ЯК КЕБІЧ УРАТАВАЎ ДЗЯРЖАВУ АД БЕЛАРУСАЎ
Трапілася мне ў Сеціве інтэрв’ю Вячаслава Кебіча пад назвай: “Дваццаць год пасьля. Кебіч: -- Калі чалавек доўга знаходзіцца пры ўладзе, яго перастаюць любіць”.
Пачытаў я і вярнуўся паглядзець на дату публікацыі – травень 2014. Неверагодна. А чаму не 1984? Як жа патыхнула з тэксту Савецкім Саюзам. Хоць ты сябе ўшчыкні – такая рэальнасьць. Мы думаем, як хутка зьмяняецца сьвет! А вось аказваецца, ня так ужо ён і зьмяняецца. Нездарма Ленін ляжыць у сваім маўзалеі.
-- Чаму ёсьць бедныя? – задае сабе сакрамэнтальнае пытаньне спадар Кебіч, і адказвае, -- таму, што ёсьць багатыя.
-- Журналіст: -- Дык што вы прапануеце – выдаліць багатых?
-- Кебіч: -- Дакладна!.. У Савецкім Саюзе не было ні багатых, ні бедных.
Адным словам, “Учение Маркса всесильно, потому что оно верно”, як казаў жыхар маўзалею. І ашчасьлівіць чалавецтва проста: адабраць ад багатых і падзяліць паміж беднымі. І шчасьце было б вечным, каб ні БНФ (што пэрсаніфікавана вымаўлялася так: “Всё бы было хорошо, если бы ни Пазьняк”.)
-- Тое, чым я ганаруся за сваю бытнасьць, -- кажа спадар Кебіч, -- дык гэта тым, ... што ня даў Беларускаму Народнаму Фронту разваліць дзяржаву. Як можна адносіцца да Пазьняка? – даверліва ўсклікае прэм’ер, -- які казаў: “Вы, не, ты, Вячаслаў Францавіч, першым будзеш вісець на тэлеграфным слупе!”
Наконт “слупа”, то тут, як з “бэндэраўцамі” ды “фашыстамі”, існуе ўстойлівы інфармацыйны кагэбісцкі фальклёр шырокага ўжываньня на пэўныя выпадкі жыцьця. Першы палітданос на мяне, студэнта, быў напісаны ў рэктарат інстытута адной рускай выкладчыцай (“ненавидящей националистов”), калі мне было 19 гадоў. Там якраз і фігуравалі “коммунисты на столбах”. У прынцыпе, шмат якія з тых бальшавікоў-камуністаў вартыя былі б і больш суровага пакараньня, але я ніколі нічога падобнага не казаў ні пра якія “слупы” ні раней, ні потым. Не прыходзіла ў галаву, ды і выхаваньне не дазваляла.
У 1989 годзе, калі мяне выбралі старшынёй БНФ, лёзунг пра “камуністаў на слупах” стаў клясыкай камуністычнай прапаганды (пры гэтым дадавалі, што “будет еще и расстреливать”, паколькі ён (гэта значыць я) служыў у нямецкай паліцыі “в годы войны”.) Потым, з крахам КПСС лёзунг стаў не актуальным. Але вось спадар Кебіч (які ў думках яшчэ ўвесь там) абнавіў гэтую інтэлектуальную прапаганду.
