ПРОЙДЗЕНЫ ШЛЯХ — НОВАЯ ПЭРСПЭКТЫВА
(Даклад на Х Зьезьдзе КХП-БНФ і ХІІ Зьезьдзе БНФ “Адраджэньне”)
У палітычнай барацьбе вельмі важна правільна вызначыць асноўныя чыньнікі змаганьня. Да такіх чыньнікаў адносяцца перш за ўсё выразна акрэсьленая мэта змаганьня і шляхі яе дасягненьня.
Наступным чыньнікам ёсьць мабілізацыйная ідэя барацьбы.
Трэцім чыньнікам ёсьць правільная і адэкватная ацэнка гістарычна-палітычных абставінаў, у якіх адбываецца змаганьне і вызначэньне асноўных перашкодаў (ворагаў) на шляху да мэты.
У 1980-я гады асноўнымі ворагамі Беларускай нацыі, свабоды і незалежнасьці былі Масква і КПСС у форме СССР ды мясцовая камуністычная кіруючая намэнклятура (КПБ). Варожым сілам супроцьстаяў Беларускі Народны Фронт і ўсё тое грамадзтва, якое не падтрымлівала камуністаў і КПСС.
Сытуацыя была даволі простай і зразумелай. Захад і ЗША стаялі супраць беларускай незалежнасьці і свабоды. Але гэтая пазыцыя Захаду актыўна не выяўлялася і на вынік змаганьня, практычна, не ўплывала.
Незалежнасьць Беларусі была дасягнута ў 1991 годзе насуперак волі Захаду, Савецкі Саюз быў ліквідаваны. Адметнасьцю сталася тое, што ўся ўлада ў незалежнай Беларусі засталася ў ідэйна прамаскоўскай і палітычна антыбеларускай савецкай намэнклятуры (фактычна, савецкай каляніяльнай адміністрацыі). У сярэдзіне 90-х гэта прывяло да рэстаўрацыі савецкай прамаскоўскай улады (без партыі ўлады) і да стварэньня антыбеларускага аўтарытарнага рэжыму ўнутранай акупацыі.
Ускладнілася як унутранае, так і зьнешняе становішча барацьбы за вольную Беларусь. У беларускіх падзеях пачаў удзельнічаць Захад (Заходняя Эўропа) з сваёй тыповай палітыкай падвойных стандартаў і эгаістычнага прагматызму.
Стратэгічна Заходняя Эўропа паказвае зацікаўленасьць у разьвіцьці незалежнай Беларусі, але тактычна спрыяе зьнішчэньню беларускай нацыянальнай культуры, мовы, перашкаджае разьвіцьцю вызвольных нацыянальна-дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Па ўдзельнай вазе гэтай падвойнай палітыкі Заходняй Эўропы пераважваюць тэндэнцыі, небясьпечныя для нашай нацыі, культуры і свабоды. Нэгатыўныя тэндэнцыі настолькі закасьнелыя, адстояныя і нягнуткія, што выключаюць усялякія ілюзіі і спадзяваньні беларусаў на Заходнюю Эўропу. У змаганьні з антыбеларускім рэжымам і імпэрыялістычнай Масквой беларусы могуць ставіць толькі на самых сябе. Гэта правіла, якое трэба як найхутчэй засвоіць. Тым больш, што ўся наша тысячагадовая гісторыя дачыненьняў з Заходняй Эўропай і Масквой усё тое вымоўна пацьвярджае.
У выніку супольнай дзейнасьці структураў Заходняй Эўропы, нямецкай выведкі (Ганс Вік) і рэжымнага КГБ істотна зьмянілася ўнутраная палітычная раскладка ў Беларусі.
Тактыка Масквы і рэжымнага КГБ у барацьбе зь беларускім адраджэньнем і БНФ была ранейшай, як і за саветамі, — душыць і разбураць, плюс прапаганда ахайваньня ўсяго беларускага. Стаўку рабілі на агентуру і на стварэньне сваіх псэўдапартыяў, арганізацыяў і групаў. Альтэрнатыўная ідэя (акрамя ідэі падтрымкі рэжыму) тут адсутнічала.
Тактыка Эўропы (найперш немцаў) заключалася ў спробе ўкараніць у беларускае грамадзтва новую альтэрнатыўную аб'яднаўчую ідэю — ідэю дэмакратыі, сутнасьцю якой павінны стаць правы чалавека ў інтэрпрэтацыі заходніх лібэралаў. Стаўка рабілася на грошы, на перакуп існуючых дэмпартый і іншых арганізацыяў і групаў, кантралюемых КГБ. Заходняя Эўропа стварала ў Беларусі сваё дэмакратычнае касмапалітычнае лобі і ўсе высілкі накіравала на разбурэньне Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, на зьмену кіраўніцтва і раскол БНФ. Гэтакая дзейнасьць заканамерна прывяла немцаў і іншых пасланьнікаў Эўразьвязу да супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам КГБ.
Як гэта ні дзіўна, але грошы аказаліся настолькі магутнай і эфэктыўнай зброяй супроць маральна неакрэплай беларускай эліты, што разбуральныя пляны эўрапалітыкі неўзабаве рэалізаваліся ў маразматычнай форме. Быў паралізаваны нацыянальна-адраджэнскі рух, расколаты БНФ і скампанавана псэўдаапазыцыя (на дэмакратычнай ідэі і лібэральных псэўдакаштоўнасьцях), якая заняла паліцу Народнага Фронту.
Маразматычнасьць выніку гэтай палітыкі выявілася ў поўнай дэвальвацыі і прафанацыі прапанаванай Захадам дэмакратычнай ідэі. У рэальнасьці галоўнай ідэяй штучнага ўтварэньня стала “халява”, халяўныя грошы Захаду пад любую заказаную адтуль нібыта дэмакратычную дзейнасьць. Утварыўся цэлы пласт, каста халяўшчыкаў, выгадная антыбеларускаму рэжыму, бо яна не нясе ў сабе нацыянальнай палітыкі, выступае пад назвай “апазыцыя” і легітымізуе антынародны рэжым, заганяючы людзей на фальшывыя выбары, якія выбарамі не зьяўляюцца.
Змагаючыся з антыбеларускім рэжымам, беларускі адраджэнскі рух і наша партыя (КХП-БНФ) мусяць улічваць такую падступную палітыку Захаду і імітацыйную дзейнасьць ягонай “апазыцыі”. У паліталагічным сэнсе такая арыентацыя Захаду ў Беларусі і інсьпіраванай ім “апазыцыі” ёсьць поўны палітычны тупік без прасьвету і пэрспэктывы. Бо ў час пагрозы для нацыі, у час антынацыянальнай чужой акупацыйнай палітыкі ніякая ідэя ня можа аб'яднаць нацыю, акрамя НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ідэі. Дэмакратычная ідэя ў такіх абставінах ня можа злучыць нацыю з прычыны сваёй вузкай палітычнай накіраванасьці і ніколі нідзе нікога не аб'яднала. Спачатку ідзе нацыя, а потым дэмакратыя.
Экспарт касмапалітычнай Эўропы ў ідэалёгію беларускай барацьбы аказаўся надзвычай шкодным. Гэта шлях вечнага паражэньня і маргінэсу. Тым больш, што ў эўраінтэграцыі ён выяўляецца як шлях антынацыянальны. Эўрадэмакратыя ў гэтым сэнсе тут ні на шмат адрозьніваецца ад так званай “рускай дэмакратыі”, якая ёсьць эўфемізмам вялікадзяржаўнасьці і сінонімам русіфікацыі.
Такім чынам, пачынаючы з 2000-х гадоў, у беларускай палітыцы зьявілася фальшывае паразітычнае ўтварэньне, сутнасьцю якога зьяўляецца імітацыя палітычнага змаганьня дзеля забесьпячэньня прыватных інтарэсаў. Ідэалёгіяй гэтага ўтварэньня ёсьць палітычная дэмагогія аб дэмакратыі.
За больш чым 13 гадоў існаваньня гэтага лобі яно ўдзельнічала ў шмат якіх палітычных мерапрыемствах, але нідзе ніколі ня мела і не дасягнула ніякага посьпеху, ніякага (нават мінімальнага) пазытыву, ніякай перамогі. Наадварот, усё, да чаго датыкалася гэтая “квазі-апазыцыя”, было разбурана, спрафанавана і цярпела няўдачу.
Прафанацыя і аб'ектыўнае спрыяньне рэжыму ёсьць галоўнай характарыстыкай яе дзейнасьці. Зьява гэтая пагрунтаваная не на ідэі і існуе, пакуль працягваецца заходняе (альбо маскоўскае) яе фінансаваньне.
Псэўдаапазыцыя ёсьць заўважальнай перашкодай у дэмакратычным працэсе і нацыянальнай палітыцы. У змаганьні з рэжымам трэба ўлічваць яе прысутнасьць і ліквідаваць пры першай магчымасьці.
Найбольшая яе шкода ў тым, што непрыяцелі Беларусі зьмясьцілі яе ў нішу палітычнай альтэрнатывы антыбеларускаму рэжыму, у той час, як вікаўская “апазыцыя” такой альтэрнатывай не зьяўляецца па самой сваёй прыродзе, бо не грунтуецца на нацыянальнай ідэі. Усё гэта (падтрыманае блытанай прапагандай у СМІ) заблытвае грамадзтва і электарат насельніцтва. Праект квазі-апазыцыі, распрацаваны нямецкімі і гэбоўскімі прафэсіяналамі, аказаўся адчувальна шкодным для беларускага змаганьня і адраджэньня беларускага народнага антырэжымнага руху.
