ЗЬЕЗД НАРОДНАЙ ПАРТЫІ
27 красавіка 2014 г. у Менску адбыўся чарговы ХІІ Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Х Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. На Зьездзе сабраліся 124 дэлегаты і шэраг гасьцей з розных рэгіёнаў нашай краіны. Грамада распачала паседжаньне сьпяваньнем Беларускага Гімна “Магутны Божа”. Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Пройдзены шлях — новая пэрспэктыва” (публікуецца). Сойм апладысмэнтамі павіншаваў сп. Зянона Пазьняка з днём народзінаў.
З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і сп. Дзімітры Якаўцаў, сябра Сойму Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра пераломны момант у гісторыі Беларусі і ўсяго нашага рэгіёну Эўропы. Беларусы не павінны разгубіцца ў новых гістарычных абставінах і зрабіць слушны выбар з цяперашняй альтэрнатывы — быць у палоне варварскай і адсталай Расеі або быць вольнай і дэмакратычнай краінай эўрапейскай цывілізацыі. Галоўнае ў гэтым выбары — духоўныя каштоўнасьці: родная мова, культура, традыцыя, цывілізацыя, што ўтворана многімі пакаленьнямі беларускай нацыі. Падзеі дэманструюць простую ісьціну, аб якой ўвесь час казала наша Партыя: у каго вораг забярэ мову, у таго забярэ й маёмасьць. Забярэ ўсё: душу, зямлю, дзяцей, будучыню. Мы не павінны адчайвацца ва ўмовах гэтага выбару. Мы на сваёй зямлі, мы тут гаспадары, а не чужая і дзікая імпэрыя, якая зьнішчае свой уласны народ, разбурае культурныя каштоўнасьці на сваёй тэрыторыі. Такога “гаспадара” нельга пускаць на сваю зямлю. Што можа даць нам Масква? Высокую культуру? Не! Руская папса і брудная лексіка — іхны дар народам. Высокія тэхналогіі? Не! Расея адстае ад цывілізаванага сьвету. Свабоду і справядлівасьць? Не! Бо Расея — гэта царства агрэсіўнага гэбізма.
Супраць нашага народу вядзецца лютая інфармацыйная вайна на зьнішчэньне. Наш абавязак — даносіць да людзей праўду пра падзеі ва Украіне, на нашай тэрыторыі, праўду пра нашыя нацыянальныя інтарэсы, якія не супадаюць з інтарэсамі імпэрскай Масквы. Настаў час, калі над Беларусьсю навісла пагроза вайны, вайны за чужыя інтарэсы. Трэба тлумачыць беларускім вайскоўцам, усяму нашаму грамадзтву, што нельга дапусьціць, каб Масква кінула нашу армію на штурм Украіны. Ад такой ганьбы нам доўга прыйдзецца выбаўляцца. Задача нашых узброеных сілаў і ўсяе нацыі — абараніць сваю дзяржаву ад ворага, які наступае з Усходу. А пасьля перамогі над ім будаваць разам з суседнімі дэмакратычнымі дзяржавамі нармальнае добрасуседскае жыцьцё ў нашым рэгіёне.
Зьезд абраў сп. Зянона Пазьняка Старшынём Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Пратыі — БНФ. Сп. Юры Беленькі і сп. Сяргей Папкоў былі абраныя намесьнікамі Старшыні. Дэлегаты абралі таксама новы склад Сойму з 33 асобаў.
Былі абмеркаваныя і прынятыя наступныя дакуманты:
Зварот “Абаронцы Беларусі, не ваюйце супраць украінцаў!”,
Заява “Аб развале беларускай эканомікі прамаскоўскім рэжымам”,
Рэзалюцыя “Падтрымліваем вольную Украіну”
Рэалюцыя “Аб рэвалюцыі на Украіне”,
Заява “Будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі — найвялікшае злачынства супраць беларускага народу”,
Заява “Мова — зброя незалежнасьці” (публікуюцца).
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
27 красавіка 2014 г.