ЗА ЎКРАІНУ І БЕЛАРУСЬ

Ня трэба баяцца імпэрскіх пагрозаў Масквы. Фашызм трэба перамагаць. Таму нам беларусам пара ўжо цяпер рыхтавацца да адбіцьця рускай фашысцкай агрэсіі, маючы на ўвазе вопыт Украіны і пазьбягаючы ўкраінскіх памылак.

У мінулы раз я пісаў пра неабходнасьць назапашваць зброю, выбухоўку, яднацца ў невялікія (дзьве-тры асобы) групы і нічога пакуль не рабіць – чакаць неабходнага часу, бо ня выключана, што Пуцін палезе і ў Беларусь. Яго трэба сустрэць востра, цьвёрда і рашуча.

Пры гэтым неабходна ўсьведамляць, што расейска-украінская вайна – гэта і наша вайна. Там вырашаецца будучыня ня толькі вольнай Украіны, але і вольнай Беларусі. Калі пуцінскія фашысты падаб’юць Украіну, то яны нападуць і на Беларусь, і нам ня будзе каму дапамагчы. Таму дапамагайма Украіне. Заклікаю беларускіх мужчын, якія могуць валодаць зброяй, ехаць дабраахвотнікамі на Украіну і ўступаць у атрады ўкраінскага супраціўленьня акупантам (тыпу “Данбас”). Беларуская дапамога патрэбная і ўкраінцам, і беларусам. Акрамя таго, ваюючы за Украіну, беларусы набудуць вайсковы вопыт барацьбы з фашызмам, які можа вельмі прыдасца потым у Беларусі.

Будзьма вартыя нашых слаўных продкаў ліцьвіноў, якія пасьпяхова на працягу пяцісот гадоў баранілі сябе і нашае дэмакратычнае Вялікае Княства Літоўскае і ўратавалі манархічную Эўропу ад маскоўска-мангольскай Арды. Фашызм павінен быць ліквідаваны, агрэсіўная імпэрыя разбурана. Яднаймася – будзем моцнымі. Змагаймася – пераможам!

8 чэрвеня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК