ЛІСТАПАД. СЛУЦКІ ЗБРОЙНЫ ЧЫН

Дарагія землякі, дарагія беларусы!

Віншую ўсіх з надыходзячымі 94 угодкамі Слуцкага Збройнага чыну. У лістападзе-сьнежні 1920 года слуцкія беларускія дабраахвотныя вайсковыя аддзелы, сфармаваныя з сялян, выступілі ў абарону Беларусі супраць наступаючай Чырвонай арміі бальшавікоў і цэлы месяц трымалі гераічную абарону перад расейскай армадай.

Гэтая падзея мусіць быць заўсёды ў нашых сэрцах. Яна ёсьць значнай сама па сабе зваім зьместам барацьбы за волю і незалежнасьць Айчыны. Але сёньня, калі цёмныя сілы агрэсіўнай Расеі напалі на вольную Украіну і над Беларусяй згушчаецца небясьпека агрэсіі і мацнее пагроза нашай дзяржаўнай незалежнасьці з боку імпэрыялістычнай Расеі, барацьба слуцкіх змагароў зьяўляецца для нас найперш прыкладам у дзеяньнях па абароне Радзімы. Памятайма заўсёды пра гэты высакародны чын барацьбы і будзьма гатовыя да збройнага змаганьня за нашу вольную Бацькаўшчыну Беларусь.

27 лістапада 2014 г. Зянон Пазьняк