АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (21.07–22.07.2014)
Расейскі “адпачынак ва Украіне”
21 ліпеня 2014 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Эпідэмія раптоўных сьмерцяў расейскіх камандосаў. Яны гінуць на вучэньнях і ў “адпачынку ва Украіне”? Сем’і загінуўшых баяцца гаварыць з журналістамі перад телекамэрай. Але без сьведкаў распавядаюць аб тым, як іхных мужчын выклікалі “на вучэньні”. Целы некаторых так і не былі знойдзеныя. Магчыма, што яны ляжаць у безыменных магілах ва Украіне. Частка расейскіх камандосаў, называных “зялёнымі чалавечкамі”, дзейнічае толькі пад мянушкамі. Украінскія жаўнеры знаходзяць на месцах баёў трупы расейскіх вайскоўцаў без дакумэнтаў і хаваюць іх. Яны гатовыя паведаміць прыкметы загінуўшага (напрыклад, татуіроўкі), калі сям’я ў Расеі будзе шукаць цела.
Наш камэнтар: “Адпачынак ва Украіне”, падобна, пераходзіць у вельмі гарачую фазу. Украінская армія ідзе наперад, вызваляючы родную зямлю ад “безыменных чалавечкаў”. Няўжо нічога ня дойдзе да расейскіх сем’яў?
Алесь Хадасевіч
“Рускіх ў нашым гатэлі няма”
21 ліпеня 2014 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” напісала, што пасьля апошніх падзеяў расьце напружанасьць паміж эўрапейскімі і расейскімі турыстамі, якія заўсёды настроеныя шавіністычна. Пра гэта паведамляюць нідэрляндскія турыстычныя агенцыі з папулярнага пляжнага асяродку Кэмэр у Турцыі. Іхныя прадстаўнікі завяраюць, што “трымаюць руку на пульсе”.
Наш камэнтар: Нянавісьць да “дорогіх россіян-отдыхаюшчіх” – даўняя зьява на міжнародных курортах. Хамства, агрэсіўнасьць, зьвярыныя інстынкты гэтай публікі ўсім вядомыя. Бонтонам у працы замежных турагенцый ёсьць завярэньне, што “рускіх у вашым гатэлі ня будзе”.
Юрка Марозаў
Спынілі брыду
21 ліпеня 2014 г. латвійская газэта “Diena” напісала: “Міністар замежных справаў Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэньне ўнесьці ў сьпіс на забарону на неабмежаваны час уезду ў Латвію расейскіх дзеячоў сцэны Алега Газманава, Ёсіфа Кабзона і Алу Перфілаву (псэўданім – Валерыя), паведаміла парталу Diena.lv Міністэрства замежных справаў. Гэтае рашэньне абгрунтаванае тым, што згаданыя асобы сваімі дзеяньнямі спрыялі падрыву тэрытарыяльнай непарушнасьці і сувэрэннасьці Украіны.
Наш камэнтар: Рускай папсе павінен быць забаронены ўезд у цывілізаваныя краіны. Няма ім што рабіць і ў Беларусі.
Юрка Марозаў
Манэўр адцягненьня
21 ліпеня 2014 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала, што ў сэктары Газа, дзе ідуць баявыя дзеяньні паміж баевікамі Хамаса і ізраільскай арміяй, 100 тысячаў палестынцаў сталіся ўцекачамі.
Наш камэнтар: Усё больш людзей у сьвеце бачаць дзіўную сінхроннасьць паміж эскалацыяй ваенных дзеяньняў ва Украіне і ў Палестыне. Эскалуюць вайну адны і тыя ж – Масква з Лубянкай. Менавіта Крэмль аддае загады сваёй тэрарыстычнай агентуры ў Палестыне распачынаць правакацыі і абстрэлы Ізраіля. Такім чынам Масква імкнецца заняць сьвет іншай тэмай, пакуль яна пасылае свае войскі супраць Украіны.
21 ліпеня 2014 г. іспанская газэта “El Mundo” паведаміла пра баі вакол аэрапорта ў Трыпалі і высокія страты баевікоў, якія штурмуюць будынак.
Наш камэнтар: Вось яшчэ адна ваенная эскалацыя, дзе рэй вядуць ісламскія баевікі, што дзейнічаюць па загадзе Масквы. Крэмль падняў усю сваю кліентуру, каб інфармацыйна засьціць падзеі ва Украіне.
Алесь Хадасевіч
Абстрэльваюць Украіну
22 ліпеня 2014 г. партугальская газэта “Diario de Niticias” напісала, што Пуцін сёньня паабяцаў націснуць на паўстанцаў, каб дапамагчы рассьледваньню катастрофы малайзійскага самалёта. Ён заклікаў Украіну спыніць ваенныя дзеяньні.
Наш камэнтар: Цытуючы Пуціна заходнія СМІ чамусьці ня пішуць пра ягоныя сёньняшнія справы. Украінская выведка адкрыла, што з боку Расеі падведзеныя некалькі рэактыўных сістэмаў “Град”, якія знаходзяцца ў 20 м ад украінскай тэрыторыі. Яны страляюць па ўкраінскіх войсках. Вось такія “міратворцы”.
Алесь Хадасевіч