ПАТРЫЁТЫ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ВАСІЛЯ БЫКАВА







22 чэрвеня на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Парыі — БНФ людзі (агулам каля 50 асобаў) прыйшлі на Усходнія могілкі сталіцы, каб ушанаваць памяць народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава ў гадавіну ягонай сьмерці. Патрыёты ўсклалі кветкі на магілу вялікага беларуса, запалілі зьнічкі.

Прамовілі сябры кіраўніцтва і Сойму КХП-БНФ спадары Алесь Чахольскі, Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, Уладзімер Юхо, а таксама іншыя ўдзельнікі мэмарыяльнага мерапрыемства. Яны нагадалі, што Васіль Уладзімеравіч быў сябрам Сойму і актыўным удзельнікам Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП-БНФ. Яму быў выпісаны партыйны білет за №1. Вялікі беларус быў змагаром і асьветнікам усё сваё сьвядомае жыцьцё. Ён заўсёды, нягледзячы ні на што пісаў і гаварыў праўду. Ягоныя творы — наша найвялікшая нацыянальная каштоўнасьць, яны вечныя, жывыя для ўсіх пакаленьняў беларускага народу. Мы назіраем, як расейская прапаганда спрабуе прысабечыць Васіля Быкава, зрабіць яго постаць і творы набыткам міфічнага і фальшывага “Русского мира”. Ведаюць імпэрцы, наколькі важным ёсьць Быкаў для беларускай нацыянальнай сьведамасьці і нашай культуры. Таму ўчора музэй-дачу Васіля Быкава адкрывалі прыкметныя асобы рэжымнага афіцыёза. Сярод іх найбольш прыкметны тав. генэрал Чаргінец. Мы добра памятаем, як гэты Чаргінец з сваёй камандай спрабаваў сарваць цырымонію пахаваньня Быкава 11 гадоў таму, як рэжымшчыкі спрабавалі выкінуць Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, якім была накрытая труна, і выдаліць з залі прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту. Але патрыёты абаранілі Сьцяг і не дазволілі рэжымшчыкам блюзьнерыць над памяцьцю Быкава. Цяпер мы бачым, як разам з Чаргінцом і падобнымі дзейнічаюць вакол справы мэмарыялізацыі некаторыя з псэўдаапазыцыі. Але беларускі народ тут ўсё бачыць. Фальшывым людзям не ўдасца пакарыстацца імем Васіля Быкава ў нячыстай імпэрскай палітыцы.

Сп. Алесь Чахольскі зачытаў фрагмэнты зь нядаўна выдадзенай кнігі Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”, у якой зьмешчаны аўтэнтычны аўтарскі тэкст твораў без сьлядоў умяшальніцтва савецкай цэнзуры. Ацэнкі вайны і чалавека на вайне, беларускага змаганьня за волю, пошукаў беларусамі праўды на гэтай зямлі — усё гэта гучыць актуальна цяпер і будзе каштоўным заўжды.

Над грамадой луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Людзі прыйшлі да магілы нашага генія з малымі дзецьмі. Разам з старэйшым пакаленьнем была патрыятычная моладзь. На прыканцы грамада засьпявала духоўны беларускі гімн “Магутны Божа”.

22 чэрвеня 2014 г.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