А ўвогуле, у адрозьненьне ад іншых нудных грабакапальшчыкаў Беларусі, Вячаслава Кебіча часам карысна чытаць, асабліва яго шчыраваньні пад добрым настроем. Ну хто б з нас тады калі падумаў, што прэм’ер Кебіч ёсьць заслужаны афіцэр КГБ? Пры ўсіх нашых ведах пра гэтую публіку, такое нікому з нас у дэпутацкай Апазыцыі БНФ не прыйшло ў галаву. Мы думалі, ну чаму ён такі непатрыятычны? А куфрык, аказваецца, проста адчыняўся – КГБ. У сваёй кніжцы ўспамінаў “Искушение властью” прэм’ер раптам узяў і выклаў усю праўду пра свой гэбізм, ды яшчэ і з падрабязнасьцямі пра права нашэньня мундзіра і т. п. ( “Праз шмат гадоў, у 1984-м, калі я ўжо быў другім сакратаром Менскага абкаму партыі, мне давялося апошні раз прыгадаць пра сваю прафестю разьведчыка...сапраўдны характар гэтай місі ня ведаў ніхто нават у ЦК КПБ. Заданьне я выканаў. Больш падрабязна ў дэталі гэтай апэрацыі паглыбляцца ня буду..” (“Искушение властью “, с. 267-268). Як кажуць – ад сябе не ўцячэш.
Ну, дык і як жа прэм’ер Кебіч выратаваў “государство” ад БНФ? Як ня даў яго “разваліць”? Ва ўспамінах “Искушение властью” В. Кебіч так піша пра выбары прэзыдэнта ў 1994 годзе: “Мы выступали с Александром Лукашенко с одинаковых политических позиций.” Галоўнае (сцьвярджаў Кебіч), што не дапусьцілі за ўлады З. Пазьняка. І рэзюмэ: “Чей вклад в общую победу над кандидатами от БНФ мой, или Александра Лукашенко, оказался весомее, пусть рассудит время” (с. 434)
У апошнім інтэрв’ю В. Кебіч усё тое пацьвярджае і дадае, што такой сваёй працай ён “ганарыцца”.
Сяргей Навумчык у сваіх артыкулах некалькі разоў пісаў, што пасьля першага тура выбараў ён як прадстаўнік Фронта і ўдзельнік маёй кандыдацкай каманды зьвяртаўся да спадара Кебіча з прапановай зьняцца з выбараў і выбіць з выбарчай кампаніі стаўленьніка Масквы Лукашэнку (Вядома што масы людзей галасавалі б за Лукашэнку, толькі дзеля таго, каб супраць Кебіча. Быў нават пушчаны лёзунг: “абы ня Кебіч”. Адсутнасьць Кебіча ў 2-м туры змяніла б сытуацыю не на карысьць Лукашэнкі.) Кебіч адказаў Навумчыку: “Будзем думаць”. Але зразумела, што ён на зьняцеце з выбараў не пайшоў бы, бо што Лукашэнка, што Кебіч – адна масьць. Хоць рэальныя магчымасьці законна перакуліць выбары і не прапусьціць Лукашэнку ў Кебіча былі. Нам трэба было, аднак, праверыць і выявіць яго пазыцыю.
У інтэрв’ю В. Кебіч красамоўна пра гэты эпізод распавёў, выявіўшы прычыны сваіх паводзінаў: “Я ведаў, хто пераможа. Але калі б я зьняўся, то былі б паўторныя выбары, новыя кандыдаты і новая прэзыдэнцкая гонка... Я ведаў патэнцыяльных кандыдатаў, якіх не хацеў бы бачыць у ролі прэзыдэнта. Адзін з гэтых кандыдатаў – Пазьняк.”
Вельмі шчырае прызнаньне. Толькі, як мне здаецца, ведаючы Кебіча, крыху хітраватае. Паўторныя выбары далі б Кебічу яшчэ тры месяцы часу і выгадную позу. Маўляў, я вырашыў не перашкаджаць і даў магчымасьць людзям свабодна выбраць папулярнага кандыдата, а яго ня выбралі. Цяпер мушу ўсьвядоміць свой памылковы крок і вярнуцца ў выбары з усёй адказнасьцю за лёс дзяржавы. Шансы працягваць барацьбу ў Кебіча былі і не малыя (і група Лукашэнкі таго вельмі баялася). Але Кебіч адмовіўся ад барацьбы. Чаму адмовіўся? Асьцерагаўся Пазьняка (як ён кажа)? Магчыма. Аднак галоўная прычына ў той сытуацыі была іншая (і ў гэтым інтэрв’ю яна відаць). Масква (Лубянка) не хацела страціць Лукашэнку (бо справа ўжо была “в шляпе”) і Кебічу сказалі, як сябе паводзіць. Вось у гэтым і прычына.
