ў памяць аб супрацоўніках ворганаў дзяржаўнай бясьпекі, што загінулі пры выкананьні службовых абавязкаў.
Крыніца: http://www.portal-credo.ru/site/?act=news&id=113142
Выданьне нагадвае, што самы знакаміты мардвін Ф. Ушакоў (1745-1817) – адзіны ў сьвеце кананізаваны флётаводзец. Ён ваяваў у асноўным з туркамі і меў шэраг перамог. Вось толькі паўстае пытаньне: а прычым адмірал 18-га стагоддзя да супрацоўнікаў ВЧК-НКВД-КГБ-ФСБ? Плашча і кінжала ён не насіў. Спэцслужбамі на ягоным флёце кіраваў нехта з каханкаў Кацярыны ІІ (вось яго і прызначылі б апякавацца гэбэшнікамі). У Бутаве сабраліся разам гэбэшнікі і адміралы. Можа тав. Бортнікаў цяльняшку нацягнуў разам з клёшамі з гэтай нагоды? А можа Ягода, Яжоў і Берыя з Кабулавым у безбрылёўках хадзілі? Але гэта ня зьбіла з панталыку ні тав. Гундзяева, ні ягонага цырыманімайстра Рэсіна (гэты “праваслаўны” таварыш памятны яшчэ з часоў навуковага атэізму, КПСС і цэкоўскай мафіі). Гэтым разам кадзіла ў руках генэрала Гундзяева не згасла і дыміла ў рамках тэмы – як параход.
Але нават ня ў гэтым справа. Усім вядома, што на палігоне Бутава пад Масквой НКВД расстраляў у сталінскія часы дзесяткі тысячаў ахвяраў – прадстаўнікоў інтэлігенцыі, армейскага афіцэрства і г.д. Тут з часоў гарбачоўскай “перабудовы” стаіць мэмарыял, вядомы ва ўсім сьвеце. І вось “нічтоже сумняшеся” гэбэшнікі прышлі на месца сваіх злачынстваў і забясьпечылі сябе “марскі храм” у паўднёвай частцы сусьветна вядомага Бутава. Маўляў, яны былі і ёсьць не катамі і злачынцамі, а ахвярамі і сьвятымі. Такое не прышло ў галаву нават Булгакаву з Майстрам і Маргарытай.
Яно можа б няхай сябе вырабляюцца ў няшчаснай Маскве, справа іхняя. Але нават кроў стыне ў жылах, як падумаеш, што з Лубянкі можа пайсьці чарговае “Urbi et Orbi”. І менскія падначаленыя, якія столькі разоў спрабавалі зьнішчыць Народны мэмарыял у Курапатах, заявяць свае правы на Паўднёвыя Курапаты. Туды прыедзе на лімузіне бацюшка Кранік, раскажа пра атамны выбух і асьвенціць кадзілам “храм у гонар роўнаапостальных гэбэшнікаў”. Усе будуць у цяльняшках і з корцікамі.
Улічваючы агульную шызафрээнічную сытуацыю ў суседняй імпэрыі ўсяго ад іх можна чакаць. І да ўсяго быць гатовымі.
Алесь Хадасевіч