БЯЗГЛУЗДЫЯ МАРШЫ ПРАФАНАТАРАЎ

У “дэмСМІ” РБ 17 кастрычніка былі занятыя ўспамінамі. 15 гадоў таму “апазыцыя” правяла ў Менску першы свой так званы “Марш свабоды”. 17 кастрычніка 1999 года групка псэўдаапазыцыянэраў (якую ўжо пачаў карміць з рук і арганізоўваць “на далучэньне Беларусі да Расеі з дазволу КГБ РБ” сумна памятны Ганс Вік, які пазьней публічна прызнаўся ў гэтым) упершыню сабрала на Бангалорскім сабачніку вялікую колькасьць беларусаў. Гэта былі тысячы ў асноўным маладых людзей, якія паверылі ў заклікі псэўдаў і пайшлі за імі. Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка папярэджваў людзей, што нельга маршыраваць бязглузда па камандзе асобаў, якія прывялі да ўлады Лукашэнку (А. Лябедзька) і зусім нядаўна раскалолі БНФ (В. Вячорка, Ю. Хадыка, А. Бяляцкі і інш.). Але многім хацелася маршыраваць.

Арганізатары павялі “марш” праз цэнтар сталіцы. Потым міліцыя завярнула іх убок. На вул. Казлова адзін з афіцыйных арганізатараў акцыі, праф. Ю. Хадыка аддзяліўся ад калёны, ускочыў у трамвай і паехаў дахаты. З усіх тысячаў людзей толькі «прахвэсар» ужо ведаў або адчуў, чым усё скончыцца. Яно тым і скончылася. Калёну прывялі на мост праз Сьвіслач на вул. Першамайскай. І вось жа цікава, там якраз адбываліся дарожныя работы і ляжала шмат дарожнай пліткі. З боку міліцэйскіх шыхтоў выскачылі нейкія людзі ў цывільным і пачалі кідацца пліткай у дэманстрантаў. Тыя таксама схапіліся за плітку. Міліцыя заатакавала “марш”, было зьбіта і затрымана шмат маладых людзей. Стала вядома, што “маршам” у кірунку на Першамайскую камандваў М. Статкевіч. Менавіта з таго драматычнага дня людзі пачалі рытарычна пытацца, хто гэта такі і што ён робіць. Дагэтуль ніхто ня можа ўспомніць, чаму быў прысьвечаны гэты “марш” і якія былі яго патрабаваньні.

У наступныя гады псэўды арганізоўвалі яшчэ “Марш Свабоды – 2”, потым (як гэта было напісана на плакаціках) “Марш за хорошую жизнь”. І ўсё ў той жа манеры: без мэты, бязглузда, для “карцінкі”, якую потым перадавалі эўраспонсарам. Празь некалькі гадоў беларусы ўрэшце разабраліся, што імі кіруюць фальшывыя і несамастойныя фігуры, і перасталі хадзіць на іхнія мерапрыемствы. У 2007 г., аднак, мы назіралі беспрэцэдэнтныя па маштабах рэкламныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы “Эўрапейскага Маршу Свабоды” (тыя ж псэўдакіраўнікі, асабліва выдзяліўся быў В. Івашкевіч). На працягу пяці месяцаў (!) маладзенькія асобы бегалі па Менску і расклейвалі налепкі (у асноўным на акупанцкім “языке”) пра гэты “марш”. Калі дарослыя людзі пыталіся ў іх, якія мэты гэтага мерапрыемства, маладыя губляліся і не маглі нічога сказаць. Было зразумела, што гэта бяскрыўдныя “гаўрошы”, зь якімі псэўды проста падзяліліся малой часткай грантаў і паслалі іх на вуліцу. Пасьля такой працяглай “артпадрыхтоўкі” усё скончылася пшыкам. “Эўрамарш” сабраў крыху больш за 2 тысячы асобаў. Усім стала зразумела, што аплочаная Гансам Вікам псэўдаапазыцыя згубіла давер палітычна актыўных беларусаў.

Але гэта яшчэ ня быў канец. Псэўдам удалася яшчэ адна маштабная падзея. Маецца на ўвазе “Крывавая нядзеля” 19 сьнежня 2010 г. А. Саннікаў, І. Халіп, М. Статкевіч павялі дзесяткі тысячаў у асноўным маладых людзей з плошчы перад палацам дыктатара на плошчу да Дому Ураду. Чаму менавіта туды і навошта? – гэтым пытаньнем задаюцца многія. Там людзей ужо чакаў паліцэйскі мяшок і крывавая расправа.

У выніку гэтых дзеяньняў асобаў нячыстага сумленьня рэжыму ўдалося дэскрыдытаваць самую ідэю і традыцыйную фронтаўскую (з 1988 года) форму вулічнага пратэсту. Цяпер нам прапануецца адзначаць “юбілей” пачатку гэтай дэскрыдытацыі. Няхай прафанатары сьвяткуюць, а разумныя людзі павінны ўспомніць усё і зрабіць адпаведныя высновы.

Сяргей Камароўскі