ДЗЯДЫ — 2014 У МЕНСКУ

2 лістапада на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сотні людзей прышлі ў цэнтар нашай сталіцы, каб ушанаваць памяць Дзядоў. Людзі прайшлі шэсьцем праз горад пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, несьлі таксама сьцягі Украіны і крыжы. Бальшыня ўдзельнікаў – маладыя хлопцы і дзяўчаты. Грамада гукала “Жыве Беларусь!”, “Слава Украіне!”, “Героям слава!”, сьпявала патрыятычныя беларускія песьні.

У Курапатах, на тэрыторыі Народнага мэмарыялу адбыўся мэмарыяльны мітынг. Грамада заслухала зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ – “Не забівайце самых сябе” (апублікавана). Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі. Выступоўцы падзяквалі людзям за тое, што яны прайшлі далёкі шлях, каб пакланіцца магілам нашых пакутнікаў.

Беларусы – культурны, эўрапейскі народ, памятае сваіх продкаў, думае пра будучыню. Гэта ведае акупанцкі рэжым, які на загад Масквы імкнецца пазбавіць нас нашай культурнай асновы і загнаць у сваё ардынскае рабства. Яны паспрабавалі зрабіць гэта з нашымі братамі ўкраінцамі. І нічога ня выйшла, таму што ўкраінцы згуртаваліся на аснове роднай культуры і мовы і пачалі супраціўляцца імпэрскаму ворагу, біць яго і гнаць з сваёй зямлі. Безьліч разоў даказана гісторыяй – хто бароніцца і б’е ворага, нясе нашмат меншыя страты, чым той, хто без бою скараецца акупанту. Пра гэта нагадваюць нам таксама магілы курапацкіх пакутнікаў. Многія зь іх крычалі перад сьмерцю, пытаючыся ў сваіх катаў: “За што?!”

Больш беларусы ня будуць пытацца ў маскоўскай арды пра гэта, бо зразумела, за што забівалі і забіваюць нашых людзей, – за тое, што яны былі і ёсьць беларусамі. Але мы былі, ёсьць і будзем беларусамі! Ня ўдасца навязаць нам чужое і дзікае як сваё і роднае, нас не падманеш. Стала вядома, што Масква ўжо распрацоўвае планы стварэньня на нашай зямлі “Гомельскай народнай рэспублікі” і г.д. – усё паводле данбаскага сцэнару. Людзі павінны зразумець, якая гэта небясьпека, колькі ахвяраў і якія разбурэньні можа прынесьці гэтая акупанцкая авантура. Бараніць сваё – мову, культуру, народ, дзяржаву – ёсьць нашым абавязкам. Гэта ёсьць запавет нашых сьвятых Дзядоў.

На прыканцы грамада засьпявала нацыянальны гімн “Магутны Божа”. Людзі ўсклалі кветкі на магілы пакутнікаў, усталявалі на іх прынесеныя крыжы, запалілі сьвечкі і зьнічы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

2 лістапада 2014 г.