МОВА — ЗБРОЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

(заява)

Нацыянальная мова ёсьць падмурак нацыі, культуры і свабоды, галоўная каштоўнасьць нацыі, аснова аптымальнага разьвіцьця чалавека. Мова — гэта нацыя. Нідзе ніхто не ставіць пад сумненьне гэтую засьведчаную жыцьцём і гісторыяй праўду. Нідзе акрамя Расеі — несвабоднай краіны, якая існуе ў форме імпэрскай сьвядомасьці і карпаратыўнай аўтарытарнасьці. Палітыка Расеі ў моўным пытаньні — гэта моўная русіфікацыя залежных народаў, непрызнаньне, зьневажэньне і вынішчэньне ўсіх астатніх моваў акрамя рускай.

Расейская агрэсія супраць Украіны, пад выдуманай прычынай заступніцтва за рускамоўных, высьветліла для ўсіх людзей, што русіфікацыя і вытоптваньне нярускіх моваў — гэта ёсьць стварэньне ўмоваў для нападу і акупацыі іншай краіны.

Цяпер мы наглядна бачым, што беларуская мова і свабода ўзаемазьвязаныя. Злачынства супраць беларускай мовы — гэта злачынства супраць чалавека і незалежнасьці Беларусі. Беларуская мова — гэта наша першасная зброя супраць расейскай акупацыі, агрэсіі і крымінальшчыны.

Беражэм нашу Беларускую Мову. Аддавайма дзяцей у беларускія школы. Патрабуем вяртаньня беларускай школы, беларускага ўнівэрсітэта, беларускага радыё і тэлебачаньня на беларускай мове. Шануйма і любем нашу родную вялікую Беларускую Мову.

( Х Зьезд КХП-БНФ і ХІІ Зьезд БНФ “Адраджэньне”)

г. Менск, 27 красавіка 2014 г.