ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫ АБ РУСКАЙ АГРЭСІІ
Мы перажываем пераломны час, калі пасьляваенны парадак у Эўропе разбураны і працягвае разбурацца далей. Гэты працэс павінен прывесьці да пераменаў. Прытым, як паказвае становішча, не абавязкова ў лепшы бок. На мой погляд, захавальныя шанцы Захаду і агрэсіўныя шанцы гэбісцкай Расеі, фактычна, ураўняныя. Перамога можа быць і з аднаго, і з другога боку, улічваючы, што гэбісцкая Расея можа пайсьці на адчайны авантурны крок, якога Захад не чакае і не гатовы супроцьстаяць.
Расея выступіла ў спрыяльным для сябе часе, калі Амэрыка слабая і ня здольная на дзеяньні. Такой слабіны і бездапаможнасьці Амэрыка яшчэ ня мела ніколі. Эўропу можна не прымаць пад увагу. Філісьцерства – яе родавая пячатка. У выпадку абвастрэньня яна здасьць усіх і ўсё, як некалі ўсё здала Гітлеру. Хранічна не разумеючы Расею (гэта ўжо хвароба), зўрачыноўнікі нават не спадзяваліся, што Пуцін нападзе на Украіну.
Але Украіна пачала супраціўляцца. І гэта дае надзею на перамогу. Гэта адзіна правільная лінія паводзінаў. З нападнікамі і акупантамі трэба ваяваць.
Пяць месяцаў ідзе вайна і дзевяць месяцаў, як пачалася Украінская рэвалюцыя. Назіраньні за падзеямі прасьвятлілі шмат якія пытаньні, важныя для нас, беларусаў, бо верагоднасьць нашага збройнага сутыкненьня з фашысцкай Расеяй ня выключана.
Пачну з галоўнага – з войска. Некалі, у 90-х, калі мы, фронтаўскія дэпутаты, змагаліся ў Вярхоўным Савеце за стварэньне беларускага войска, мы зыходзілі зь неабходнасьці мець разгорнутую ўкамплектаваную армію, здольную на працяглую абарону і эфэктыўныя дзеяньні. Колькасьць такога войска – 110-120 тысячаў. Вялікія планы былі на камплектацыю войска ўсімі відамі зброі, ў тым ліку бронетэхнікай, авіяцыяй, ракетамі, СПА і г. д. Мы разумелі, што войска ёсьць важнейшы чыньнік суверэнітэту, і тут эканоміць нельга. Тым больш, што абараняць краіну рана ці позна прыдзецца.
Камуністы былі супраць стварэньня беларускага войска, а ў грамадзтве пашыралі інфантыльныя пацыфісцкія настроі. Зь вялікімі цяжкасьцямі войска ўсё ж удалося стварыць. (Напачатку гэта была савецкая армія, забраная потым пад юрысдыкцыю Беларусі.) Але працэс вайсковага будаўніцтва паволі пачаўся.
І тут камуністы і руская агентура выставілі іншую канцэпцыю, што, маўляў, для Беларусі нармальнае ўкамплектованае войска зь цяжкімі ўзбраеньнямі непатрэбнае. Маўляў, ужо ня той час. Галоўнае – нешматлікія, добра навучаныя мабільныя сілы. У сучаснай вайне, маўляў, танкі – ужо ўчарашні дзень. Для Беларусі, маўляў, хопіць 50-60 тысячаў ваяроў такога мабільнага войска і г. д.
Гэта відавочная памылка, якую падтрымлівалі антыбеларускія сілы.
Найперш незабывайма, што войны бываюць розныя. Ня можна рыхтаваць войска на нейкі адзін тып канфлікту. Дыверсійная гібрыдная вайна і выбарачная расейская акупацыя Украіны ўжо наглядна паказалі першаступенную ролю ўкамплектаванай шматлікай арміі, і перш за ўсё – танкаў (якія ўжо некаторыя “спэцы” гатовыя былі сьпісаць з патрэбаў сучаснай вайны). Танкі, артылерыя і матарызаваныя сілы іграюць галоўную ролю ў цяперашняй руска-украінскай вайне. І гэта трэба ўлічыць. Рана сьпісьваць танкі. Трэба іх удасканальваць.
