ШПАЦЫР ПА ЗАМАРОЖАНЫМ МЕНСКУ

9-га траўня адбылася адметная падзея ў беларускім Сеціве. Журналіст Валеры Каліноўскі хадзіў па Менску, размаўляў зь людзьмі на розныя тэмы, а апэратар здымаў на відэа і перадаваў у эфір усе ягоныя размовы і перамяшчэньні ў рэальным часе, паказваючы пэрспэктывы і панарамы горада. Эфэкт прысутнасьці для гледача сапраўды адбыўся. Ніякія відэа-рэпартажы, інтэрв’ю, здымкі схаванай камэрай, відэа-сюжэты, апытанкі і т.п. і блізка не даюць такога адчуваньня тымчасовасьці прасторы, месца і атмасфэры, як гэтае фіксаванае камэрай хаджэньне і гаварэньне ў рэальным часе. Кажу гэта як чалавек, які добра ведае Менск і менчан, бо “схадзіў” яго сотні разоў, днём і ноччу, уздоўж і ўпоперак, гаворачы зь людзьмі, тады, пры саветах, калі я змагаўся за стары горад і яго існаваньне. (Дадам, што ў Траецкім прадмесьці і ў Верхнім горадзе я пабываў у той час у кожнай кватэры і ў кожнай сям’і, ведаў, дзе хто жыве, і там ведалі мяне.)

Дык вось, у гэтым хаджэньні Валеры Каліноўскага я той даўні Менск пазнаў і ўвачавідкі адчуў яго знаёмае дыханьне. Ён не зьмяніўся ні на ёту (толькі замест асфальту на ходніках паклалі бэтонную костку). Дзівосная машына часу. Я зноў у 70-дзесятых, якія тады так залезьлі ўсім нам пад скуру, што хоць крычы. Фантастычна. Тыя ж людзі. Тыя ж піянэры (хлопчыкі і дзяўчынкі) у ваенізаванай форме стаяць каля савецкага “вечнага агню”, ходзяць качыным крокам, зьмяняюць пацешны “каравул”. Тыя ж пэнсіянеркі-бабуленцыі, якія па-руску пераказваюць прапагандысцкім тонам усё, што пачулі і ўбачылі ў тэлевізары, тыя ж добрыя шчырыя беларусы, што азіраюцца на жонак, падбіраюць словы, каб не сказаць лішняга, якія, жывучы пад чужой прапагандай, нічога ніколі толкам ня ведаюць, што робіцца ў сьвеце, тыя ж мілыя дзяўчаткі, якія ведаюць яшчэ менш.

У панарамах відаць, што зьявіліся новыя будынкі. Але лепш бы яны не зьяўляліся. Нейкая азіятчына, бяз густу і архітэктурнай культуры. Вось палац правіцеля, які нагадвае вялікі правінцыйны аўтавакзал у кітайскім стылі. Пра традыцыі беларускай архітэктуры ўвогуле маўчым. Адчуваецца, што ўсё зроблена якраз насуперак традыцыі. Узвышаецца нейкі кічавы гмах у дварах Верхняга горада, дахі храмаў і іншых старажытных помнікаў архітэктуры, дзе павінна быць традыцыйная чырвоная дахоўка, пакрытыя бляхай і пафарбаваныя ў ... мыльна-зялёны колер (гэта ўжо забівае проста напавал).

У 1978-79 гг., калі мы з Валянцінам Собалем пачалі ўпершыню археалагічныя раскопкі Верхняга горада, тады адкрылі падмуркі разбураных расейцамі помнікаў архітэктуры: кляштара і касьцёла Бенедыктынак, рэшткі Менскай ратушы, гандлёвых крамаў, Сьвятадухаўскай царквы, пазьней – Дамініканскага касьцёла і інш. Памятаю, у час раскопак Менскай ратушы я казаў школьнікам, што працавалі на раскопках: “Пройдзе час, і ўсё гэта (і Ратуша, і Сьвятадухаўка, і крамы) адновяць, і вы будзеце жыць у адбудаваным гістарычным Менску”. Парадаксальна, але ў цяперашнім асяроддзі псаваньня і разбурэньня, што назіраецца ў Менску, названыя помнікі архітэктуры якраз і аднавілі. Праўда, ня лепшым чынам, але ўсё ж такі.

