РАДЫКАЛІЗАЦЫЯ ІСЛАМСКІХ ШКОЛ У ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ

11 чэрвеня іспанская газэта “АВС” апублікавала артыкул пад тытулам “У Аб’яднаным Каралеўстве занепакоеныя ісламізацыяй некаторых школ”. Вось фрагмэнт гэтага артыкула:

Дэпартамэнт па адукацыі Аб’яднанага Каралеўства рэгулярна праводзіць нечаканыя праверкі школ Бірмінгема з прычыны падазрэньня, што ісламскія экстрэмісты спрабуюць інфільтравацца ў класы, каб навязаць радыкальную вэрсію Іслама і індактрынаваць вучняў. “Культура страха і запалохваньня ахапіла навучальныя ўстановы. Некаторыя выкладчыкі былі адхіленыя або звольненыя з працы і ёсьць доказы таго, што праведзена кампанія па пранікненьню ў пэўныя школы”, запэўніў Майкл Вылшоў, адказны за інспэкцыю ў адукацыйных цэнтрах.

З 21 школы, у якіх ужо правялі праверкі, пяць знаходзяцца пад “спэцыяльным даглядам”. Гэта азначае, што калі ў іх сытуацыя не палепшыцца, то будзе зьменена кіраўніцтва і нават зачынена ўстанова.

Прэм’ер-міністар Дэвід Кэмэран старшыняваў учора ў сваёй рэзыдэнцыі на Даўнінг Стрыт на паседжаньні працоўнай групы па экстрэмізму, утворанай пасьля забойства жаўнера Лі Рыгбі, якая працуе над недапушчэньнем укараненьня найбольш радыкальных ісламскіх забабонаў у брытанскім грамадзтве. “Абарона нашых дзяцей ёсьць адным зь першых абавязкаў Ураду і таму пытаньне меркаванага ісламскага экстрэмізма ў школах Бірмінгема вымагае ўсебаковага разгляду”, заявіў прэм’ер-міністар.

Занепакоенасьць узьнікла ў мінулым годзе пасьля таго, як мэрыя Бірмінгема атрымала ананімны ліст, у якім апісваўся план радыкальных салафістаў па інфільтрацыі навучальных установаў. Пазьней у некаторых навучальных цэнтрах сябры Кіраўнічай Рады, складзенай з служачых і бацькоў, заявілі, што некаторыя з выкладчыкаў “зьдзяйсьняюць надта вялікі ўплыў” і не спрыяюць талеранцыі.

Пераклаў з іспанскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.abc.es/internacional/20140611/abci-escuelas-reinounido-islam-201406092037.html