Вайна на Украіне паказала надзвычайную ролю вайсковай разьведкі і датклівасьць авіяцыі нават перад нескладанымі сродкамі СПА. І, нарэшце, агульнае пытаньне – патрыятычны дух, дысцыпліна і арганізацыя арміі. Тут якраз была найвялікшая праблема ўкраінскага войска ў пачатку акупацыі. Тут, а ня ў тым, што не было паліва, каб заправіць танкі.
Самую важную выснову, якую мы павінны зрабіць з гэтай нечаканай для некаторых вайны, гэта тое, што ў цяперашнім сьвеце, каб захаваць незалежнасьць і свабоду падчас расейскай агрэсіі і акупацыі, існуе толькі адзін спосаб і адзін шлях – збройнае супраціўленьне. Прытым любымі сіламі і ў любой сытуацыі. Барацьбу трэба разглядаць як Айчынную вайну (што атпавядае сапраўднасьці). Збройнае супраціўленьне мосьціць шлях нацыі да перамогі, а для ўсяго сьвету дае магчымасьць дапамагаць ахвяры агрэсіі.
Падкрэсьліваем, гэта галоўнае зразуменьне, якое добра было б цяпер усьвядоміць беларускаму грамадзтву. Інакш народ паўторыць лёс Аўстрыіі і Чэхаславаччыны 30-х гг. Правільная мадэль паводзінаў на той час была толькі ў Фінляндыі (тры мільёны насельніцтва). І Фінляндыя адстаяла сваю незалежнасьць, паклаўшы на сьмерць амаль паўмільёна савецкіх агрэсараў у фінскіх сьнягах.
Наступная выснова. Беларуская ваеннная дактрына мусіць быць ськіравана на ўсход і на захад. Але прыярытэт – на ўсходні кірунак. Руская агрэсія на Украіну паказала, што геній фэльдмаршала Густава Манэргейма актуальны і цяпер. З усходу па ўсім пэрымэтры з Расеяй мусіць быць створаная глыбокая сістэма ўмацаваньняў, супрацьтанкавая і супрацьпяхотная перашкоды, і т. п.
Наступнае. Павінна быць створана і ажыцьцёўлена канцэпцыя беларускай патрыятычнай арміі з высокай роляй рэзэрвістаў і сістэмай прафэсійнага навучаньня.
Усе ваенныя дамовы і блокі з Расеяй, заключаныя нелегітымным антыбеларускім рэжымам і падпісанымі нелегітымным Лукашэнкам, прызнаюцца несапраўднымі і спыняюць сваё дзеяньне.
Акрамя таго. Беларусь павінна імкнуцца стаць па-за блокавым ваенным саюзьнікам Амэрыкі і супрацоўнічаць з ЗША ў вайсковай сфэры.
Далей. Найвялікшай ваеннай і экзыстэнцыяльнай небясьпекай для нацыі трэба прызнаць ірацыянальныя мэтады інфармацыйнай вайны, пагрунтаванай на хлусьні і тэхналёгіях ірацыянальнага ўзьдзеяньня на псіхіку людзей пры дапамозе электронных сродкаў масавай інфармацыі.
Дзеля вядзеньня псіхічнага замбаваньня і інфармацыйнага ашуканцтва людзей расейцы стварылі ў гэтым годзе пры сваім войску цэлы вайсковы аддзел, які будзе прафэсійна займацца ўсімі відамі хлусьні і прапаганды. Асаблівай часткай гэтага чартоўскага аддзела стала падрыхтоўка прафэсійных бесаў (троляў), задача якіх – гадзіць у Інтэрнэце ў камэнтарах да розных тэмаў. Дзейнасьць гэтага аддзела, відаць, распаўсюджана на ўсю Эўропу, бо заўважана, што ў польскім Інтэрнэце, і нават у чэшскім, павялічылася колькасьць камэнтароў выразна гэбісцкага кшталту, накіраваных супраць Украіны.
