МАСКВА РЫХТУЕЦЦА ДА МАШТАБНАЙ ЭЎРАЗІЙСКАЙ ВАЙНЫ

Расейскі прэзыдэнт накіраваў у адстаўку ўсіх тых вышэйшых афіцэраў РФ, якія не падзялялі ягоную думку наконт наступальнай канцэпцыі адносна Украіны. Такую думку ў камэнтарах СМІ выказаў вядомы палітолаг Алег Соскін.

“Верагодней за ўсё, яны выказвалі яму папярэджаньні наконт адкрытага ўварваньня ва Украіну. Казалі Ул. Пуціну пра тое, што гэта можа прывесьці да значных адмоўных наступстваў. Указвалі на магчымыя рызыкі. Але кіраўніку Крамля гэта зусім не цікава. Ён працягвае нарошчваць сілы на расейска-украінскай дзяржмяжы. І яму неабходна было выдаліць ўсіх тых прафэсіяналаў, якія хістаюцца ў дадзеным пытаньні. Ён замяніў іх тымі, хто будзе без пярэчаньня выконваць ягоныя ўказаньні. Яму патрэбныя толькі робаты”, -- патлумачыў экспэрт.

Сп. Соскін мяркуе, што Пуцін рыхтуецца разгарнуць маштабную эўразійскую вайну.

“А такога кшталту вайна прадугледжвае, што ўсе без выключэньня складнікі ваенных, палітычных, эканамічных, а таксама інфармацыйна-тэхналагічных сілаў безумоўна павінны дзейнічаць у добра зладжаным алгарытме і пры гэтым не задумваючыся выконваць розныя загады правадыра”, -- распавёў ён.

Разам з тым іншы палітолаг Я. Магда ня бачыць зусім нічога дзіўнага ў такім масавым звальненьні афіцэраў вышэйшага складу РФ. “Пуцін ніяк не выходзіць па-за рамкі ўласных паўнамоцтваў. Гэта цалкам зьяўляецца ягонай прэрагатывай. Відавочна, ён проста знайшоў зусім іншых людзей, якіх лічыць зараз больш эфэктыўнымі. Таму ён і дзейнічае падобным чынам”, -- сказаў Магда. Пры гэтым экспэрт дадаў, што ў гэтым ён ня бачыць нічога сур’ёзнага. “Тут раскрываць нейкую змову, значыць выдаваць пажаданае за наяўнае”, -- патлумачыў ён.

Адмыслоўцы з выданьня “Биржевой лидер” нагадваюць, што 7 жніўня Ул. Пуцін звольніў адразу 18 вышэйшых афіцэраў РФ, сярод якіх вайсковыя, начальнікі МУС, Сьледчага камітэту РФ і ФСНК. У сваю чаргу, прэс-служба самога прэзыдэнта проста змаўчала пра масавае звальненьне вышэйшага афіцэрскага складу. Пакуль што адзінымі крыніцамі, што пацьвярджаюць гэты факт, зьяўляюцца афіцыйныя ўказы, абнародваныя на інтэрнэт-сайце Крамля.

Верагоднасьць наўпроставага ваеннага ўварваньня РФ на тэрыторыю Украіны даволі высокая. Пра гэта ў сваім інтэрв'ю СМІ распавёў паліттэхнолаг А. Качаткоў. “Улады Украіны страхуюцца па ўсіх накірунках. Яны працуюць у Хэрсонскай, Харкаўскай вобласьцях. У Адэскай таксама рыхтуюцца адбіць атакі. Спрабуюць перакрыць цяперашнюю мяжу з Прыднястроўем, бо адна толькі каманда Пуціна – і войскі расейцаў, разьмешчаныя паўз мяжу, хлынуць у нашую краіну”, -- зазначыў ён. Па словах экспэрта, расейцы працягваюць патрабаваць ад Пуціна аб’явіць Кіеву вайну.

“Ён вярнуў дзяржаву ў Сярэднявечча. Там улада мае сапраўдны сакральны характар, а ўсе без выключэньня падданыя ганарацца, што яны зьяўляюцца правапераемнікамі Залатой Арды. Яны ўсе ўспрымаюць далейшыя заваёвы як разьвіцьцё. Шчыра вераць, што абсалютна ўсіх перамогуць. Гэта ёсьць шчыльнае спалучэньне рускай прапаганды і імпэрскага мэнталітэту. Пакуль расейцы па мордзе не атрымалі, яны гатовыя браць аўтаматы і ваяваць супраць нашай краіны. Атрымаюць дыхту – іх ваяўнічае жаданьне сьцішыцца. Толькі аб’яднаны сьвет можа сёньня даць у морду Расеі. Іх ваенныя стратэгі добра ўсьведамляюць звышмагутнасьць НАТО. Па гэтай прычыне адзіны аргумант Расеі – гэта ўжываньне сучаснай ядзернай зброі. Маўляў, калі з намі ня хочаце дамаўляцца, то ўзарвем усіх і ўсё”, -- заявіў Качаткоў.

Ён мяркуе, што карані гэтак званага рускага фашызма дасягаюць глыбокай даўніны. “Адчуваньне вялікай імпэрыі нікуды ня зьнікла. Маштабная прапаганда ўзмацняе розныя радыкальныя настроі ва ўсім грамадзтве. Ствараць нешта новае – складаны і працяглы працэс. Лягчэй пайсьці і проста жаданае забраць гвалтам. Так дзейнічае сёньня Расея. Яна хоча, каб яе ўсе шанавалі не за дасягненьні, а з-за бясконцага пачуцьця страху перад магутнасьцю”, -- дадае паліттэхнолаг.

Цяперашні кіраўнік СБУ В. Налівайчанка мяркуе, што планы РФ па ўварваньню ва Украіну яшчэ да канца ня зьнятыя. “Планы ўварваньня, мяркуючы па тым, наколькі інтэнсіўна адбываецца ўвесь час забесьпячэньне ваеннай тэхнікай, да канца так і ня зьнятыя. Таму мы актыўна змагаемся і ваеннымі мэтадамі і рознымі сьледча-прававымі мэтадамі і, зразумела, інфармацыйнымі. Працягваем змагацца супраць таго, каб было ўварваньне”, -- патлумачыў кіраўнік СБУ.

Трэба адзначыць, што нядаўна ЗША заявілі, што будуць лічыць наўпроставым ваенным уварваньнем правядзеньне расейскім бокам у аднабаковым парадку апэрацыі па дастаўцы якой-кольвечы гуманітарнай дапамогі на торыторыю Украіны. Пра гэта, у прыватнасьці, сказала пастаянны прадстаўнік гэтай краіны пры ААН С. Паўэр на паседжаньні Рады Бясьпекі сусьветнай арганізацыі.

“Якая-кольвечы аднабаковая інтэрвэнцыя расейскай дзяржавы на ўкраінскую тэрыторыю – таксама і на падставе аказаньня неабходнай гуманітарнай дапамогі – будзе абсалютна недапушчальнай і выклікае толькі глыбокую трывогу. Акрамя таго, яе будуць разглядаць як уварваньне ва Украіну”, -- падкрэсьліла яна.

Віталіна Тарасава

9.08.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://www.profi-forex.org/novosti-mira/entry1008221726.html