РАЗАМ З УКРАІНАЙ
Улічваючы адсутнасьць аховы беларускай мяжы на ўсходзе і здрадніцтва акупацыйнага рэжыму ўлады, расейцы могуць выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну з поўначы. Антыбеларускі рэжым ня будзе гэтаму супроцьдзейнічаць. Вядома, што цяпер адбываецца таемнае накапленьне рускіх вайскавікоў на поўдні нашай краіны. Але непасрэднай інфармацыі пра гэта яшчэ няма. Калі ўварваньне расейцаў ва Ўкраіну адбудзецца з тэрыторыі Беларусі – гэта будзе абазначаць, што антыбеларускі рэжым удзельнічае ў вайне супраць Украіны разам з Расеяй.
Аднак самае ганебнае, што можа адбыцца, гэта калі супраць украінцаў лукашысцкі рэжым дазволіць расейцам выкарыстаць беларускае войска, бо нельга страляць у братоў-украінцаў, якія бароняць сваю незалежнасьць і свабоду ад рускіх агрэсараў. Такому народу наадварот трэба дапамагаць.
Але, калі антыбеларускі рэжым, угінаючыся перад Масквой, усё ж пайшле беларускіх вайскавікоў ваяваць супраць Украіны, то што рабіць беларусам? Як пазьбегнуць ганьбы?
Найперш, жаўнеры і афіцэры-беларусы павінны адмаўляцца ад уступленьня на тэрыторыю Украіны на падставе Закона Аб узброеных сілах Рэспублікі Беларусь. Закон Аб узброеных сілах... (арт. 11) не дазваляе выкарыстоўваць войска для выкананьня задачаў, не зьвязаных з забесьпячэньнем ваеннай бясьпекі і ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнаснасьці. Украіна з намі не ваюе. Ніякіх міжнародных абавязацельстваў аб удзеле беларускага войска ў баявых дзеяньнях за межамі Беларусі не існуе.
У гэты час бацькі і сваякі жаўнераў павінны зьвяртацца зь лістамі ў Пракуратуру аб парушэньні Закона, спыненьні беззаконьня і прыцягненьня парушальнікаў да адказнасьці.
У выпадку, калі пракуратура ўхіліцца ад сваіх абавязкаў і рэжымная ўлада ня выканае патрабаваньняў Закону і, насуперак праву і волі беларусаў, пашле войска супраць Украіны, тады беларускія жаўнеры і афіцэры маюць маральнае права не выконваць загаду, а ў выпадку гвалту і пагрозаў стаць на бок украінцаў і павярнуць зброю супраць агульнага ворага – рускага імпэрыял-фашызму.
Толькі гэтак у такім становішчы павінны рабіць і так пакіравацца сабой сапраўдныя беларускія жаўнеры і афіцэры, для якіх гонар і годнасьць Айчыны перад усім.
29 траўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК