“СМИРЕНИЕМ ВОЗВЫШАЕМЫЙ”
Падобна, што “гонка” пачалася. Гумар-сатыра. Маецца на ўвазе запланаванае на 2015 год чарговае электаральнае шоў рэжыма пад назовам “прэзыдэнцкія выбары”. Высунуўся яшчэ адзін ахвотны паўдзельнічаць у гонцы”. Пра рашэньне балатавацца заявіў даволі шырока вядомы расейскі генэрал В. Фралоў. “Белрэдакцыя” Радыё Свабоды 12 чэрвеня прысьвяціла гэтаму даволі вялікі тэкст-інтэрв’ю з адстаўным “апазыцыянэрам”. Чытанка даволі кур’ёзная, рэкамэндуем. І нагадваем, што быў час (пачатак-сярэдзіна 2000-х) актыўнай раскруткі гэтага танкавага генэрала, які ў 1991 г. стаяў з сваімі танкамі ў акупаванай Вільні – гэта быў галоўны подзьвіг ягонага жыцьця. Адзін менскі паэт нават назваў ген. Фралова “беларускім Дэголем”. А народны паэт Ляпіс-Трубецкой прысьвяціў яму свой опус:
Гаўрыла меў штаны ў лампасах,
Гаўрыла генэралам быў.
І ў апазыцыі служыў.
Праз некалькі гадоў настала новая дыспазыцыя і ген. Фралоў грукнуў дзьвярмі, паслаў вінцучкоў-калякіных і іншых псэўдаў “куды падалей” і вярнуўся служыць да Лукашэнкі. Той “Дэголя” прыняў і даручыў яму пасаду начальніка касьмічных праграм рэжыму. Ляпіс-Трубецкой адгукнуўся на гэтую падзею вершам:
Гаўрыла прымяраў скафандр,
Гаўрыла касманаўтам быў.
Рэжыму верна ён служыў.
Мы тут усё жарцікі, а аказалася, што Гаўрыла ардэнаносец. У інтэрв’ю РС ён пафасна паведаміў, што за “абарону адной грамады ў Вільні” мае ордэн Сергія Раданежскага. Што гэта такое, можна пачытаць у Вікіпэдыі. Цытуем:
О́рден преподо́бного Се́ргия Ра́донежского — общецерковная награда Русской Православной Церкви, имеет три степени. Учреждён Священным Синодом Русской Православной Церкви 26 декабря 1978 года. При награждении вручается знак ордена и грамота; носится на левой стороне груди. Выполнен в виде четырёхконечного креста, в центре находится круглый медальон с изображением преподобного Сергия Радонежского. Девиз ордена «СМИРЕНИЕМ ВОЗВЫШАЕМЫЙ» (наносится на оборотную сторону). Награждаются иерархи Поместных Православных Церквей, представители инославных Церквей и религиозных объединений за церковные и миротворческие заслуги, государственные и общественные деятели всех вероисповеданий — за плодотворные труды.
Якімі былі гэтыя “плодотворныя труды”, ні ген. Фралоў, ні РПЦ, ні гісторыя не патлумачылі. 1991 год мы добра памятаем. У рэвалюцыйнай Вільні і іншых месцах у Прыбалтыцы савецкая бранетэхніка абараняла шчытом не праваслаўныя храмы, а помнікі Леніну ды мясцовым бальшавікам. Грамадзяне праваслаўнай канфэсіі разам з каталікамі і лютэранамі змагаліся за незалежнасьць балтыйскіх краін ад імпэрыі (тады ніхто не пытаўся, хто якой канфэсіі). Патрыётам-антысаветчыкам супрацьстаяла саўковая русскоязычная чэрнь з чырвонымі сьцягамі і плакатамі “Товарищи! Сплотимся вокруг райкомов и парткомов! Фашизм не пройдёт!” Мабыць, гэтых “праваслаўных” і бараніў ген. Фралоў на сваіх танках.
З тым жа імпэтам (што ў “апазыцыі”, што ў рэжыме) генэрал рэгулярна ўдзельнічае ва ўсіх спэктаклях лукашызма. Яго не бянтэжыць, што яго так ні разу нідзе і не ўключылі ў сьпіс “элегантных пераможцаў”. Што называецца, “крепка броня”…
Янка Базыль