А ЁН ЗНОЎ ЗА СВАЁ

Заўважана, што мясцовыя і нават заходнія “дэмСМІ” рэгулярна арганізоўваюць “канцэрт па заяўках” з удзелам аднаго выканаўцы – міністра МЗС РБ тав. Макея. Ён прадстаўляецца імі у амплуа “самага чалавечнага чалавека” з салодкай усьмешкай і эўрапеіднай дыпламатычнай лексікай. Робіцца нават празрысты намёк: “паглядзіце на яго, паслухайце, -- якая была б інтэлігентная альтэрнатыва грубаму і некультурнаму начальніку рэжыма”. Так нядаўна тав. Макея прымалі ў Брусэлі і Вільні, ветліва раіліся зь ім пра дэмакратыю і Усходняе партнёрства. Дзяжурны па Эўразьвязу міністар зь Летувы прыязджаў у Менск і таксама меў культурную гамонку з “альтэрнатывай Лукашэнку” і псэўдаапазыцыяй. Усё было так гарманічна і папахвала адлігай.

І вось табе на! Тав. Макей перастаў усьміхацца, насупоніўся і раптам урэзаў па ЗША і Эўразьвязу. Усё за яе, за родную яму Расею. Ён камэнтаваў заходнія санкцыі супраць Масквы – падпальшчыцы вайны і агрэсара ва Украіне: “Санкцыі, пагроза, шантаж – гэта адлюстраваньне пячорнага мысьленьня некаторых палітыкаў. Расея – магутная эканамічная дзяржава. І калі, крый Божа, абваліцца эканоміка Расеі, то я думаю, эканоміцы Эўропы таксама не паздаровіцца. Эўрапейцы павінны пралічваць выразна ўсе варыянты… каб гэтыя рашэньні не абярнуліся супраць іх самых”.

Вось гэта па-нашанску, па-маскоўску! Лаўрову нават слабо. І становіцца ўсё на свае месцы: і рэжым, і дзяжурныя па ЭЗ, і грантаўская “оппозіція” (якая павінна ратаваць маленькія прыбалтыйскія краіны ў выпадку маштабнага нашэсьця маскоўскай арды).

Але пачытаць цікава. Альтэрнатыва начальніку рэжыма называе Расею “магутнай”. І ў той жа час не скідае з рахункаў, што яна можа бац – і “абваліцца”. Мацёры чалавечышча, Ленінскі розум. З такім трэба лічыцца…

Сяргей Камароўскі