АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (07.06–12.06.2014)
Фашысцкае адзінства
7 чэрвеня 2014 г. італьянская газэта “La Repubblica” апублікавала інтэрв’ю з Эдуардам Лімонавым, “непахісным і чыстым нацыяналістам”, як яна яго назвала. Лімонаў заявіў, што на Данбасе падняліся супраць Украіны самы мясцовыя людзі, тое самае ў Крыме. І Пуцін быў вымушаны выканаць іх волю і пачаць іх ратаваць.
Наш камэнтар: Даўно заўважана: у тым, што тычыцца захаваньня і пашырэньня імпэрыі, пачынаюць сьпяваць хорам крамлёўскія гаспадары і іхнія нібыта “крытыкі” і “апазыцыянэры”.
Алесь Хадасевіч
Джыхадзістан
11 чэрвеня 2014 г. французкая газэта “Le Monde” напісала пра стварэньне на тэрыторыі Сірыі і Ірака сапраўды новай дзяржавы – “Джыхадзістана”. Гэтыя тэрыторыі не кантралююцца дзяржаўнымі адміністрацыямі, там валадараць ісламскія тэрарысты і экстрэмісты.
Наш камэнтар: Хрысьціянская Эўропа даўно ўжо павінна зразумець пагрозу самой зрабіцца Джыхадзістанам. Лібэралізм ня здольны спыніць нашэсьце агрэсіўных чужынцаў у хрысьціянскія краіны.
Юрка Марозаў
Масква тузанула за нітачкі
12 чэрвеня 2014 г. італьянская газэта “La Repubblica” напісала з Іраку. Ісламісцкія паўстанцы занялі паўночныя правінцыі гэтай краіны. Яны гукаюць: “Усе ідзем на Багдад!”
Наш камэнтар: Драматычныя падзеі ў Пакістане (атакі тэрарыстаў на аэрапорт у Карачы) і асабліва ў Іраку наводзяць на думку, што ўсё гэта адбываецца ня проста так, а зьяўляецца прыкрыцьцём для расейскай агрэсіі супраць Украіны. Масква тузанула за свае азіяцкія нітачкі.
Алесь Хадасевіч
Курды бароняць сябе
12 чэрвеня 2014 г. нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” паведаміла пра заяву курдзкіх лідэраў. Курдзкі горад Кіркук на поўначы Іраку, багаты нафтай, знаходзіцца пад пагрозай захопу джыхадзістамі. Курды заявілі, што ірацкія ўлады пакінулі правінцыю, таму яны бяруць пад кантроль свой горад і будуць бараніць яго ад паўстанцаў.
Наш камэнтар: Калі народ бачыць, што ўрад не выконвае свае абавязкі па абароне краіны, ён бярэ ў рукі зброю і бароніцца сам.
Алесь Хадасевіч
Мадам здурэла
12 чэрвеня 2014 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала пра спрэчку ў сям’і Лё Пэнаў. Бацька абвінаваціў цяперашнюю лідэрку Нацыянальнага Фронту Марын Лё Пэн у тым, што яна ператварыла партыю “у дзівацкае прыстасаванства бяз сэнсу”.
Наш камэнтар: Многія ў сьвеце з разьзяўленымі ратамі назіраюць за жэстамі і выказваньнямі гэтай Мары Лё Пэн. Пасьля візыту ў Маскву яна пачала сьпяваць панегірыкі Расеі, падтрымліваць расейскую агрэсію супраць Украіны і г.д. Цікава, якія грашовыя і палітычныя абяцанкі атрымала гэтая “патрыётка” у Маскве?
Алесь Хадасевіч
Скокі скончыліся
12 чэрвеня 2014 г. славацкая газэта “Pravda” напісала, што на ўсходзе Украіны ўзьнікла яшчэ адна “народная рэспубліка”. Маецца на ўвазе Лісічанск, 100-тысячны горад у Луганскай вобласьці.
Наш камэнтар: Сэпаратысцкія “удзельныя княствы” пачалі памнажацца дзяленьнем, як бактэрыі. Кожны з бандыцкіх камандзёраў хоча быць “прэзыдэнтам”. Агаломшанае насельніцтва Данбаса назірае за гэтым паноптыкумам. Зусім нядаўна некаторыя з гэтага насельніцтва танцавалі на плошчах з расейскім трыкалёрам. Скокі скончыліся…
Юрка Марозаў