Разам з Валеры Каліноўскім і камэрай мы віртуальна праходзім па былой Дамініканскай паўз гэтыя адновы гісторыі, выходзім на плошчу Верхняга горада і тут нас чакае наймацнейшы ўдар. На месцы дома нумар 19/23 на плошчы Свабоды (XVIII-XIX ст.), за які мы ў 70-80-х змагаліся гадамі і перамаглі (узялі пад дзяржаўную ахову і закансэрвавалі будынак), цяпер тут – пустка. Будынак не існуе. Яго зьнесьлі. І плошча зьнікла. Развалілася. Дом закрываў пустую пэрспэктыву і “трымаў” плошчу Свабоды ў гэтай частцы забудовы. Цяпер тут дзіра, адкрытая прастора, адчыненая на пустое месца зьнішчанага ўжо Менскага замчышча, на Татарскія агароды і пойму Сьвіслачы. Тады, у 70-х, нават самы тупы архітэктар разумеў, што зьнесьці гэты будынак – значыць архітэктурна разваліць плошчу. Цяпер, пры прадажным антынацыянальным рэжыме, знайшліся, відаць, стымулы, мацнейшыя, чым тупасьць.

Рэстаўравалі некаторыя каштоўныя будынкі ў цэнтры, але згарманізаванага выгляду плошчы Свабоды ўжо няма. Разбурыўшы дом № 19/23, замкнутую прастору плошчы разламалі, прытым абсалютна без патрэбы. Зрабілі правал. Як гэта ўсё знаёма.

У відэакадрах адчуваецца атмасфэра Менска 70-х гадоў. Бо горад, ягоны дух – гэта перш за ўсё людзі, іхныя паводзіны, інфраструктура грамадзтва. Віртуальна ідучы ўсьлед за журналістам, бачачы ягоных субяседнікаў і панарамы мясьцін, мне цікава было назіраць таксама за фонам відэакадра, за людзьмі ў пэрспэктыве, на другім і трэцім планах. “Дзіўна, міліцыі не відаць”, -- кажа журналіст Каліноўскі (у гэты дзень якраз пачынаўся ў горадзе чэмпіянат сьвету па хакеі). Але на іншых планах відэараду я бачу шмат тыповых фігур у цывільным, якія здаецца усім сваім выглядам хочуць засьведчыць, што яны тут не абы хто, а “мянты” і “гэбэ”. Вось некалькі разоў прамільгнуў у кадры характэрны тыпаж сямідзясятых – сэксот, так званая “наружка”. Назіраю з цікавасьцю, бо па вопыту ведаю, што калі будзе толькі круціцца, -- значыць свабодна ідзеш. Калі падыйдзе правакаваць – заграбуць.

Тыпаж улучыў момант і падышоў да Каліноўскага з правакацыйнымі прэтэнзіямі (ну проста клясычны тып рускага стукача -- глядзеце і запамінайце). Журналіст вельмі акуратна ад тыпа пазбавіўся, магчыма яшчэ не разумеючы, што ягоная песенька сьпета – забяруць.

Але забралі Каліноўскага толькі праз гадзіну-паўтары (тактыка!). Журналіст (як ён сам зразумеў) дапусьціў памылку, зьвярнуўся да “мянта” у цывільным з заўвагай, што каля мэтро, дзе прадажа сьпіртнога забаронена, прадаюць алькаголь. Мент жа разумее, што прадаваць алькаголь “не паложана”, але калі не “абрашчаются”, значыцца і не прадаюць. А тут во, “абрацілся”. “А прайдзёмце ка в машыну”, -- кажуць журналісту. Пад’язджае міліцэйскі цывілізавны “хапунок”. “Ну, во, -- кажа разгублена Каліноўскі, залазячы ў “ментоўку”, -- сам і напрасіўся”. На гэтым – “канец фільма”.

У заключэньне скажу, што трохгадзіннае падарожжа па гістарычна замарожаным Менску атрымалася ў спадара журналіста надзвычай цікавым, і я б параіў яму захаваць гэты відэазапіс надоўга. Яго можна будзе выкарыстоўваць у будучыні як наглядны вучэбны дапаможнік для старэйшых клясаў сярэдняй школы і студэнтаў унівэрсітэта па спэцыяльнасьці “культура і сацыяльная псіхалогія Менска ў час антыбеларускага рэжыму і расейскай унутранай акупацыі”.

10 траўня 2014 г.

Зянон ПАЗЬНЯК