АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (07.08–09.08.2014)
Той, хто змагаецца за сваё
8 жніўня 2014 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла, што авіяцыя ЗША пачала налёты на пазыцыі ісламскіх баевікоў. Баевікі імкліва захопліваюць поўнач Ірака. Налёты пачаліся на просьбу курдскіх кіраўнікоў. Ісламісты наблізіліся да тэрыторыі ірацкага Курдыстану.
Наш камэнтар: Дзесяткі тысячаў іракцаў уцякаюць з гарадоў і вёсак, захопленых экстрэмістамі, у Курдыстан. Ірацкія часткі разгромлены і ўцякаюць. Арганізаваны супраціў аказваюць палкі курдаў. Найбольш дзяржаўнага парадку якраз на тэрыторыі Курдыстана. Той, хто змагаецца за сваё, не ўцякае, той і атрымлівае міжнародную дапамогу.
Алесь Хадасевіч
Больш спасылайцеся на расейскія гёбэльс-СМІ
8 жніўня 2014 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” спаслалася на расейскую агенцыю навінаў Interfax, якая паведаміла ўвечар 8 жніўня пра завяршэньне вялікіх ваенных вучэньняў расейскай арміі каля мяжы з Украінай. “Войскі адведзеныя на свае базы”.
Наш камэнтар: Сутак не прамінула, а як цікава пачытаць. Ужо вядома, што ўначы з 8 на 9 жніўня ў бок мяжы з Украінай пасунулася вялізная калёна расейскіх войскаў. Масква зьбіралася атакаваць Украіну пад прыкрыцьцём “гуманітарнай місіі”. Толькі своечасовая міжнародная рэакцыя спыніла гэтым разам агрэсара. Паведамленьне ад Interfax было класічным падманным інфармацыйным манеўрам. Няхай заходнія СМІ пабольш спасылаюцца на расейскія СМІ.
Юрка Марозаў
Наперадзе пустыя паліцы
8 жніўня 2014 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала пра скандал на расейска-эўрапейскай мяжы. Там сабраліся тысячы грузавых машын з прадуктовымі таварамі. І тут стала вядома, што Масква наклала забарону на імпарт харчаваньня.
Наш камэнтар: Вядома, што “дарагія расіяне” ужо панічна скупляюць харчаваньне пра запас. Пацешна глядзець БТ, дзе весела распавядаюць, як Беларусь “запоўніць сваёй прадукцыяй вялікі расейскі рынак”. Усе слухаюць і многія разумеюць, што гэта азначае пустыя паліцы ў беларускіх крамах.
Алесь Хадасевіч
Камуністы з Іспаніі
8 жніўня 2014 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра двух маладых іспанцаў, якія прыехалі ва Украіну і запісаліся ў сэпаратысцкі батальён “Восток”. Яны ваююць супраць украінскай арміі, носяць з сабой сьцяг з дэвізам “No pasaran!” (“Яны ня пройдуць!) і паведамляюць пра сябе ў сацсетках. Яны кажуць, што паўтараюць традыцыю інтэрнацыянальных брыгадаў грамадзянскай вайны ў Іспаніі і бароняць народ Паўднёвага Усходу Украіны. Абодва належаць да кампартыі Іспаніі.
Наш камэнтар: Вось такія заходнія “рамантыкі” пад уплывам маскоўскай прапаганды. Пад гарачую руку ўкраінцы могуць не разабрацца і ліквідаваць чарнявых балбатуноў як кадыраўска-чачэнскіх агрэсараў.
Юрка Марозаў
Маскоўскі “Jobbik”
9 жніўня 2014 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла пра дэманстрацыю пратэсту каля парляманта ў Будапэшце. Крайне правая арганізацыя “Jobbik” пратэставала супраць мабілізацыі этнічных вугорцаў Закарпацьця ва ўкраінскае войска: “Вугорцы з Закарпацьця ня маюць нічога агульнага з бессэнсоўным кравапраліцьцем, што адбываецца за 1000 км ад іх”.
Наш камэнтар: Усё выглядала б лагічным, калі б пару месяцаў таму не раскрылася, што гэтая “экстрэмісцкая нацыяналістычная” арганізацыя скалочана і існуе на маскоўскія фінансы і па загадах Масквы. То была вялікая сэнсацыя для людзей у Вугоршчыне.
Алесь Хадасевіч