Зразумела, што ў акупацыйнай сістэме рэжымнай палітыкі, дзе перасьледуецца ўсё беларускае, дзе праводзіцца палітыка этнацыду і нацыянальнага разбурэньня, у сістэме, дзе законы антынацыянальныя і нормы права не выконваюцца, у такой сістэме дзейнасьць беларускай партыі, практычна, паралізаваная.
Стандартныя палітычныя дзеяньні (напрыклад, выбары) у прынцыпе бессэнсоўныя з-за поўнай немагчымасьці іх рэалізацыі з прычыны рэпрэсіўнай рэжымнай палітыкі. Тое ж самае адносіцца і да іншых відаў дзейнасьці.
У антыдэмакратычным антынацыянальным рэжыме ўлады дзейнасьць беларускай партыі мусіць быць скарэктавана на вынік, на ідэю і неабходнасьць. Інакш партыйная праца можа ператварыцца ў сізіфаву працу, вынік якой — нуль, а сілы патрачаны. Што датычыць рэжымных выбараў, напрыклад (дзе нават галасы ня лічаць), то квазі-апазыцыя, прымаючы ўдзел у галасаваньні, якраз такой сізіфавай працай і займаецца. Але тут іншая матывацыя — выкарыстаньне грошай заходняга спонсара, выдзеленых на выбары.
Мы даўно прааналізавалі становішча і прышлі да высновы, што ўдзельнічаць у фальшывых выбарах нельга, галасаваньне трэба байкатаваць, не ствараць рэжыму фармальнай падтрымкі.
Спатрэбілася амаль дзесяць гадоў нашай пасьлядоўнай партыйнай працы, каб у грамадзтве зразумелі тое. Нават пасыўны байкот (непрыход на галасаваньне большай паловы выбаршчыкаў) поўнасьцю агаляе рэальнае становішча і робіць праблематычнай усю сістэму фальсіфікацыяў, адпрацаваную рэжымам. Тут істотна таксама тое, што пры байкоце выбараў фальсіфікацыю немагчыма схаваць ад грамадзтва. Выбаршчыкі ўсё бачаць на ўласныя вочы. Тут і тлумачэньняў ня трэба, людзі самы пераконваюцца ў ашуканцтве. Нелегітымнасьць такіх выбараў бачна няўзброеным вокам. Іх немагчыма прызнаць за нармальныя выбары.
Пачынаючы з так званых “палатачных” выбараў 2008 года, большая палова выбаршчыкаў перастала хадзіць на рэжымныя выбары. Рэжым правіс. Аргумэнтацыя яго стала зусім нікчэмнай. Ужываць рэпрэсіі, запалохваньні людзей і адміністрацыйны загон людзей на галасаваньне станавілася ўсё цяжэй, прапаганда за выбары ў гэтым становішчы была не дзеяздольнай. У выніку рэжым пайшоў на беспрэцэдэнтнае і, фактычна, антыканстытуцыйнае рашэньне — заканадаўча забараніў прапаганду байкоту выбараў, прыраўняўшы выбарчую агітацыю за байкот да злачынства і палітычнага правапарушэньня.
Наступным крокам рэжыму ў абароне фальсіфікацыі і ў барацьбе з байкотам стала ліквідацыя ў выбарчым заканадаўстве мяжы ўдзелу (фрэквэнцыі) выбаршчыкаў у галасаваньні (акрамя выбараў прэзыдэнта).
З папраўкі ў выбарчае заканадаўства рэжыму выразна вынікае, што выбаршчыкі для фальш-машыны непатрэбныя. Выбары цяпер могуць адбыцца і без народа. Дастаткова, каб прагаласаваў адзін чалавек (скажам, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі), і выбары будуць лічыцца законнымі і паўнавартаснымі.
Рэжымныя функцыянеры, відаць, яшчэ не зразумелі, што яны зрабілі небясьпечны для іх крок у дэвальвацыі ўлады і аддзяленьні яе ад народа. Але варыянтаў у рэжыма ўжо не застаецца.
Пастаяннай перашкодай у ажыцьцяўленьні байкоту выбараў увесь час была квазі-апазыцыя. Нават цяпер, калі ўдзел у выбарах неабавязковы, а агітацыя за байкот забаронена, знайшліся традыцыйныя энтузіясты гульні з рэжымам у “дэмакратычныя” выбары.
Прапануючы байкот фальшывых выбараў, мы падкрэсьлівалі, што гэта не аднаразовае дзеяньне няўдзелу ў выбарах, а прынцып палітыкі, накіраванай на аддзяленьне народа ад легітэмізацыі злачыннай рэжымнай улады. Байкот падразумявае актыўнае агітацыйнае дзеяньне з крытыкай рэжыму, плюс нацыянальнае асьветніцтва і стварэньне паралельнага апазыцыйнага да ўлады асяроддзя ўсёй грамадзкай супольнасьці.
Павінна было б стацца такое асяроддзе, якое было б здольнае на падтрымку змаганьня і перамены. Стан грамадзкага нерухомага балота, які падтрымлівае і стварае антыбеларускі рэжым, — гэта вечнае рабства і вечны тупік. Падрыхтоўка актыўнай нацыянальнай супольнасьці грамадзтва ёсьць абавязковай працай для адраджэнскай палітычнай арганізацыі ва ўмовах акупацыйнага этнацыду і нацыянальнага разбурэньня. Без стварэньня такой нацыянальнай асновы немагчымыя ніякія перамены, ніякая рэвалюцыя і ніякія вольныя ідэі ў нявольным грамадзтве.
Нацыянальна-дэмакратычнае асьветніцтва, абарона мовы, зьберажэньне сакральных месцаў нашай культуры стала адным з важных і пастаянных накірункаў у нашых дзеяньнях ва ўмовах цяжкага часу.
Мы знаходзімся ў абставінах, калі, на жаль, не пра ўсё можна казаць і ня ўсе справы называць сваімі імёнамі. Таму я скажу тут толькі пра відавочныя вынікі нашай партыйнай адраджэнскай дзейнасьці ў вобласьці ацэнкі палітычных працэсаў і нацыянальнай ідэалёгіі.
Непрыяцелі Беларусі дзеля апраўданьня сваіх пазыцыяў ствараюць і тыражыюць свае канцэпцыі палітычных падзеяў, ацэнак дзеяньняў і гісторыі. Тыражуемую хлусьню нельга недаацэньваць. Яна ўплывае на сьведамасьць людзей. Чалавек губляе арыентацыю ў палітыцы і падзеях, папросту сьлепне, схільны на неадэкватныя паводзіны і амбівалентныя меркаваньні, не заўважаючы, што становіцца прадуктам інфармацыйнага зацямненьня і палітычнай маніпуляцыі. Рэжымныя і так званыя “дэмакратычныя” СМІ спрыяюць дэзарыентацыі сьвядомасьці. І тым ня менш мы бачым вынікі нашай працы і сілу нашай праўды. Цяперашні перадавы беларускі сьвет (і ня толькі у Беларусі, але і за мяжой) апэруе нашымі ацэначнымі катэгорыямі, распрацоўкамі і аналітыкай сучасных палітычных працэсаў і падзей. Гэта надзвычай важны аспэкт барацьбы. Грамадзтва атрымлівае компас, па якім можа вызначыць сваё становішча і рухацца да мэты.
Усьведамленьне праўды людзьмі ідзе, на жаль, зь вялікім спазьненьнем па прычыне заганных стэрэатыпаў сьвядомасьці, выхаваных пэрманэнтнай інфармацыйнай хлусьнёй, але, урэшце праўду ўспрымаюць, бо яна пацьвярджаецца практыкай.
Акрамя ўсьведамленьня канцэпцыіі байкоту, надзвычай важным для нашага саветызаванага грамадзяніна было зразуменьне расейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, пазыцыі рускага імпэрыялізму і яго небясьпекі. Гэтую нязьменна актуальную тэму мы востра паднялі яшчэ ў 90-х гадах і тлумачылі ўвесь час. Цяпер разбуральную агрэсіўную ролю Расеі і рускага імпэрыялізму разумее ўжо, фактычна, бальшыня беларусаў. Рэчаіснасьць усё пацьвердзіла. Іншым людзям цяпер было б можа нават цяжка паверыць, што тады нават сьведамыя, адукаваныя вядомыя асобы ўпадалі ў гістэрыку, не пагаджаючыся і не разумеючы відавочнай (і, дарэчы, пэрманэнтна гістарычнай) небясьпекі з боку Расеі. Час (удакладняю: страчаны час) усё расставіў на месца. Але тады, у 90-х, на ініцыятара інфармацыі аб гэтай праўдзе рэжым намэнклятуры ўзбудзіў дзьве крымінальныя справы за крытыку рускай палітыкі. Адна з гэтых справаў (што ўжо выглядае камічна) трывае па сёньняшні дзень.
У канцы 90-х (пачатку афармленьня нашай народнай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ) намі была скрупулёзна прааналізавана палітыка антыбеларускага рэжыму як палітыка ўнутранай акупацыі краіны з кантрольнай функцыяй Масквы. Цяпер ацэначная катэгорыя рэжыму ўнутранай акупацыі, прапанаваная нашай партыяй, стала агульным месцам у разважаньнях палітыкаў, прыхільных да беларускай справы. Больш таго, азначэньнем антынароднага прамаскоўскага рэжыму тэрмінам “унутраная акупацыя” карыстаюцца ў іншых краінах, дзе існуе падобны рэжым улады (скажам, украінскія паўстанцы на Майдане і, як ні дзіўна, нават некаторыя публіцысты ў дачыненьні да пуцінскай Расеі).
Тое ж самае адносіцца да разуменьня тэрміну “гэбізм” у дачыненьні да сацыяльна-палітычнай сістэмы цяперашняй улады ў Беларусі і Расеі. Расейцы перанялі ад нас гэты тэрмін, аналіз і азначэньне сістэмы і называюць яе па-свойму: “чэкізм”.
Вельмі важнай зьяўляецца тэарэтычная роля нашай партыі ў ацэнцы геапалітычных дачыненьняў Беларусі з Заходняй Эўропай, а таксама наша ацэнка і пазыцыя ў дачыненьні да эўрапейскай дэмакратыі, да левалібэральнага крызісу эўрадэмакратыі, яе палітыкі падвойных стандартаў і ў цэлым вызначэньня падвойнай ролі Эўропы (салідарнай і нацыянальна разбуральнай) у дачыненьні да Беларусі. Наша праца спрыяла таму, што шмат якія беларусы зьнялі праэўрапэйскія ружовыя акуляры і сталі рэальна глядзець на рэчы і дачыненьні. Наш дэвіз: “Сваё будуем самы”. Тым больш, што дэмакратычная традыцыя ў нас старэйшая, чым ў Заходняй Эўропе.
Важным аспэктам у нашай палітыцы зьяўляецца дакладнае раскрыцьцё новай нямецка-гэбісцкай тэхналёгіі “падстаўной апазыцыі”. Гэта дало магчымасьць правільна ацэньваць палітычную рэчаіснасьць і пазьбегнуць памылак. Паступова сутнасьць гэтай шкоднай тэхналёгіі становіцца зразумелай шырэйшым пластам актыўных людзей, якія ўжо самы здольныя пазьбягаць дэзынфармацыі і рэальна арыентавацца ў абставінах.
Ня буду далей пералічваць усе ідэалягічна-палітычныя пытаньні, распрацаваныя нашай партыяй, зьвярну толькі ўвагу на іхную важнасьць і відавочную выніковасьць, бо яны заснаваныя на праўдзе і адпаведнасьці.
Адной з грунтоўных пляцовак дзейнасьці Партыі ва ўмовах бяспраўя і антыкультурнай палітыкі ёсьць якраз зьберажэньне гістарычнай культуры, сакральных датаў і месцаў нацыянальнай гісторыі. Перш за ўсё, месцаў памяці герояў і расейска-бальшавіцкага генацыду. Тут найважнейшым ёсьць Народны Мэмарыял Курапаты.
У 2011-12 гадах тут, у Курапатах, Партыя зноў узяла на сябе асноўную працу па адбіцьці чарговай канторска-варожай атакі на Народны Мэмарыял. У межах рэжыму была створана цэлая група правакатараў, якая імкнулася фальсіфікацыйнымі дзеяньнямі і мерапрыемствамі пасеяць спробу пераасэнсаваньня сакральнай сутнасьці Курапатаў. На гэты раз (поўнасьцю праваліўшыся) адчапіліся ад габрэяў і сталі ўжо казаць, што ў Курапатах пахаваныя польскія афіцэры.
Спрабавалі нават нейкі савецкі знак там паставіць на сьвятой зямлі. Вельмі маштабна была задумана правакацыя з прыцягненьнем прадажных журналістаў, псэўдаапазыцыі, запісных стукачоў і дыпляматычнага корпусу. Тым ня менш, афёра правалілася, як і шмат што, якое заснаванае на хлусьні.
У гэты ж час у ахоўнай зоне Курапатаў ашуканцкім шляхам маскоўцы пачалі будаваць рэстаран з закамуфляваным бардэлем. Спатрэбілася вельмі шмат працы і высілкаў нашай Партыі, каб гэтую авантуру затармазіць. Афёра з рэстаранам у ахоўнай зоне курапацкіх магіл аказалася настолькі непад'ёмнай для рэжымных уладаў, што наводзіць нас на думку аб спэцзадуме гэтай будоўлі і аб магчымай карупцыі, якая хаваецца за такім будаўніцтвам.
У мінулым годзе наша партыйная Курапацкая камісія ўзмацніла азнакаваньне Курапатаў, укапаўшы па пэрымэтру Курапацкага лесу пяць вялікіх камянёў з тэкстамі і паставіўшы пяць вялікіх жалезных крыжоў.
Мэмарыяльная дзейнасьць вядзецца таксама ў Столінскім, Пінскім, Ігуменскім, Слуцкім, Віцебскім і іншых раёнах краіны. У мінулым годзе запачаткаваная вельмі важная праграма “Глядзім у будучыню” (аўтар Сяргей Папкоў) аб адраджэньні і захаваньні беларускай моўнай адукацыі.
Да гэтай жа дзейнасьці Партыі трэба залічыць арганізацыю і адзначэньне на грамадзкім узроўні важных гістарычных дат, юбілеяў і сьвятаў, у тым ліку 20-годдзе Незалежнасьці Беларусі, 25-годдзе стварэньня БНФ, 25-годдзе адкрыцьця Курапатаў і інш.
За справаздачны пэрыяд маладымі прыхільнікамі Партыі была створана і пачала функцыянаваць маладзёвая старонка патрыятычнай моладзі “Народная Перамога”. Гэта ёсьць вынік станоўчага партыйнага ўплыву. Беларуская прысутнасьць у Інтэрнэце павінна пашырацца.
З свайго боку я таксама за гэты час аддаваў шмат увагі Інтэрнэту. У прыватнасьці, падтрымліваў зьяўленьне новага беларускага рэсурсу “Інтэрпаліт — Адраджэньне”, пабудаванага па прынцыпе сацыяльна-палітычнай сеткі, задача якога зьбіраць беларускіх адраджэнцаў, фармаваць нацыянальную эліту і распаўсюджваць беларускую інфармацыю.
За пэрыяд са жніўня 2011 года мной выдадзены тры вялікія кніжкі (у тым ліку “Сэсія Незалежнасьці” са стэнаграмай нечарговай 5-й Сэсіі Вярхоўнага Савета). Выдадзены яшчэ дзьве брашуры і два часопісы “Беларускія Ведамасьці”.
Мушу адзначыць, што ўся патрыятычная праца, пра якую я тут пішу, вядзецца ў вельмі цяжкіх умовах. Але ўся Беларусь пастаўлена цяпер у цяжкія ўмовы.
Дамоклавым мячом вісіць над нацыяй праблема Чарнобыля. Цяпер гэтае пытаньне злавесна ўскладнілася ў сувязі з чарговай разбуральнай задумай Масквы пабудаваць у Беларусі (каля Астраўца) рукамі беларусаў, за зьвязваючы расейскі крэдыт новую АЭС па расейскай тэхналёгіі (якая нідзе не была рэалізавана), прытым паскоранымі тэмпамі без праекта, без экспэртызы і без адпаведных дазвольных дакумантаў з абавязковай прывязкай у будучыні да расейскай сыравіны і акрамя таго на геалагічным разломе ў самай сэйсмічнай зоне Беларусі. Што б тут ні плянавала мафія, што б цяпер ні казалі, але выглядае, што тут сьведама задумана і рыхтуецца фізічная сьмерць беларускай нацыі на фоне наперад аплочанай катастрофы. Усе пратэстныя акцыі супраць пабудовы астравецкай атамнай труны, ўсе спробы абараніцца натыкаюцца на рэпрэсіі, бяспраўе, цынічную сваволю ўлады і яе агентуры ў грамадзтве. Шырокі антыатамны рух так і не ўтварыўся. Мяркую, што наша задача — спрыяць утварэньню такога антыядзернага руху.
Цяпер набліжаецца час, калі палітычныя ўмовы мусяць зьмяніцца. Добрым прыкладам для Беларусі стала рэвалюцыя ва Ўкраіне. Зразумела, што ў нас рэвалюцыйныя падзеі будуць разгортвацца па-іншаму. Ніякая сіла не ўратуе антыбеларускі рэжым. Да рэвалюцыі трэба сур'ёзна рыхтавацца. Адлік часу пачаўся.
Гэбоўскі спрут, які распаўсюдзіў свае шчупальцы на ўсю Усходнюю Эўропу, атрымаў ва Украіне моцны і нечаканы ўдар. Гэты ўдар рэальна пагражаў далейшаму існаваньню ўлады імпэрскага страшыдла, бо стымуляваў бы вызвольныя рухі ў Расеі (асабліва на Каўказе) і псіхалагічна аслабіў бы яе моц у геапалітычнай пэрспэктыве. Ардынскія агрэсіўныя паводзіны Масквы ў такой сытуацыі можна было лёгка спрагназаваць і прадбачыць.
23-га студзеня я пісаў у сваім звароце “Слава Украіне”, што ёсьць толькі два варыянты для ўкраінскай рэвалюцыі: альбо мірная абарона Майдану і вынікаючы зь яе разгром супраціву народа, ці другі варыянт — наступальная перамога, якая выкліча агрэсію Масквы і вайну з крамлёўскай Расеяй (у якой украінцы мусяць абаперціся найперш на самых сябе). Крамлёўская акупацыя Украіны тут была відавочнай. На жаль, украінцы ня здолелі тое ні прадбачыць, ні прыслухацца, ні падрыхтавацца. Напад на Украіну і акупацыя Крыма застала ўкраінцаў цалкам не гатовымі да вайны, а ўвесь пагрузлы ў ілюзіях дэмакратычны сьвет быў засьпеты ўрасплох. На Вялікай рускай раўніне на віду ўсяго самазаспакоенага сьвету, як атрутны грыб вырас звычайны імпэрскі нацыянал-фашызм, які абапіраецца на гэбісцкую ўладу, псіхапатычнае грамадзтва і збочаны да непазнавальнасьці праваслаўны фундамэнталізм.
Тут ізноў мушу зьвярнуць увагу сяброў Зьезду, што да дакладнасьці нашага партыйнага аналізу і разуменьня палітычнага становішча. Цягам двух апошніх гадоў на нашых Інтэрнэт-старонках неаднаразова зьяўляліся матэрыялы аб падрыхтоўцы Расеі да вайны. У Партыі бачылі і добра разумелі сутнасьць пуцінскай палітыкі.
Цяпер вайна ўжо даўно точыцца, паўзе па тыповым гэбісцка-расейскім сцэнары з выкарыстаньнем спэцслужбаў, дыверсантаў, пятай калёны і шалёнай татальнай дэзінфармацыі насельніцтва, якая дае плады найперш у Расеі і Беларусі. Нічога нельга параўнаць з рускай хлусьнёй. Гэта зьява сапраўды сатанінская з разбуральным грамадзкім вынікам.
Тэхналёгія гэтай вайны распрацавана гэбістамі спэцыяльна для так званых “брацкіх народаў”. Гэта значыць для тых, дзе ўдалося ўкараніць рускую мову. Укараненьне рускай мовы ў іншыя краіны зьяўляецца ў гэтым выпадку гэбоўскай падрыхтоўкай, ваеннай стратэгіяй, якая дае магчымасьці потым выкарыстоўваць пераапранутых вайсковых дыверсантаў, засылаць масы рускіх гопнікаў, разьведчыкаў і крымінальнікаў пад выглядам мясцовых сэпаратыстаў, пратэстоўцаў, фэдэралістаў і т. п., паколькі ня будзе фармальнага моўнага адрозьненьня ад мясцовага насельніцтва краіны на якую напалі. Скажам для Польшчы, Венгрыі ці Румыніі такі сцэнар ўжо не падыходзіць. Рускую мову там укараніць не ўдалося, чужых адразу бачна. Тым часам для Латвіі такі план унутраннага захопу цалкам верагодны. (Дарэчы, ў Прыбалтыцы гэта разумеюць, але для эўратупіц тут вышэйшая матэматыка не для зразуменьня.) Агрэсіўная вайсковая тэхналёгія “брацкай дружбы” вынікае і карэлюецца з класічнай фашысцкай ідэалёгіяй “русскій мір”, распрацаванай гэбоўска-праваслаўнымі стратэгамі агрэсіі.
Канцовая мэта пуцінскай антыўкраінскай вайны — зьнішчыць дзяржаўнасьць Украіны. Потым (калі б Крамлю ўдалося ліквідаваць Украіну) узьнікнуць іншыя войны, і перш за ўсё — супраць Беларусі (дзе шмат што ўжо падрыхтавана — заслана маса агентуры, ліквідавана мяжа з Расеяй, укарэнена руская мова ў мясцовае насельніцтва і інш).
Пасьля расейскага нападу на Украіну становішча ў сьвеце кардынальна перамянілася. Міжнародныя пагадненьні, дамовы, гарантыі ўжо нічога ня значаць. Той, пасьляваенны, з цяжкасьцю выбудаваны сьвет спакою і міру, непарушнасьць межаў і міжнародная салідарнасьць больш не існуюць. Расея зьнішчыла гэты крохкі парадак. Сьвет вяртаецца ў 30-я гады мінулага стагоддзя і не дае веры, ня можа яшчэ гэтага сабе ўсьвядоміць.
Каб захаваць сваю краіну і нацыянальнае быцьцё, беларусы павінны рыхтавацца да вайны сур'ёзна, нястомна і пасьлядоўна. Неабходна зрабіць разумныя высновы з ваенных дзеяньняў ва Украіне і быць гатовым да барацьбы з ворагам жорсткім, подлым і падступным. Беларусам трэба ўсьведамляць: пакуль існуе маскоўская гэбісцкая імпэрыя, збавіцца ад антынароднага рэжыму ў Беларусі будзе ня проста.
