ДЭЗІНФАРМАЦЫЙНАЯ СПЭЦАПЭРАЦЫЯ ЯК РАЗМАЛЯВАНАЯ ШЫРМА

У расейскіх СМІ працягваецца распаўсюджваньне дэзінфармацыі пра падзеі і тэндэнцыі ў Беларусі. Начальнік прамаскоўскага васальнага рэжыму настолькі баіцца “ветлівых людзей” з Масквы, што раптам вырашыў мадээрнізаваць армію РБ і памяняў рускага міністра абароны на беларускага. Згадваюцца заявы начальніка рэжыму пра “будзем абараняцца ад агрэсіі з Захаду, так і з Усходу”. Напісана шмат чаго, нават пра магчымасьць гібрыднай вайны. За наслаеньнем словаў расейскі (і наш мясцовы) чытач так і не дакапаецца да ключавых словаў, у якіх заключаны сэнс “бліскучых вайсковых рэформаў” афіцыёзнага Менску. Гэтых словаў там няма.

А не напісана вось пра што: днепрапятроўскага генэрала Жадобіна замянілі на магілеўскага Раўкова, гэта праўда. Ды толькі забыліся дадаць, што гэты “зямляк” належыць да элітнай крамлёўскай гвардыі – у самым прамым значэньні гэтага слова. Ён вучыўся і рабіў сваю кар’еру ў крамлёўскіх мурах, адтуль і быў камандыраваны ў РБ як каштоўны крамлёўскі кадр. І як гэта маскоўская газэта (дзе знаходзіцца вышэйзгаданы Крэмль) забылася паведаміць пра гэта сваім чытачам?! Гэта ж трэба так!

Далей болей. Васальны рэжым настолькі баіцца маскоўскага сюзэрэна, што цытуем:

“Источник «Газеты.Ru» в белорусском генштабе также свидетельствует, что именно действия России относительно Украины подтолкнули белорусское руководство к срочному пересмотру военной доктрины”.

Вось як! Ня сьпіць у шапку маскоўская Газэта.ру, мае свайго Шцірліца ў беларускім генштабе, ведае пра штабныя таямніцы. І куды глядзіць менская контрвыведка?

І як жа зьбіраецца рэжым бараніць нас, напалохаўшыся Масквы, якая вось так “дзейнічае адносна Украіны”? Цікава, што маскоўская газэта цытуе менскага ваеннага экспэрта А. Паротнікава і ён тлумачыць наступнае:

“І рэформаў ніякіх няма па сутнасьці… Упершыню сёлета адпрацоўваўся сцэнар узаемадзеньня вайскоўцаў і ўнутраных войскаў МУС у ходзе здушэньня масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца захопамі адміністрацыйных будынкаў”.

Вось да такой “гібрыднай вайны”, “такой пагрозы з Усходу” рыхтуецца і трэніруецца прамаскоўскі рэжым і яго начальнік. Кур’ёзна, што маскоўская газэта ня бачыць у сваіх разважаньнях-цытаваньнях ніякай супярэчнасьці. Яна прапануе ня ўбачыць іх і сваёй чытацкай аўдыторыі. Расейскія СМІ ня бачаць (а можа ня ведаюць?) таксама пра расейскія ваенныя базы на тэрыторыі Беларусі, пра “агульную групоўку РБ і РФ”, падпарадкаваную Маскве, пра камісарскае русіфікатарскае абалваньваньне жаўнераў і афіцэраў нашай арміі. Затое ёсьць эфэктныя тытулы-“шапкі” для газэтных балёнак, ёсьць манумэнталізацыя менскіх дзеячаў, якія на самой справе зьяўляюцца прыслугай Масквы. Ярка размаляваная шырма прыкрывае сапраўдныя дзеяньні, што рыхтуюцца і ўжо праводзяцца на тэрыторыі нашай краіны.

Сяргей Камароўскі