“РАСЕЯ — ГЭТА ВАЙНА”

(Жнівеньскі Сойм 2014 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

17 жніўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – “Міф аб “рускім народзе”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца прааналізаваў цяперашні этап украінска-расейскай вайны і сацыяльна-эканамічнага крызісу ў Расеі. Роўна месяц прамінуў з таго трагічнага дня, калі на загад Масквы быў састрэлены пасажырскі самалёт у небе над Данбасам. Зьнішчаць пасажырскія самалёты ракетамі Маскве не ўпершыню, такое яны практыкавалі й раней, напрыклад, у 2004 годзе. Гэтым разам Масква мела намер выкарыстаць гэта для разгортваньня паўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны, абвінаваціўшы ў злачынстве Украінскую армію. Але замест расейскага самалёта, маскоўскія тэрарысты састрэлілі замежны лайнэр. Сытуацыя ўскладнілася і правакацыя правалілася. Але лакальная вайна на ўсходзе Украіны працягваецца, небясьпека паўнамаштабнай вайны застаецца. Украінскія вайскоўцы пры падтрымцы ўсяго народу штодня вызваляюць гарады і паселішчы на сваёй дзяржаўнай тэрыторыі. Кіруемыя Масквой тэрарысты адступаюць і многія зь іх разьбягаюцца. Гэта яшчэ раз даказвае, што народ, які не напалохаўся магутнага ворага, а пачаў змаганьне, здольны перамагчы і абараніць сваю дзяржаву і волю.

Для беларусаў вельмі важным ёсьць зразумець вялікую небясьпеку ўцягваньня Масквой нашай арміі і ўсяе Беларусі ў вайну супраць братэрскага народу. Мы павінны тлумачыць нашым людзям гэтую небясьпеку і неабходнасьць грамадзкага супраціву гэтаму злачынству. Беларуская тэрыторыя напампоўваецца расейскімі войскамі і ваеннай тэхнікай. Супраць нашага народу вядзецца беспрыцыдэнтная па маштабах і подласьці інфармацыйная вайна дзеля распальваньня нянавісьці да ўкраінцаў і падрыхтоўкі нашага насельніцтва да ўдзелу ў бруднай расейскай агрэсіі супраць Украіны. Патрыёты павінны цярпліва і пасьлядоўна разьбіваць гэтую хлусьлівую прапаганду і казаць праўду пра падзеі ва Украіне і ваенныя злачынствы Масквы. Таксама трэба папярэджваць, каб людзі не аддавалі сваіх родных на расейскую вайну.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны зазначылі, што многія людзі паддаюцца хлусьлівай расейскай прапагандзе менавіта таму, што адарваліся ад роднай культуры і мовы, сталіся ахвярамі акупацыйнай палітыкі русіфікацыі. Вырваныя зь беларушчыны, яны ўжо ня здольныя прыкласьці мінімум намаганьняў, каб зразумець інфармацыю на ўкраінскай мове з украінскіх інфармацыйных крыніц і прынамсі параўнаць яе з маскоўскай тэлегёбельсаўшчынай. Беларусы, якія дэзарыентаваныя русіфікацыяй, як аказалася, лёгка паддаюцца злачынным маскоўскім маніпуляцыям. Неабходна выразна і адназначна даводзіць нашым людзям просты лёзунг нашага часу – “Расея – гэта вайна”. Прычым тлумачыць, што гэта азначае вайну і для нас, для Беларусі. Паратункам для нашай нацыі і краіны ёсьць усталяваньне ў Беларусі беларускай патрыятычнай улады, рэформы, пазбаўленьне ад каланіяльнага ўціску Расеі, дэмакратызацыя і забесьпячэньне сувэрэннага разьвіцьця. Іншы шлях азначае пагібель разам з расейскай імпэрыяй, якая ідзе да свайго развалу. Выбар паміж жыцьцём у сям’і цывілізаваных народаў і сьмерцю ў абдымках Масквы наш народ павінен зрабіць ужо цяпер.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

17 жніўня 2014 г.