ПРА СЁЛЕТНІ ДЗЕНЬ ВОЛІ

25 Сакавіка сотні маладых у асноўным людзей прайшлі па дазволеным маршруце пад Бел-Чырвона-Белымі і ўкраінскімі сьцягамі. Быў вялікі транспарант “Расія – гэта вайна”, былі гуканьні “Жыве Беларусь!” Усё гэта было, нягледзячы на тое, што час пачатку шэсьця ўлады перанесьлі на ранейшы тэрмін (а гэта працоўны дзень), канцэрт на Бангалоры быў адменены (забаронены), пра мітынг нават ня йшлося ў планах арганізатараў. Так яно ўсё й прайшло па мяккім варыянце: без стаяньня на месцы выгула сабак, без слуханьня спічаў фальшывых асобаў з псэўдаапазыцыі.

Па ўсім бачна, што маладыя патрыёты не паддаліся на правакацыі крывадушнай публікі, якая апошнім часам па камандзе сваіх гаспадароў пачала кампанію абылганьня нашых сьвятынь: Сьцяга, Пагоні і Дня Волі. Крывадушныя пагалдзелі, пакрыўляліся, але ні на каго не паўплывалі з сваімі карыкатурамі і “прыкольнымі” выявамі ды заявамі. Моладзь імкнулася адзначыць найвялікшае нацыянальнае сьвята дастойна, пад сапраўднай нацыянальнай сымволікай і без крыўляньня, хацела выкарыстаць любую магчымасьць для гэтага. Многія так і казалі, што прыйшлі да Акадэміі навук не дзеля псэўдаў, якія кіравалі акцыяй, а дзеля таго, каб узьняць у роднай сталіцы Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, каб “выкарыстаць гэтую легальную магчымасьць”. Атрымалася эфэктна і жыхароў сталіцы ўразіла вялікая дэманстрацыя патрыятызму ў наш сумны і глухі час.

Застаецца толькі хіба што адзін аспэкт, пра які збольшага не гавораць пасярод самазадаволеных заяваў арганізатараў і прыемных успамінаў удзельнікаў шэсьця. Кіравалі папярэдняй кампаніяй і самым шэсьцем асобы, якія даўно засьведчылі сваю несамастойнасьць у палітычнай дзейнасьці, факт свайго існаваньня як арганічнай часткі акупацыйнага рэжыму. Адным словам гэтая публіка называецца “папамі-гапонамі”. Ну, які там “БНФ пад кіраўніцтвам лідэра А. Янукевіча”! Або якая там Жана Д’Арк з мадам Хоміч! Усё гэта ёсьць засьведчаныя марыянэткі рэжымных лялечнікаў. Гэтым разам лялечнікі вырашылі даць магчымасьць сваім лялькам засьвяціцца на Дзень Волі. І, мабыць, вельмі шкадуюць аб гэтым цяпер. Бо лялькі згубіліся пасярод многіх сапраўдных патрыётаў.

І ўсё ж трэба памятаць пра нешта вельмі важнае, даказанае практыкай ня раз. Лялечнікі і надалей будуць выкарыстоўваць сваіх кліентаў на шкоду нашай нацыянальнай справе, дзеля дэзарыентацыі шчырых і чыстых душой маладых людзей, гатовых на ўсё дзеля вызваленьня і шчасьця Бацькаўшчыны. Посьпех сёлетняй акцыі на Дзень Волі лялечнікі, безумоўна, кваліфікуюць як прырост палітычнага капітала для сваіх марыянэтак. І не забудуцца пакарыстацца імі ў наступных сваіх антыбеларускіх праектах. Тыя ж асобы (з “прырошчаным паліткапіталам”) будуць гукаць “Иди на выборы и скажи ему своё НЕТ!” Яны зноў павядуць у чарговую пастку, пад удар, на паразу і разгром тысячы патрыётаў (як гэта было ў Крывавую нядзелю 19 сьнежня 2010 года). Праца ў іх такая. Ім нельга давяраць. Імі ня ўдасца пакарыстацца дзеля нібыта легалізацыі патрыятычных выступаў. Супрацоўніцтва зь імі заўсёды прыводзіла да тупіка, неапраўданых стратаў, расчараваньня і дэпрэсіі.

Беларусы, не дазвольце пакарыстацца сабой нячыстым на руку псэўдаапазыцыйным палітыканам з-пад цёмнай зоркі “палітбізнэсу”!

Сяргей Камароўскі