Цяпер імпэрыя ўступае на дарогу да свайго канца. У інтарэсах усяго чалавецтва трэба яго прысьпешыць. Краіна-агрэсар, краіна-падпальшчыца войнаў між народамі і на ўсёй плянэце павінна нарэшце зьнікнуць з мапы Зямлі, каб людзі на ўсім сьвеце ўздыхнулі свабодна (у тым ліку і на абшарах Расеі).
Самае небясьпечнае, што адбылося ў гэтай узброенай атамнай зброяй краіне (як ўжо адзначана), гэта перараджэньне савецкага сацыял-фашызму (сацыялізму) у традыцыйны імпэрскі нацыянал-фашызм з ідэалягічнай роляй рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), якая ўведзена пуцінскай уладай ў ранг дзяржаўнай структуры. Спалучэньне гэбізму, праваслаўя і імпэрскага нацыянал-фашызму — вельмі злавесная камбінацыя ў такой агрэсыўнай краіне, як Расея.
Сымптаматычна, што дэмагагічная прапаганда “русского мира”, ужытая маскоўцамі супраць украінцаў, пачала бумерангам вяртацца ў імпэрыю на рэальнай аснове. Маецца на ўвазе спробы вярнуць беларускую Смаленшчыну ў Беларусь. Праўда, матывацыя смаленскіх людзей толькі сацыяльнага кшталту. Адміністрацыя ў Смаленскай вобласьці пастаралася спрафанаваць яе да абсурду. Але пройдзе час, і смаляне, і бранскія беларусы ўспомняць, што яны ёсьць беларусы аж да Вязьмы і што мова іхняя карэнная — беларуская. Пры немінучым краху фашысцкай Расеі ўвесь акупаваны масквой беларускі ўсход узьяднаецца, нарэшце, са спрадвечнай роднай Літвой-Беларусяй. І гэта будзе. Масква яшчэ ў 1937 годзе павінна была вярнуць нам нашы акупаваныя смаленскія землі. Беларусы гэта памятаюць і ніколі не забываюць.
Тым часам небясьпека, якая навісла над Украінай, вайна ўкраінцаў за сваю дзяржаву і свабоду павінна ўспрымацца беларусамі таксама як пачатак нашай вайны з Расеяй, бо зразумелы яе працяг супраць Беларусі. Беларусы павінны падтрымліваць украінцаў у іх змаганьні і дапамагаць у барацьбе.
Нельга дапусьціць, каб антыбеларускі рэжым уцягнуў нашае войска на баку Расеі ў вайну супроць братоў-украінцаў. Гэтаму трэба супрацьдзейнічаць усімі сіламі грамадзтва. У выпадку, калі здраднік Беларусі і расейцы прымусяць беларускіх вайскоўцаў ступіць на Украіну, беларуская зброя павінна быць павернута супраць рускіх агрэсараў. Беларусы павінны змагацца разам з украінцамі супраць рускага фашызма. Крах рускага фашызму непазьбежны, і зь ім абваліцца антыбеларускі рэжым.
Агрэсія Расеі супраць Беларусі верагодная. Цяпер агентура і розныя апазыцыйныя цітушкі пачынаюць ўжо нясьмелы лямант за яднаньне беларусаў вакол вырадка народа. Плянуюць нават супольны “марш” з рэжымам па праспэкту Скарыны да плошчы Незалежнасьці. Тым часам гісторыя і практыка змаганьня паказала, што вырадкаў і здраднікаў нацыі трэба біць і зьнішчаць разам з агрэсарам. Прытым вырадкаў і здраднікаў, як паказвае гістарычны вопыт нашых паўстаньняў, зьнішчалі першымі.
Пасьля палітычных зьмен беларусы, гэтак жа як і ўкраінцы, павінны будуць адразу вярнуць дзеяньне Канстытуцыі 1994 года, арыштаваць злачынца і аддаць яго пад суд. Рэформы павінны будуць пачацца адразу. Будуць зьнятыя зь людзей і бізнэсаў бязглуздыя падаткі і абмежаваньні, ліквідаванае антынароднае заканадаўства, КГБ і ўсе антыканстытуцыйныя рэпрэсіўныя структуры, створаныя рэжымам. Пра першачарговыя дзеяньні па аднаўленьні нармальнасьці ў краіне мы ўжо добра ведаем, ня раз пра гэта пісалі і казалі. Самае галоўнае толькі — расчысьціць дарогу і ступіць на гэты неабходны і добры шлях.
27 красавіка 2014 г, Менск
Зянон ПАЗЬНЯК