Тут важны момант, дзеля чаго я ўласна і вырашыў напісаць гэтую рэпліку. Ва ўводзінах да інтэрв’ю журналіст паведамляе: “Вячаслаў Кебіч быў галоўным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 20 гадоў таму.” І гэта напісана (гэтая нарыхтоўка) нягледзячы на тое, што нават у самым інтэрв’ю В. Кебіч пасьлядоўна такое сцьверджаньне абвяргае.
Ня быў ён апанэнтам Лукашэнкі. Гэта саюзьнікі, а не апанэнты. (Панове, вы што, ня чуеце, што кажа Кебіч?)
Драма прэзыдэнцкіх выбараў 1994 года, калі, фактычна, вырашалася нацыянальная будучыня Беларусі, была ў тым, што гэтую будучыню прадстаўляў толькі кандыдат ад Народнага Фронту, а ўсе астатнія пяць кандыдатаў, -- гэта стары саўковы каляніяльны сьвет, гнілая альтэрнатыва новаму сьвету і яго апанэнты. За трыма зь іх (Лукашэнка, Кебіч, Шушкевіч) непасрэдна стаялі КГБ, Масква і Лубянка. Лукашэнка і Кебіч тут разыгрывалі канфлікт і ішлі тандэмам супраць “националистических сил”, Шушкевіч выконваў ролю блытаніка па адцягваньні галасоў ад кандыдата БНФ. Дадам яшчэ, што кандыдат Фронта мог кардынальна перамагчы, прайшоўшы ў другі тур галасаваньня (пра гэта ўжо шмат напісана). Рэальна ён прайшоў у другі тур. Але вось тут спрацавала тое (адміністрацыйны рэсурс), што дае магчымасьць спадару Кебічу загадкава прамаўляць: “Чей вклад в общую победу над БНФ ... оказался весомее, мой или Александра Лукашенко,.. рассудит время”.
Увогуле, усё, што трэба па сутнасьці, В. Кебіч сказаў сам. І тое, што ён вышэйшы афіцэр КГБ, і тое, што яны разам з Лукашэнкам рабілі агульную справу супраць кандыдата БНФ, і тое, што ўсёй гэтай подлай антыбеларускай працай кіравала Масква (дакладней, спэцслужбы Расеі), і тое, што Кебіч гэтай Маскве падпарадкоўваўся. Вось, напрыклад, цытата з інтэрв’ю. В. Кебіч кажа: “А з-за чаго я прайграў, я вам ужо казаў. Хаця была яшчэ адна прычына: Расея паставіла пад сумніў маё прэзыдэнцтва толькі таму, што мяне пачалі запрашаць у іншыя краіны. Я аб’ехаў паўсьвета... Атачэньне Ельцына падумала: “А раптам я адарву Беларусь ад Расеі.” І гэта было важным момантам.”
З такім савецкім багажом сэрвільных разважаньняў, наслухаўшыся расейскай тэлевізійнай гёбельсаўшчыны, спадар Кебіч яшчэ нешта прарочыць журналістам пра цяперашнюю Украіну.
Здрадніцкая, антынацыянальная палітыка Кебіча ў 90-х гадах добра вядомая і добра расьпісаная ня толькі намі, дэпутатамі Фронта. Ніякай розьніцы паміж прамаскоўскай гэбоўска-намэнклятурнай палітыкай Кебіча і антыбеларускай палітыкай Лукашэнкі няма. Цяперашняя антынацыянальная палітыка зьяўляецца працягам папярэдняй каланіяльнай палітыкі, з папраўкай на амбіцыі, узрост і гульні на каньках.
20 траўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК