СПЫНІЦЬ ГЕНАЦЫД БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ МОЖА ТОЛЬКІ ЗЬМЕНА ПАЛІТЫЧНАЙ УЛАДЫ Ў КРАІНЕ
(Заява)
Апошнім часам беларускае грамадзтва моцна ўзрушылі трагічныя выпадкі сярод дзяцей і моладзі зьвязаныя з ўжываньнем сынтэтычных наркотыкаў кшталту “спайс” і “марачкі”. Вядома, што атрута, якая забірае жыцьці і здароўе малодага пакаленьня, ідзе патокам з тэрыторыі Расеі, краіны, зь якой прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі скасаваў мытны і памежны кантроль. У той жа час ня чутно пра дзейсныя меры з боку рэжыма па ўсталяваньні кантролю на беларуска-расейскай мяжы, ці пра судовыя працэсы над гандлярымі наркотыкамі і наркабаронамі.
Але трагедыя, якую перажываюць беларусы, палягае ня толькі ў тым, што ідзе наркатычная навала з усходу. Прамаскоўскі рэжым ужо 20 гадоў сыстэмна і пасьлядоўна вядзе палітыку генацыду супраць беларусаў. Вырошчваецца сельскагаспадарчая прадукцыя на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, у выніку спажываньня людзьмі атручаных прадуктаў катастрафічна павялічваецца колькасьць анкалагічных захворваньняў, людзі паміраюць, нішчыцца генафонд народу. Вялізарных памераў набыла алкагалізацыя насельніцтва. Спажываньне алкаголю ў пераліку на чысты сьпірт вырасла, з разьліку на аднаго чалавека, амаль у два разы — з 8 літраў у 1994 годзе да 15 літраў у 2013 годзе. Ідзе разбурэньне эканомікі краіны, вынішчэньне нацыянальных каштоўнасьцяў — маралі, мовы, культуры.
Нягледзячы на відавочную палітыку чужога рэжыма накіраваную на вынішчэньне нацыі, бальшыня беларусаў не гатовая псыхалагічна прыняць ісьціну, што палітыка вынішчэньня праводзіцца сьведама. У гэтай сувязі мы зьвяртаем увагу на тыя факты, што сталі вядомыя пасьля падзеньня прамаскоўскага рэжыму Януковіча ва Ўкраіне. Згаданы рэжым сьведама, па непасрэдных указаньнях Масквы, разбураў нацыянальную бясьпеку, узброеныя сілы, эканоміку, нацыянальную тоеснасьць украінцаў. Маштабы падрыўной работы Масквы супраць украінцаў уражваюць. Калі ў 1930-я гады Масква вынішчала беларусаў і украінцаў у шматлікіх курапатах і галадаморам, то цяпер палітыка вынішчэньня вядзецца праз наркалізацыю, алкагалізацыю, чарнобыльскую атруту; поўнамасштабна ўжываецца інфармацыйная зброя.
Мы зьвяртаем увагу беларусаў на тое, што вырашэньне пытаньня жыцьця і здароўя нацыі сёньня палягае ў палітычным рэчышчы — толькі свая, уласна беларуская ўлада, можа даць беларускаму народу пэрспэктыву здаровага і заможнага жыцьця. Зьмена чужога, варожага беларусам палітычнага рэжыму на сваю беларускую ўладу сёньня ёсьць галоўнай задачай беларускага народу.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
13 красавіка 2014 г. Менск