ВІКТАР ШАНДАРОВІЧ: НАВЕРСЕ ДАПІЛОЎВАЮЦЬ РЭШТУ...

Україна, “Наваросія”, ворагі-піндосы, разбэшчаная гейропа і расейская загадкавая духоўнасьць – гэта ўсё проста спроба адцягнуць “вялікі народны калектыў патрыятычнага танца” – ад лічбаў на табло на расейскіх абменьніках.

Пра гэта ў сваёй калёнцы ў “Штодзённым журнале” піша расейскі пісьменьнік і сатырык Віктар Шандаровіч.

“Учора гэты шматмільённы калектыў вадзіў карагоды, ганарыўся зялёнымі крымскімі чалавечкамі і радваў ВЦИОМ туркмэнскай падтрымкай ўсяго сутнага. Сёньня ён пачынае паціху часаць рэпу і з трывогай пазіраць на вакенца выдачы заробку”, -- піша аўтар.

На думку сатырыка, расейскія ўлады беспасьпяхова спрабуюць выратаваць сытуацыю з рублём валютнымі інтэрвэнцыямі.

“Сёньня наверсе проста дапілоўваюць рэшту, выйграючы час валютнымі інтэрвэнцыямі з запасу, накопленага ў тлустыя нафтавыя ггады. Але лыжачка ўжо адчувальна шкрабе па дну”, -- зазначыў пісьменьнік.

Шандаровіч таксама ўказвае на эканамічную ізаляцыю Расеі, якая пагражае зрабіць РФ падкантрольнай Кітаю.

“На мінулым вітку можна было пайсьці па грошы ў Парыжскі клюб (неафіцыйная міжурадавая арганізацыя разьвітых краін-крэдытораў, што займаецца рэструктурызацыяй запазычанасьці краін, якія разьвіваюцца” – “ГОРДОН”), але алімпійскія кольцы сьціснулі Пуціну галаву так, што ён разарваў адносіны з сьветам. Сёньня можна толькі аддацца Кітаю, але Кітаю пры такім раскладзе мы ў хуткім часе дастанемся бясплатна, а ў Паднябеснай нікуды не сьпяшаюцца”, -- піша сатырык.

“Ідыёцкая эйфарыя” 2014 года ў Расеі, на думку пісьменьніка, заканчваецца “жорсткай сустрэчай з рэчаіснасьцю”.

“Год, які распачынаўся масавай ідыёцкай эйфарыяй, заканчваецца так, як заканчваецца кожная эйфарыя – жорсткай сустрэчай з рэчаіснасьцю. Рубель ужо не сьлізгае, а ляціць на дол, Україна страчаная на дзесяцігоддзі, і войскі НАТО стаюць ня ў Польшчы, а проста па пэрымэтру”, -- зазначыў аўтар.

30 кастрычніка на Маскоўскай біржы курс расейскага рубля ўпаў ніжэй за псіхалагічныя адзнакі 43 руб. за даляр і 55 руб. за эўра.

У сувязі з падзеньнем коштаў на нафту рубель працягвае абясцэньвацца. Балазе, як мяркуюць аналітыкі выданьня Financial Times, апэрацыі Цэнтрабанка змогуць утрымаць краіну на цярпімым узроўні не даўжэй, чым да канца года. Усе планы Масквы па ўрэгуляваньню нацыянальнай валюты разбурацца, калі насельніцтва РФ вырашыць, што ў далярах свае сродкі захоўваць больш надзейна.

3.11.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/money/SHenderovich-Naverhu-dopilivayut-ostavsheesya-vyigryvaya-vremya-intervenciyami-no-lozhechka-uzhe-skrebet-po-dnu-49581.html