СУД НАД БЕЛЕНЬКІМ ПЕРАНЕСЬЛІ НА 24 СЬНЕЖНЯ

Разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе Менскага раёну супраць намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага зноў перанесены. Чарговае пасяджэньне адбудзецца 24 сьнежня а 10 гадзіне.

На палітыка быў складзены пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства — мітынгу ў Курапацкім лесе на Дзяды 2 лістапада.

Разгляд справы пачаўся 3 сьнежня і быў адкладзены на 17 сьнежня, бо на працэс не зьявіліся сьведкі-міліцыянты, якія займаліся аховаю правапарадку падчас мітынгу.

Сёньня ў судзе паведамілі, што судзьдзя Ткачук, які пачынаў разгляд справы, захварэў, і прызначылі іншага судзьдзю, які таксама перанёс працэс.

«Нечакана суд зноў перанесьлі. Маглі б прыняць рашэньне, як гэта рабілі Першамайскі і Ленінскі суды гораду Менску, не зважаючы на рэальны стан рэчаў і доказы. А тут такое адчуваньне, што судзьдзя, які пачынаў працэс, захварэў, а другі судзьдзя не захацеў, бачачы дохласьць гэтай справы, браць на сябе адказнасьць. Ён знайшоў фармальную падставу, каб паседжаньне перанесьці і каб пастанову выносіў той судзьдзя, які пачынаў. Бо справа абсалютна відавочная: ніякіх парушэньняў з майго боку не было, і справа мусіла быць закрытая на першай хвіліне. Бо на мяне складзены пратакол як на арганізатара масавага мерапрыемства, а арганізатарам была юрыдычная асоба — КХП-БНФ. Гэтага, на жаль, не адбылося, але нейкая нэрвовая рэакцыя была заўважаная», — апавёў Юрась Беленькі карэспандэнту Свабоды.

Гэта трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на Юрася Беленькага за арганізацыю дазволеных уладамі мітынгу і шэсьця ў Курапаты і Лошыцкі Яр 2 і 9 лістапада адпаведна.

Раней два суды ўжо аштрафавалі палітыка агулам на 7,5 мільёна рублёў за шэсьце ў Курапаты і Лошыцу.

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/sud-nad-bielienkim-pieraniesli-na-24-snieznia/26749273.html