ПАТРЭБНА АНТЫІМПЭРЫЯЛІСТЫЧНАЯ АНТЫПУЦІНСКАЯ КААЛІЦЫЯ
(Выступ на травеньскім Сойме КХП БНФ і ВНФ “Адраджэньне”)
Увядзеньне ў тэму
Не стамляюся паўтараць, што расейска-украінская вайна – гэта таксама і нашая беларуская вайна з Расеяй. У нас з украінцамі адзін вечны вораг, што вісіць над нашай цывілізацыяй ужо скора 800 гадоў і прынёс нямераныя няшчасьці нашым людзям. Гэты ворагам ад пачатку была Арда -- пазьнейшая імпэрыялістычная Расея.
Вайна абвастрыла важныя для нас вобласьці жыцьця, якія мы мусім абавязкова прымаць пад увагу і абавязкова вырашаць, што рабіць, чаго б гэта нам ні каштавала. Першае – гэта навочнае сьведчаньне небясьпечнасьці і эфэктыўнасьці інфармацыйнай вайны, заснаванай на прапагандзе і на вялікай хлусьні. Зразумелая прычына гэтай разбуральнай эфэктыўнасьці. Інфармацыя на вялікай хлусьні вылучаецца агрэсіяй і па сваім узроўні накіравана на масы шэраговых людзей, на нізкую сьвядомасьць, для якой характэрнае ёсьць міфалагічнае ўспрыняцьце. У выніку адбываецца замбаваньне масаў людзей. І чым больш неверагодная хлусьня, тым больш эфэктыўнае замбаваньне. Крытычны розум адключаецца, і контрпрапаганда ня дзейнічае, праўда не ўспрымаецца.
Акупаваная падрэжымная Беларусь цалкам знаходзіцца ў інфармацыйным полі расейска-фашыстоўскіх імпэрыялістычных сродкаў масавай інфармацыі (найперш тэлебачаньня).
Тым часам інфармацыя, заснаваная на праўдзе, даходзіць, як правіла, да людзей, якія знаходзяцца на больш высокім аналітычным і крытычным узроўні сьвядомасьці.
Пры распаўсюджаньні інфармацыі праўды таксама магчымыя шырокія вынікі ўспрыняцьця ў грамадзтве, але істотна тое, што тут адбываецца якасны адбор інфармацыйных спажыўцоў, сярод якіх фармуецца, як правіла, дзейсная эліта грамадзтва.
Ёсьць сэнс і неабходнасьць насуперак расейскай гёбэльсаўскай інфармацыі хлусьні супрацьпаставіць ёй контрінфармацыю праўды, легіёнам цемры і зла супроцьставіць ваяроў сьвятла і дабра. Перамога над хлусьнёй абавязкова будзе, бо па прыроде сваёй праўда – гэта верх, ілжа – гэта дно. Нельга дапускаць, каб дно рабілася верхам.
На сёньняшні дзень масавай беларускай контрінфармацыі мы амаль што ня маем. Наша інфармацыя кропкавая і лакальная. Арганізацыя антырасейскай, антыпуцінскай кааліцыі (пра што будзе сказана ў гэтым паведамленьні) першым чынам, на мой погляд, мусіла б вырашыць гэтую інфармацыйную задачу ў барацьбе чалавецтва супраць пуцінскага рускага фашызму.
***
Ідзе вайна Расеі з Украінай. Гінуць людзі. Расея акупавала Крым, які быў здадзены бяз бою пры фактычным спрыяньні кіеўскага кіраўніцтва. Ідзе вялае збройнае змаганьне за Данбас. Рускімі ваенізаванымі аддзеламі разьведкі рыхтуецца па чарзе захоп усіх вобласьцяў Украіны, правакуецца грамадзянскае супроцьстаяньне. Украінская ўлада дэманструе безініцыятыўнасьць і бездапаможнасьць, войска – не жадае сур’ёзна ваяваць. Ініцыятыва ў руках добра ўзброеных рускіх дыверсантаў. Іх ужо тысячы баевікоў на тэрыторыі паўднёва-усходніх вобласьцяў Украіны. Дыверсанты паступова захопліваюць уладу знутры.
Руская фашыстоўская прапаганда ў СМІ поўнасьцю дамінуе на тэрыторыі Расеі, Беларусі, часткова на Украіне і ў астатняй Эўропе. Абсяг яе пашыраецца. Літаральна нядаўна (у пачатку траўня) ў дадатак да прапагандысцкай машыны Масква стварыла спэцыяльнае войска для “інфармацыйных апэрацыяў”. Захад не ўсьведамляе небясьпекі, не рыхтуецца да вайны і не зьбіраецца ваяваць.
Гэта наш агульны пабежны штрыхавы погляд на становішча. Напад пуцінскай Расеі на Украіну і ваеннныя дзеяньні на яе тэрыторыі вымагаюць ад нас высноваў пра будучыню Беларусі. Мы павінны адказаць сабе на некалькі важных пытаньняў.
Але найперш, у сувязі з разьвіцьцём падзей, -- паўтор пройдзенага, асэнсаванага беларусамі 15-20 гадоў таму. Мы зыходзілі з наступных ацэнак:
1. З канца 90-х – пачатку 2000-х у Расеі ўсталявана абсалютная ўлада савецкага КГБ. Тып улады – карпаратыўная дыктатура гэбізму. Ідэалёгія – нацыянальна-этнічны рускі імпэрыялізм. Палітыка – імпэрыялістычны рэваншызм, унутраны кантроль над грамадзтвам і зьнешняя агрэсія.
2. Тыпы вайны, якую вядзе посткамуністычная гэбісцкая Расея:
а) унутраная акупацыя – тэхналягічная вайна;
б) унутраная акупацыя – гібрыдная вайна;
в) зьнешняя агрэсія – збройная вайна.
Трэба разумець, што ўсе тры тыпы вайны, якую вядзе Расея супраць суседніх народаў, -- гэта адзіны працэс, які перацякае ў розныя формы і ў канцовым варыянце завяршаецца збройным уварваньнем, акупацыяй і анэксіяй тэрыторыяў.
Поўнасьцю ўсе тры фазы вайны мы назіралі ў Малдове і на Каўказе. Дзьве першыя фазы бачым супраць Украіны. Першую фазу назіраем супраць Беларусі, часткова Латвіі і Эстоніі.
3. Мэта вайны -- захоп тэрыторыяў, якія ўваходзілі ў СССР і кантраляваліся савецкай палітыкай; дамінаваньне ў Эўропе і ў пэрспэктыве – у сьвеце.
У сувязі з апошняй пазыцыяй пуцінская Расея стварыла сабе галоўнага ворага з Злучаных Штатаў Амэрыкі, разумеючы слабасьць, палітычную інфантыльнасьць і безыдэйнасьць Эўропы.
4. Прычыны агрэсіўнай палітыкі Расеі. Прычыны зыходзяць з імпэрскай сутнасьці дэяржавы і грамадзтва. Расейскае грамадзтва, рускія, ня ёсьць нацыяй. Гэтая супольнасьць ёсьць імпэрыя з адметным агрэсіўным сьветапоглядам і эгалітарнай псіхалогіяй, якая сфармавалася даўно, яшчэ за часы мангольскай Арды, адкуль бярэ пачатак Расея і расейская ваенная дзяржаўнасьць, заснаваная на агрэсіі і нянавісьці. І якая б ні была ўлада ў Крамлі (царская, камуністычная, дэмакратычная, сямейная, крымінальная, гэбоўская, генэральская, народная і etc.) – яна заўсёды будзе праводзіць агрэсіўную імпэрскую зьнешнюю палітыку і ўнутранае душэньне людзей.
5. Унутраная акупацыя – тэхналягічная вайна. Пра гэта за апошнія 20 гадоў мне ўжо шмат прыходзілася пісаць. Сутнасьць тэхналягічнага тыпу ўнутранай акупацыі – захоп улады і ключавых пазыцыяў у атакаванай дзяржаве пры дапамозе агентуры спэцслужбаў і шляхам агентурнага выкарыстаньня існуючых формаў дзяржаўнага заканадаўства і структураў улады а таксама інфармацыі, прапаганды, падкантрольных арганізацыяў і асобаў плюс чыньнік подкупу і грошай. Абавязковая ўмова – наяўнасьць і стварэньне групаў насельніцтва, якія размаўляюць на мове агрэсара.
Мэта ўнутранай акупацыі падрыхтоўчая: выкарыстаньне дзяржаўнай улады і дзяржаўнай палітыкі захопленай краіны дзеля падрыхтоўкі яе да анэксіі, стварэньне ўмоваў для гібрыднай і збройнай вайны.
Галоўнымі чыньнікамі палітыкі тэхналягічнага мэтаду ўнутранай акупацыі ёсьць ліквідацыя нацыянальнай мовы, укараненьне мовы акупанта, разбурэньне нацыі, грамадзянскай супольнасьці і аслабленьне дзяржаўных інстытутаў сусерэнітэту краіны (найперш – войска), зьнішчэньне ў людзей волі да кансалідацыі і да супраціўленьня, уключэньне апанаванага грамадзтва ў інфармацыйную прастору краіны-акупанта.
Першымі ахвярамі тэхналягічнага падыходу з боку Расеі сталі Беларусь і Украіна, дзе спрыяльныя ўмовы для ўнутраннай акупацыі (моўная русіфікацыя насельніцтва) былі закладзеныя яшчэ за часы СССР. Беларусь цяпер ужо грунтоўна паралізаваная і падрыхтаваная акупацыйным рэжымам да паражэньня ў гібрыднай вайне, вынікам якой (калі ня будзе вострага супраціўленьня беларусаў) можа стаць анэксія краіны.
Унутраная акупацыя і развал Украіны праведзены Масквой грунтоўна і вынікова праз сваіх стаўленьнікаў ва ўладзе, але не даведзены да канца з прычыны ўкраінскай нацыянальнай рэвалюцыі (Майдану), якая стала пагрозай для ўсёй гэбоўскай сістэмы Расеі. У выніку Масква груба прысьпешыла дыверсійную вайну супраць Украіны, нясучы адчувальныя ганебныя страты ў міжнародных дачыненьнях.
6. Дыверсійная альбо гібрыдная вайна. Гэта вайна з выкарыстаньнем дыверсантаў і ўзброеных аддзелаў спэцслужбаў разьведкі на тэрыторыі краіны нападу з апорай на пятую калёну і з выкарыстаньнем групаў мясцовага насельніцтва пад выглядам этнічнага, палітычнага ці рэлігійнага змаганьня “сэпаратыстаў”, “незалежнікаў”, “аўтанамістаў”, “фэдэралістаў”, “праваслаўных”, і т. п., стварэньне жывых шчытоў з цывільных людзей і інш. Дыверсанты пры падтрымцы пятай калёны захопліваюць будынкі ўлады і кантралююць адміністрацыі, ствараюць свае квазіўладныя структуры, рыхтуюць фармальныя акты і акцыі па далучэньні акупаванай тэрыторыі да краіны-агрэсара.
7. Асаблівасьці становішча. У той час, калі Эўропа (найперш немцы) актыўна спрыялі здачы Беларусі пад Расею, зьнішчэньню беларускай нацыянальнай палітыкі, нацыянальна-дэмакратычнага руху і, фактычна, далі магчымасьць выкарміцца антыбеларускаму рэжыму Лукашэнкі, напад Масквы на Украіну напалохаў заходняга палітычнага філісьцера. Эўропа адчула небясьпеку свайму камфортнаму існаваньню. Адзінай зброяй Эўропы (у ваенных дачыненьнях яна амаль што нуль) ёсьць эканамічныя санкцыі супраць Расеі. Гэта станоўчы момант для Украіны. (У Беларусі, напрыклад, дэмакратычны Захад, замест таго, каб пакараць санкцыямі Расею, імкнуўся пакараць рэжым у Менску і звязаныя зь ім вытворчыя прадпрыемствы, б’ючы, фактычна, па працоўных людзях і мацуючы кантроль Масквы над Беларусяй).
Тым часам Эўропа яшчэ не ўсьведамляе фашысцкай сутнасьці рускага гэбізму і фашызацыі рускага імпэрскага грамадзтва, якое атрымала на ўзбраеньне клясычна фашысцкую ідэалогію “русского мира”. Па гэтай канцэпцыі Расея можа ўжо арганізаваць маштабныя рускія закалоты з патрабаваньнем асаблівых свабодаў ў Лёндане, Бэрліне і іншых сталіцах Эўропы. Заходнікі не ўяўляюць, з кім маюць справу.
Слабасьць Украіны і Эўропы перад расейскай дыверсійнай вайной у тым, што няма міжнародных законаў па супрацьдзеяньні гібрыднай вайне, якая хаваецца за сэпаратызм, за мясцовыя групы насельніцтва, за права на самавызначэньне, права выбару, правы меншасьцяў і т. п. азначэньні, наплоджаныя дэмакратычнымі рэжымамі. Краіна, на якую напалі знутры, ня мае права (згодна недасканалага заканадаўства) ужываць войска, танкі, авіяцыю супраць такой закамуфляванай вайсковай агрэсіі, ня можа мець перавагі перад добра падрыхтаванымі і ўзброенымі дыверсантамі. Што мы і назіраем у Данбасе.
Павінна быць заканадаўчая ініцыятыва ў міжнародным маштабе аб унутранай акупацыі і гібрыднай вайне, таксама аб лакальных атамных ударах (якія магчымыя і няма за гэта мэханізму адказнасьці і пакараньня). Усё мусіць быць кваліфікавана як злачынства, вызначана адказнасьць, дзеяньні, санкцыі.
8. Мова. Для Эўропы нацыянальная мова – гэта галоўны сродак культуры і камунікацыі. Для рускага імпэрыялізму – гэта першы і галоўны сродак захопніцкай імпэрскай палітыкі. (Нюанс яшчэ ў тым, што інфантыльная Эўропа таго не разумее.) Вось сьвежы прыклад. 11 траўня рускія дыверсанты ГРУ (з апорай на арганізаваную імі пятую калёну) правялі пад люфамі аўтаматаў фарсавы нібыта рэфэрэндум у Данецку. 12-га траўня яны прынялі заяву аб “суверэнітэце” Данецка, дзе напісалі, што Данецкі рэгіён заўсёды быў часткай “русского мира”, “незалежна ад этнічнай прыналежнасьці жыхароў” (гэта значыць, што жыхары, і найперш ўкраінцы, гаварылі на рускай мове, -- З.П.) і таму “суверэнны” Данецк зьвяртаецца да Расейскай фэдэрацыі з просьбай аб уваходжаньні ў склад РФ. Вось такая квазіпалітыка гібрыднай вайны.
Цікава, што да расейскага нападу на Украіну такія простыя рэчы, як агрэсіўная функцыя рускай мовы ў рускай палітыцы, былі не зразумелыя для некаторых украінскіх інтэлігентаў. Яны, як і ў Беларусі, жылі яшчэ савецкай дэмагогіяй пра “дружбу народаў”, што “дело не в языке” і т. п. Цяпер справа мяняецца. Людзі расплюшчваюць вочы. Нядаўна такі ўкраінскі музыкант ад сучаснай мас-культуры Алег Скрыпка ў выніку стрэсу ад нечаканай для яго вайны раптам стаў відушчым і сказаў літаральна наступнае: “Вайны можна б было пазьбегнуць. Калі б мы ўсе разам былі ўкраінцамі, ведалі б мову, уласную гісторыю, слухалі добрую музыку, хадзілі б на ўкраінскія канцэрты, чыталі б украінскія кнігі – немагчыма было б стварыць пятую калёну і абапірацца на рускамоўных людзей, каб зьнішчыць краіну і забіваць патрыётаў на вуліцах.
Трэба было стаць культурнымі людзьмі, якія ведаюць сваю мову і не прыкрываюць уласную ляноту і непісьменнасьць фальшывай талерантнасьцю да мовы. Па сабе ведаю: мова вывучаецца за два месяцы.
Была б Украіна ўкраінская, як Францыя французская ці як Чэхія чэшская, -- гэтых праблемаў бы не было.”
У беларусаў, на жаль, такога прасьвятленьня розуму яшчэ не назіраецца, хаця (будзем справядлівымі) беларускі музыка Сяргей Міхалок ужо палову свайго добрага слова таксама сказаў.
9. Высновы на будучыню.
Горкая навука Украіны падказвае нам, беларусам, што мы павінны рабіць, каб не дапусьціць агрэсіі Расеі, а ў выпадку агрэсіі -- каб перамагчы ворага і адстаяць незалежнасьць дзяржавы.
9.1. Першае -- трэба ўсьвядоміць, што беларуская мова ў гэтай вайне з Расеяй ёсьць зброяй нашай свабоды і незалежнасьці. У мінулым годзе на сьвята Дзядоў у Курапатах Юры Адамавіч Беленькі, зьвяртаючыся да моладзі, выразна і лёзунгава сфармуляваў сутнасьць зьявы: «Моладзь, памятай: калі ты размаўляеш на расейскай, ты ў акупацыйнай арміі, якая страляе ў твой народ». Не страляйма ў сябе ў той час, калі вораг страляе ў нас. Беларуская мова супроцьстаіць агрэсіўнай фашысцкай дактрыне “русского мира”, ёсьць закладам, які ліквідуе ўмовы рускай агрэсіі і вайны.
Побач з мовай важнейшым стратэгічным чыньнікам нашай свабоды і незалежнасьці ёсьць наша гісторыя, найперш гісторыя Вялікага Княства Літоўскага – нашай старажытнай дзяржавы і нашага старажытнага народнага імя. Трэба ведаць свае нацыянальныя гістарычныя карані. Трэба шанаваць сваю гістарычную культуру. Трэба ведаць гісторыю Беларусі.
9.2. Расея, расейскі імпэрыялізм ёсьць галоўнай прычынай усіх нашых народных гістарычных няшчасьцяў, вынішчэньняў, рабункаў, сьмерцяў і пакут. Расея ёсьць наш натуральны, брутальны, сьмяртэльтны вораг, які не прызнае нашага існаваньня і ў пэрспэктыве бачыць нашу нацыянальную сьмерць. (Дарэчы, антыбеларускі рэжым запрасіў у Менск на чэмпіянат па хакеі ў траўні гэтага года расейскіх гасьцей-заўзятараў. Расейцы прыехалі, як звычайна, панапіваліся да сьвінячага стану і крычалі “сьмерць Беларусі”.) З расейцамі нельга сябраваць, іх нікуды нельга пускаць.
9.3. Той сьвет, які існаваў да сакавіка 2014 года, да нападу Расеі на Украіну, той сьвет больш не існуе. Беларусы мусяць рыхтавацца да вайны, ствараць групы па некалькі чалавек, назапашваць зброю, рыштунак і выбухоўку. Беларуская армія, кіруемая рускімі і прарускімі афіцэрамі, ня будзе абараняць Беларусь і беларускі народ. Але ў арміі шмат жаўнераў-беларусаў, якія могуць завалодаць зброяй і выступіць у абарону Беларусі, а з рускімі афіцэрамі абыйсьціся па законах ваеннага часу.
Дарэчы, акупацыйны рэжым, баючыся беларускага супраціўленьня, ужо наперад прымае прэвентыўныя захады, каб пазбавіць людзей зброі. 24-га красавіка гэтага года ўзурпатар падпісаў Указ № 185 дзе прапанавана беларусам да 1-га ліпеня зарэгістраваць “незаконна прыхаваную зброю”. Потым гэтую зброю (зрабіўшы характарыстычную экспэртызу), маўляў, вернуць уладальнікам.
Зразумела, што катэгарычна (!) нельга рэгістраваць і паказваць ім зброю. Нельга дурным чынам дабраахвотна падставіць сябе пад рэпрэсіі. З пачаткам ваенных дзеяньняў ўсе, хто цяпер наіўна праз “экспэртызу” зарэгіструе сваю зброю ў рэжыма, будуць гэтым рэжымам арыштаваныя, альбо кінутыя ў турму (як Аўтуховіч), альбо забітыя. Зброя павінна застацца ў беларусаў. Яна будзе гарантыяй бясьпекі і барацьбы.
9.4. У выпадку ўваходжаньня рускіх са зброяй на нашу тэрыторыю нельга адносіцца да ворага цярпіма, лаяльна і абыякава, і тым больш – нельга не супраціўляцца (як украінцы ў Крыме). Ворагаў, што са зброяй на нашай зямлі, трэба забіваць без папярэджаньня ўсюды і заўсёды, любымі спосабамі. З ворагамі, што прышлі са зброяй, каб нас забіць, не дыскутуюць, не размаўляюць – іх зьнішчаюць. Неабходна разумець, што для нас, беларусаў, гэта айчынная вайна, якая пачалася з 1994 года.
9.5. Трэба зыходзіць з таго, што акупацыйны рэжым здасьць Беларусь. Барацьбу з ворагам мусіць узяць на свае плечы сам беларускі народ. Ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі будзе часткай агульнай барацьбы з акупантам.
Вельмі важна выявіць усюды рускую гэбоўскую агентуру, каб ажыцьцявіць (гледзячы па абставінах) яе арышт, дэпартацыю альбо суд і ўвязьненьне.
Рэальныя абставіны могуць узьнікнуць розныя. Але аб’ектыўныя задачы існуюць такія, пра якія мы тут гаворым. Калі мы іх не ажыцьцёвім, то страцім будучыню.
9.6. Мы мусім ўсьведамляць, што адстаяць свабоду і незалежнасьць і перамагчы рускі фашызм мы здолеем найперш тады, калі пераможам ў інфармацыйнай вайне. Тым часам інфармацыя выніковая тады, калі мае масавы характар і звяртаецца да шэраговых пластоў насельніцтва (асабліва ў пэрыяд айчыннай вайны). Зразумела, якія цяжкасьці стаяць перад беларусамі. Але ўсё магчыма (нават масавае беларускае тэлебачаньне і радыё), калі паставіць мэту, дзейнічаць салідарна і быць кемлівымі. Тым часам выкарыстаць наяўныя сеціўныя электронныя магчымасьці сувязі, якімі карыстаецца маладзейшая частка грамадзтва, трэба напоўніцу.
9.7. Нарэшце, важнейшае пытаньне, якое павінны ўсьвядоміць мы, беларусы, украінцы, Эўропа – усе людзі:
Ад расейскага імпэрыял-фашызма нельга абараніцца і потым мірна зь ім суіснаваць. Руская падрыўная праца і пляны захопу ня спыняцца ніколі. Рана ці позна імпэрская агрэсія Расеі будзе паўторана ў шырокіх і пачварных маштабах. Расея ёсьць падпальшчыца дзьвух крывавых сусьветных войнаў і пагражае падпаліць трэцюю. Калі Эўропа хоча міру, рускі імпэрыялізм мусіць быць разбураны, імпэрыя ліквідавана. Зразумела, што ні Амэрыка, ні Эўропа (з прычыны свайго філісьцерства і прагматызму) ня будуць спрыяць дэзінтэграцыі агрэсіўнай штучнай і шматковай расейскай дзяржавы, пабудаванай на гвалце і нянавісьці. У ліквідацыі расейскай пагрозы народам павінны быць зацікаўлены самы гэтыя загрожаныя народы, перш за ўсё – Беларусь, Украіна, Польшча, Малдова, краіны Каўказу і Закаўказьзя, краіны Прыбалтыкі і ўсе постсавецкія дзяржавы Сярэдняй Азіі.
Цяпер, калі ідэалагічна сфармаваўся новы рускі імпэрскі фашызм і пачаў агрэсію супраць Украіны, ствараючы чарговую крыніцу напружанасьці ў сьвеце, паўстае пытаньне аб арганізацыі блоку краінаў антырасейскай антыпуцінскай кааліцыі. Рэальна гэта тыя незалежныя краіны постсавецкай гісторыі, якія тут вышэй пералічаны. У будучыні сюды могуць далучыцца Турцыя, краіны Цэнтральнай Эўропы плюс Фінляндыя. Рускі імпэрскі фашызм мусіць быць ліквідаваны. Імпэрыялізм мусіць быць скончаны. Руская агрэсія павінна быць спынена.
Зразумела, што кааліцыя на ўзроўні ўрадаў пералічаных краінаў – гэта доўгі і праблемны працэс. Але пачынаць дзейнічаць можна ўжо сёньня на грунце грамадзка-палітычных структураў і асобаў з мэтай стварэньня Міжнароднага Кангрэсу арганізацыяў антыфашысцкай антырасейскай антыпуцінскай кааліцыі. Наколькі супрацоўніцтва стане рэальным на ўзроўні ўрадаў і дзяржаваў – пакажа будучыня.
17 траўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК