ЗМАГАЦЦА І ПЕРАМАГАЦЬ РАЗАМ З УКРАІНЦАМІ
(Травеньскі Сойм 2014 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
18 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Патрэбна антырасейская антыпуцінская кааліцыя”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, сп. Сяргей Папкоў, намеснік старшыні Партыі і Фронту, і сп. Андрэй Мычык, сябра Сойму.
Выступоўцы закранулі тэму змагарнай Украіны, якая супрацьстаіць расейскай ваеншчыне. Увесь сьвет назірае за змаганьнем дзікага маскоўскага Галіафа і ўкраінскага Давіда, які бароніць ня толькі сябе, але й эўрапейскую цывілізацыю. Украінцам вельмі цяжка, прамаскоўскі рэжым (скінуты Майданам) усталяваў ва Украіне панаваньне мафійных структур, якія душылі ўсё жывое і творчае. На працягу вельмі кароткага часу пасьля ліквідацыі васальнага рэжыму Януковіча ўкраінцам трэба было арганізаваць новыя дзяржаўныя структуры, наладзіць абарону нацыянальнай тэрыторыі, абараніць сябе. Украінцы дэманструюць патрыятычны, духоўны ўздым у вельмі цяжкіх умовах няроўнай барацьбы з магутным і падступным ворагам.
Для нас украінская драма ня ёсьць тэмай для акадэмічнай дыскусіі. Гэта ёсьць наша тэма, наша вайна. Загіне Україна – загіне й Беларусь. Пераможа ўкраінскі народ – пераможам і мы. Альтэрнатывы гэтаму няма. Таму ў думках кожнага беларуса павінна быць адно – як дапамагчы братам-украінцам, як падтрымаць іх, як абараніцца нам разам ад Імпэрыі Зла, што навалілася з Усходу на нашую эўрапейскую культуру.
Вядома зь якой актыўнасьцю ўзялася за беларускае грамадзтва маскоўская тэлегёбэльсаўшчына. Многія людзі паверылі ў гэтую хлусьню. Таму нашай задачай, задачай усіх партыйных і беспартыйных беларускіх патрыётаў ёсьць праца сярод нашых людзей. Каб растлумачыць кожнаму – Бог на баку Украіны, дапамога ўкраінскаму народу ў ягонай барацьбе ёсьць боскай справай, нашым цывілізацыйным абавязкам. Калі нашых юнакоў і мужчын пачнуць забіраць у войска, каб кінуць у атаку на Украіну, трэба стаць мурам і абараніць нашых сыноў. Не дапусьціць, каб беларускія вайскоўцы былі ўцягнутыя ў вайну супраць украінцаў. Нават калі антыбеларускаму рэжыму ўдасца падмануць беларускіх вайскоўцаў і іх кінуць жывым шчытом перад расейскімі агрэсарамі на Украіну, то ёсьць выйсьце – беларусы павінны пераходзіць на бок украінцаў. Тады трэба паварочваць зброю супраць нашага агульнага ворага – маскоўскага акупанта, супраць ворага чалавецтва. Тады трэба змагацца і перамагаць разам з украінцамі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі аб тым, як хвалююцца сем’і за сваіх сыноў, як пытаюцца ў іх што рабіць. Сябры Сойму мяркуюць, што трэба выразна і адназначна патлумачыць нашым суайчыньнікам, як трэба абараніць ад злачыннай, чужой вайны нашае маладое пакаленьне.
Сойм разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
18 траўня 2014 г.