Дзеля засьцярогі ад гэтай зброі прапагандысцкай хлусьні, якая ў цэлым і ў асобных выпадках выяўляецца як злачынства супраць чалавецтва, неабходныя наступныя захады:
-- стварэньне нацыянальнага заканадаўства аб інфармацыйным злачынстве (аб выкарыстаньні ірацыянальных тэхналёгіяў масавага ўзьдзеяньня на падсьведамасьць і псіхіку людзей);
-- стварэньне міжнароднага заканадаўства аб злачынствах супраць чалавецтва на глебе маніпулятыўнай масавай дэзінфармацыі;
-- адключэньне ўсіх каналаў расейскага тэлебачаньня і расейскага тэлевяшчаньня на Беларусь;
-- стварэньне (адраджэньне) беларускай нацыянальнай сістэмы тэле і радыё вяшчаньня на беларускай мове плюс адмысловае радыёвяшчаньне на замежжа на рускай мове (на ўсход), на ангельскай і польскай мовах (на захад);
-- абмежаваньне і разрыў культурных кантактаў з Расеяй, паколькі ў рускіх планах пашырэньня тэрыторыі і расейскага дамінаваньня ў Эўропе (дактрына Ельцына 1995 г.) культурныя сувязі разглядаюцца як сродкі ўплыву і праваднікі расейскіх імпэрскіх ідэй;
-- разрыў спартыўных кантактаў у пэрыяд інфармацыйнай агрэсіі Расеі (паколькі такія кантакты робяцца небясьпечнымі для грамадзтва і людзей).
Змаганьне ўкраінцаў з рускай агрэсіяй пацьвердзіла, што заходняя Эўропа ёсьць хісткім і няпэўным саюзьнікам у справе барацьбы за свабоду і дэмакратыю.
Ваенная сытуацыя таксама паказала, што Украіна і Беларусь павінны быць найбліжэйшымі саюзьнікамі перад абліччам рускага імпэрыялізму. Да гэтага тандэму аб’ектыўна прыхіляюцца балтыйскія краіны, Малдова і Грузія. Пасьля распаду Расеі (а ён можа пачацца ўжо ў 2015 годзе) і пасьля частковага распаду Эўразьвязу (выкліканага распадам Расеі) гэтыя краіны могуць запачаткаваць тое, пра што мы ўжо нагадваем чвэрць стагоддзя – новую Усходнюю Эўропу альбо Балта-Чарнаморскую Супольнасьць (асацыяцыю краін). Пра ролю гэтага геапалітычнага ўтварэньня ў Эўропе і ў сьвеце я ўжо шмат пісаў. Таму на гэтым спынюся, адзначыўшы, што магчымасьць БЧС зноў можа стаць актуальнай, усьведамляючы працэсы, якія цяпер адбываюцца.
Нарэшце, агульную выснову, якую трэба зрабіць, назіраючы падзеі і вынікі падзеяў, гэта тое, я б сказаў, катэгарычнае ўсьведамленьне, што Украіне і ўкраінцам трэба дапамагаць у іхняй справядлівай барацьбе з рускай агрэсіяй і рускім фашызмам. Прытым гэта тычыцца ня толькі нас, беларусаў, але і ўсёй Эўропы, бо рускі фашызм – пагроза для ўсіх.
Падкрэсьлю яшчэ раз, што тыя магчымасьці і задачы, якія я тут апісаў, цалкам ажыцьцявіць можна б было толькі ў вольнай Беларусі. Тым часам ліквідацыя антыбеларускага рэжыму рэальна верагоднай была б разам з ліквідацыяй пуцінскай Расеі, ці хаця б пуцінскай гэбоўскай улады ў Расеі і разам з дэзыінтэграцыяй гэтай штучнай імпэрскай дзяржавы. Дзеля гэтага трэба аб’яднаць усе намаганьні Беларусі, Украіны, Азіі і Эўропы і змагацца, колькі б часу тое змаганьне ні заняло. Перамога над агрэсіўнай імпэрыяй зла жыцьцёва важная дзеля міру і шчасьця ў вольных краінах і ва ўсім сьвеце.
5 жніўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК